48650.fb2
– Вось, – сказаў Ваня, паклаўшы на стол сшытак, – давай пісаць казку.
– Давай, – адказала Аленка і села на крэсла.
Ваня ўзяў аловак і напісаў:
“Жыў-быў кароль...”
Тут Ваня задумаўся і падняў вочы да столі. Аленка зазірнула ў сшытак і прачытала, што напісаў Ваня.
– Такая казка ўжо ёсць, – сказала Аленка.
– А адкуль ты ведаеш? – спытаў Ваня.
– Ведаю, таму што чытала, – адказала Аленка.
– Ну, і пра што там гэтая казка? – спытаў Ваня.
– Ну, пра тое, як кароль піў гарбату з яблыкамі і раптам падавіўся, а каралева стукнула яго па спіне, каб кавалачак яблыка выскачыў назад з горла. А кароль падумаў, што каралева б'ецца, і стукнуў яе шклянкай па галаве. Тады каралева раззлавалася і стукнула караля талеркай. А кароль стукнуў каралеву міскай. А каралева стукнула караля крэслам. А кароль ускочыў і стукнуў каралеву сталом. А каралева паваліла на караля буфет. Але кароль вылез з-пад буфета і шпурнуў у каралеву каронай. Тады каралева схапіла караля за валасы і выкінула яго ў акенца. Але кароль залез назад у пакой праз другое акно, схапіў каралеву і запхнуў яе ў печку. Але каралева вылезла праз комін на дах, потым спусцілася па громаадводзе ў сад і праз акно вярнулася назад у пакой. А кароль у гэты час раскладаў агонь, каб спаліць каралеву. Каралева падкралася адзаду і піхнула караля. Кароль паляцеў у печку і там згарэў. Вось і казка ўся, – сказала Аленка.
– Вельмі дурная казка, – сказаў Ваня. – Я хацеў напісаць зусім іншую.
– Ну, пішы, – адказала Аленка.
Ваня ўзяў аловак і напісаў:
“Жыў-быў разбойнік...”
– Чакай! – крыкнула Аленка. – Такая казка ўжо ёсць!
– Я не ведаў, – адказаў Ваня.
– Ну як жа, – сказала Аленка, – няўжо ты не ведаеш, як адзін разбойнік, ратуючыся ад варты, ускочыў на каня, ды з размаху пераваліўся на другі бок і ўпаў на зямлю. Разбойнік падняўся, пагразіў кулаком, скокнуў на каня і зноў перамахнуў праз яго і паляцеў на зямлю. Тады разбойнік выхапіў з-за паса пісталет, стрэліў з яго ў паветра і зноў скокнуў на каня, але з такой сілай, што зноў перамахнуў праз яго і пляснуўся аб зямлю і зламаў сабе нагу. А конь адышоў убок. Разбойнік, накульгваючы, падбег да каня і стукнуў яго кулаком па лобе. Конь збег. У гэты час прыскакалі вартавыя, схапілі разбойніка і адвялі яго ў вязніцу.
– Ну, значыць, пра разбойніка я пісаць не буду, – сказаў Ваня.
– А пра каго тады будзеш? – спытала Аленка.
– Я напішу казку пра каваля, – сказаў Ваня.
Ваня напісаў:
“Жыў-быў каваль...”
– Такая казка таксама ёсць! – закрычала Аленка.
– Ну? – сказаў Ваня і паклаў аловак.
– Дык вось, – сказала Аленка, – жыў-быў каваль. Каваў ён аднойчы падкову і так замахнуўся малатком, што малаток сарваўся з дзяржальна, вылецеў у акно, забіў чатырох галубоў, стукнуўся аб пажарную вежу, адляцеў убок, разбіў акно ў дамку брандмайстра і вылецеў на вуліцу, зваліў на зямлю ліхтарны слуп, збіў з ног прадаўца марозіва і стукнуў па галаве Карла Іванавіча Шустэрлінга, які на хвілінку зняў капялюш, каб праветрыць сваю патыліцу. Стукнуўшыся аб галаву Карла Іванавіча Шустэрлінга, малаток паляцеў назад, зноў збіў з ног прадаўца марозіва, скінуў з даху двух катоў, што зацята біліся, перавярнуў карову, забіў чатырох вераб'ёў і зноў заляцеў у кузню, і сеў наўпрост на сваё дзяржальна, якое каваль яшчэ працягваў трымаць у правай руцэ. Усё гэта адбылося так хутка, што каваль нічога не заўважыў і працягваў далей каваць падкову.
– Ну, значыцца, калі пра каваля казку ўжо напісалі, тады я напішу казку пра самога сябе, – сказаў Ваня і напісаў:
“Жыў-быў хлопчык Ваня...”
