47660.fb2 Маленькi прынц - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

Маленькi прынц - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

ХХII

- Добры дзень, - павiтаўся Маленькi прынц.

- Добры дзень, - азваўся стрэлачнiк.

- Што ты тут робiш? - спытаў Маленькi прынц.

- Сартырую падарожнiкаў, - адказаў стрэлачнiк. - Адпраўляю iх у цягнiках, аж па тысячы чалавек запар - адзiн цягнiк направа, другi - налева.

I мiма з перуновым грукатам, ад якога задрыжала кабiна стрэлачнiка, увесь у агнях пранёсся хуткi цягнiк.

- Як яны спяшаюцца! - заўважыў Маленькi прынц. - Чаго яны шукаюць?

- Нават сам машынiст таго не ведае, - адказаў стрэлачнiк.

I ў другi бок, увесь у агнях, прагрукатаў яшчэ адзiн хуткi цягнiк.

- Яны ўжо вярнулiся? - зацiкавiўся Маленькi прынц.

- Не, гэта iншыя людзi, - растлумачыў стрэлачнiк. - Гэта сустрэчны цягнiк.

- Гэтым людзям кепска там, дзе яны былi дагэтуль?

- Там добра, дзе нас няма, - адказаў стрэлачнiк.

I перуном прагрукатаў трэцi хуткi цягнiк.

- Яны гоняцца за першымi падарожнiкамi? - спытаў Маленькi прынц.

- Ды не, - адказаў стрэлачнiк. - Яны там спяць цi проста сядзяць ды пазяхаюць. Адны дзецi не адарвуць насоў ад шыбаў.

- Адны дзецi ведаюць, чаго яны шукаюць, - прамовiў Маленькi прынц. - Яны ўсе свае днi аддаюць палатнянай ляльцы, i яна робiцца iм дарагой-дарагой, i калi яе адбiраюць, яны плачуць...

- Iх шчасце, - сказаў стрэлачнiк.