47660.fb2
- Людзi ўплiшчваюцца ў хуткiя цягнiкi, але яны i самi не разумеюць, чаго шукаюць, - сказаў Маленькi прынц. - I апаноўвае людзей трывога, i пачынаюць яны кiдацца то ў адзiн, то ў другi бок...
Маленькi прынц памаўчаў, потым дадаў:
- I ўсё дарэмна...
Калодзеж, да якога мы дайшлi, не быў падобны на сахарскiя калодзежы. Сахарскiя калодзежы - гэта звычайныя ямкi, выкапаныя ў пяску. Гэты ж нагадваў сама сапраўдны вясковы калодзеж. Але нiдзе паблiзу не было нiводнай вёсачкi, i я падумаў, што трызню.
- Як дзiўна, - сказаў я Маленькаму прынцу, - тут усё прыгатавана: i калаўрот, i вядро, i вяроўка...
Ён засмяяўся, узяў вяроўку, пачаў раскручваць калаўрот. I калаўрот зарыпеў, нiбы стары флюгер, якi доўга ржавеў у бязветры.
- Чуеш? - сказаў Маленькi прынц. - Мы разбудзiлi калодзеж, i ён заспяваў...
Я не хацеў, каб ён высiльваўся:
- Дай сюды, я сам. Гэта зацяжка для цябе.
Я павольна падцягнуў поўнае вядро да краю калодзежа. Трывала паставiў яго на зрубе. У вушах усё яшчэ звiнела песня калаўрота, на яшчэ не супакоенай вадзе трымцела сонца.
- Мне хочацца глынуць гэтай вады, - сказаў Маленькi прынц, - дай папiць...
I я зразумеў, чаго ён шукаў!
Я паднёс вядро да яго вуснаў. Ён заплюшчыў вочы i пачаў пiць. Было так хораша, нiбы ў свята. Гэтая вада была не проста спажыўны прадукт, гэта было нешта куды большае. Яна нарадзiлася з хадзьбы пад зоркамi, з песнi калаўрота, з намаганняў маiх рук. Яна была прыемнай сэрцу, нiбы падарунак. Нiбы навагоднi падарунак, якi я атрымлiваў у маленстве пад зiхаценне елкi, пад арганную музыку паўночнай iмшы, пад пяшчоту ўсмешак.
- На тваёй планеце, - сказаў Маленькi прынц, - людзi вырошчваюць пяць тысяч ружаў у адным толькi садзе... I не знаходзяць таго, чаго шукаюць...
- Не знаходзяць... - згадзiўся я.
- А тое, што яны шукаюць, можна знансцi ў адной толькi ружы, - альбо ў глытку вады...
- Безумоўна, - згадзiўся я.
А Маленькi прынц дадаў:
- Вочы сляпыя. Шукаць трэба сэрцам.
Я напiўся. Мне лёгка дыхалася. Пясок на дасвеццi адлiваў мёдам. I гэты мядовы колер таксама напаўняў мяне шчасцем. Чаго б мне было гараваць?
- Ты павiнен стрымаць сваё абяцанне, - мякка нагадаў Маленькi прынц, якi зноў усеўся поруч са мной.
- Якое абяцанне?
- Памятаеш... напыснiчак майму баранчыку... Я ж у адказе за сваю кветку!
Я дастаў з кiшэнi накiды малюнкаў. Маленькi прынц глянуў на iх i засмяяўся:
- Твае баабабы трошкi падобныя на капусту...
- Ну вось!..
А я так ганарыўся сваiмi баабабамi!
- А якiя вушы ў тваёй лiсiцы... Як рогi... Ды якiя доўгiя!..
I ён зноў засмяяўся.
- Ты несправядлiвы, малыш, я ж не ўмею маляваць, хiба толькi ўдаваў звонку ды знутры.
- Нiчога. I так добра будзе, - супакоiў ён мяне, - дзецi зразумеюць.
Я ўзяў аловак i намаляваў напыснiчак. Сэрца маё сцiснулася, калi я аддаваў малюнак Маленькаму прынцу:
- Ты нешта ўтойваеш ад мяне...
Але ён адказаў:
- Ведаеш... заўтра будзе якраз гадавiна, як я трапiў да вас на Зямлю...
Ён змоўк. Потым дадаў:
- Я прызямлiўся побач, зусiм недалёка адгэтуль...
I пачырванеў.
I зноў, я сам не разумеў чаму, але мяне агарнула дзiўная туга. I ўсё ж я спытаў:
- Значыць, ты зусiм невыпадкова прагульваўся тут у дзень нашага знаёмства, тыдзень назад, такi адзiнокi, тут, за тысячу мiль ад людскога селiшча! Ты вяртаўся на тое месца, дзе прызямлiўся?
Маленькi прынц зноў пачырванеў.
- Мабыць таму, што спаўняецца год?.. - нерашуча працягваў я.
Маленькi прынц зноў пачырванеў. Ён нiколi не адказваў на пытаннi, але калi ён чырванеў, гэта значыла "так", цi ж няпраўда?
- Ах, - вырвалася ў мяне, - баюся, што...
Але ён не даў мне дагаварыць:
- Пара табе ўжо ўзяцца за работу. Iдзi да сваёй машыны. Я буду чакаць цябе тут. Вяртайся ўвечары.
Я вагаўся. Мне ўзгадаўся Лiс. Нялёгка стрымаць слёзы, калi дазволiш, каб цябе прыручылi...