– Пра Ваню таксама ёсць казка, – сказала Аленка. – Жыў-быў хлопчык Ваня, і вось аднойчы пайшоў ён да...
– Чакай, – сказаў Ваня, – я хацеў напісаць казку пра самога сябе.
– І пра цябе ўжо казку напісалі, – сказала Аленка.
– Не можа быць! – сказаў Ваня.
– А я табе кажу, што ёсць, – сказала Аленка.
– Ды дзе ж яна ёсць? – здзівіўся Ваня.
– А вось купі часопіс “Чыж” нумар сем і там прачытаеш казку пра самога сябе, – сказала Аленка.
Ваня купіў “Чыжа” №7 і прачытаў вось гэтую самую казку, якую толькі што прачытаў ты.
Па-першае, заспяваў я песеньку і пайшоў.
Па-другое, падыходзіць да мяне Пецька і кажа: “Я з табой пайду”. І мы абодва пайшлі, прыпяваючы песенькі.
Па-трэцяе, ідзем мы і бачым – стаіць на дарозе чалавек, ростам з вядро.
“Ты хто такі?” – спыталі мы яго. – “Я самы маленькі чалавек у свеце”. – “Хадзем з намі”. – “Хадзем”.
Ідзем мы далей, але маленькі чалавек не можа за намі ўгнацца. Бегма бяжыць, а ўсё адно адстае. Тады мы яго ўзялі за рукі. Пецька за правую, а я за левую. Маленькі чалавек павіс у нас на руках, ледзь нагамі зямлі кранаецца. Пайшлі мы гэтак далей. Ідзем усе ўтрох і песенькі насвістваем.
Па-чацвертае, ідзем мы і бачым – ляжыць ля гасцінца чалавек, галаву на пянёк паклаў, а сам такі доўгі, што не відаць, дзе ногі заканчваюцца. Падышлі мы да яго бліжэй, а ён як ускочыць на ногі ды як стукне кулаком па пяньку, дык пянёк пад зямлю і пайшоў. А доўгі чалавек азірнуўся навокал, убачыў нас і кажа: “Вы, – кажа, – хто такія, каб мой сон трывожыць?” – “Мы, – кажам мы, – вясёлыя рабяты. Хочаш з намі?” – “Добра”, – кажа доўгі чалавек ды як ступіць адразу метраў на дваццаць. “Эй, – крычыць яму маленькі чалавек. – Пачакай нас трошкі!” Схапілі мы маленькага чалавека і пабеглі за доўгім. “Не, – кажам мы, – так нельга, ты маленькімі крокамі хадзі”.
Пайшоў доўгі чалавек маленькімі крокамі, а сэнсу? Дзесяць крокаў зробіць і знікае з вачэй. “Тады, – кажам мы, – няхай маленькі чалавек табе на плячо сядзе, а нас ты пад пахі вазьмі”. Пасадзіў доўгі чалавек маленькага сабе на плячо, а нас пад пахі ўзяў і пайшоў. “Табе зручна?” – кажу я Пецьку. “Зручна, а табе?” – “Мне таксама зручна”, – кажу я. І засвісталі мы вясёлыя песенькі. І доўгі чалавек ідзе і песенькі насвіствае, і маленькі чалавек у яго на плячы сядзіць і таксама свішча-заліваецца.
Па-пятае, ідзем мы і бачым – стаіць у нас на дарозе асёл. Узрадаваліся мы і надумалі на асле ехаць. Першым паспрабаваў доўгі чалавек. Перакінуў ён нагу праз асла, а асёл яму ніжэй за калена. Толькі хацеў доўгі чалавек на асла сесці, а асёл узяў ды пайшоў, і доўгі чалавек з усяго размаху на зямлю сеў. Паспрабавалі мы маленькага чалавека на асла пасадзіць. Ды толькі асёл некалькі крокаў зрабіў – маленькі чалавек не ўтрымаўся і зваліўся на зямлю. Потым устаў і кажа: “Няхай доўгі чалавек мяне зноў на плячы панясе, а ты з Пецькам на асле едзь”. Селі мы, як маленькі чалавек сказаў, і паехалі. І ўсім добра. І ўсе мы песні насвістваем.
Па-шостае, прыехалі мы да вялікага возера. Бачым, ля берагу човен стаіць. “Ну што, паедзем на чоўне?” – сказаў Пецька. Я з Пецькам добра ў чоўне ўсеўся, а вось доўгага чалавека з цяжкасцю пасадзілі. Скурчыўся ён увесь, каленкі да самага падбароддзя падняў.
