47660.fb2 Маленькi прынц - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

Маленькi прынц - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

VI

Мой Маленькi прынц! З цягам часу я зразумеў, якiм аднастайным i самотным было тваё жыццё. Доўга ў цябе была адна толькi забава: ты любаваўся захадамi сонца. Гэтая новая дэталь дайшла да мяне наранку чацвёртага дня, калi ты сказаў:

- Я так люблю адвячоркi. Хадзем паглядзiм, як заходзiць сонца...

- Дык трэба ж пачакаць...

- Чаго пачакаць?

- Каб сонца пачало заходзiць.

Ты спачатку вельмi здзiвiўся, а потым пасмяяўся з самога сябе.

- Мне ўсё здаецца, што я дома! - прызнаўся ты.

I сапраўды. Калi ў Злучаных Штатах Амерыкi поўдзень, то ў Францыi - хто гэтага не ведае? - сонца заходзiць. Дастаткова было б за адну хвiлiну перанесцiся з Амерыкi ў Францыю, каб пераканацца ў гэтым. Але на тваёй планеце табе даволi было пераставiць на некалькi крокаў уперад сваё крэслiца, i ты мог любавацца адвячоркам столькi, колькi табе хацелася...

- Аднойчы я назiраў, як сонца заходзiла сорак тры разы запар!

Ты трошкi памаўчаў i дадаў:

- Ведаеш... калi вельмi сумна на душы, так хораша глядзець, як заходзiць сонца...

- Значыць, у той дзень, калi ты бачыў сорак тры захады сонца, табе было сумна?

Але Маленькi прынц не адказаў.