Маленькі чалавек недзе пад лавай сеў, а вось аслу месца дык і не засталося. Калі б яшчэ доўгага чалавека ў човен не саджаць, тады можна было б і асла пасадзіць. А ўдвох не змяшчаюцца. “Вось што, – кажа маленькі чалавек, – ты, доўгі, уброд ідзі, а мы асла ў човен пасадзім і паедзем”. Пасадзілі мы асла ў човен, а доўгі чалавек уброд пайшоў, ды яшчэ і наш човен на вяровачцы пацягнуў. Асёл сядзіць, зварухнуцца баіцца – відаць, упершыню ў човен трапіў. А астатнім добра. Едзем мы па возеры, песні свішчам. Доўгі чалавек цягне наш човен і таксама песні спявае.
Па-сёмае, выйшлі мы на другі бераг, бачым – стаіць машына. “Што ж гэта можа быць?” – кажа доўгі чалавек. – “Што гэта?” – кажа маленькі чалавек. “Гэта, – кажу я, – машына”. – “Гэта машына, на якой мы зараз і паедзем”, – кажа Пецька. Пачалі мы ў машыне рассаджвацца. Я і Пецька ля стырна селі, маленькага чалвека спераду на ліхтар пасадзілі, а вось доўгага чалавека, асла і човен ніяк не маглі ў машыне размясціць. Паклалі мы човен у машыну, у човен асла паставілі – і ўсё было б добра, толькі доўгаму чалавеку месца няма. Пасадзілі мы ў машыну асла і доўгага чалавека – човен няма куды падзець.
Мы зусім разгубіліся, не ведалі нават, што рабіць, ды маленькі чалавек параіў: “Няхай, – кажа, – доўгі чалавек у машыну сядзе, а асла да сябе на калені пакладзе, а човен рукамі над галавой падыме”. Пасадзілі мы доўгага чалавека ў машыну, на калені яму асла паклалі, а ў рукі далі човен трымаць. “Не цяжка?” – спытаў маленькі чалавек. – “Не, нічога”, – кажа доўгі. Я завёў рухавік, і мы паехалі. Усім добра, толькі маленькаму чалавеку спераду на ліхтары сядзець нязручна, куляе яго ад трасяніны, як ваньку-ўстаньку. А астатнім нічога. Едзем мы і песні насвістваем.
Па-восьмае, прыехалі мы ў нейкі горад. Паехалі па вуліцах. На нас народ глядзіць, пальцамі паказвае: “Гэта што, – кажа, – у машыне дубіна якая сядзіць, сабе на калені асла пасадзіў і човен рукамі над галавой трымае. Ха! ха! ха! А спераду вунь які на ліхтары сядзіць. Ростам з вядзерка! Во як яго ад трасяніны куляе! Ха! ха! ха!” А мы пад'ехалі проста да гасцініцы, човен на зямлю паклалі, машыну паставілі пад навес, асла да дрэва прывязалі і клічам гаспадара. Выйшаў да нас гаспадар і кажа: “Што вам трэба?” – “Ды вось, – кажам мы яму, – ці можна ў вас пераначаваць?” – “Можна,” – кажа гаспадар і вядзе нас у пакой з чатырма ложкамі. Я і Пецька леглі, а вось доўгаму чалавеку і маленькаму ніяк не легчы. Доўгаму ўсе ложкі закароткія, а маленькаму няма на што галаву пакласці. Падушка вышэйшая за яго самога, і ён мог толькі стоячы да падушкі прыхіліцца. Але паколькі мы вельмі стаміліся, то леглі і неяк заснулі. Доўгі чалавек проста на падлозе лёг, а маленькі ўвесь на падушку ўзлез ды так і заснуў.
Па-дзевятае, прачнуліся мы зранку і надумалі далей дарогу працягваць. Тут раптам маленькі чалавек і кажа: “Ведаеце што? Досыць нам з гэтым чоўнам і машынай цягацца. Хадзем лепей пешкі”. – “Пешкі я не пайду, – сказаў доўгі чалавек, – пешкі хутка стомішся”. – “Гэта ты, дзяцюк такі, стомішся?” – засмяяўся маленькі чалавек. – “Канечне, стамлюся, – сказаў доўгі, – вось бы мне сякога-такога каня пад сябе знайсці”. – “Які ж табе конь падыходзіць? – уткнуўся Пецька. – Табе не каня, а слана трэба”. – “Ну, тут дык слана не дастанеш, – сказаў я, – тут не Афрыка”. Толькі я гэта сказаў, раптам чуем на вуліцы брэх, шум і крыкі. Паглядзелі ў акно, бачым – вядуць па вуліцы слана, а за ім народ валіць. Ля самых слановых ног бяжыць маленькі цюцька і брэша на ўсю моц, а слон ідзе спакойна, ні на каго ўвагі не звяртае. “Вось, – кажа маленькі чалавек доўгаму, – вось табе акурат і слон. Сядай і едзь”. – “А ты на цюцьку сядай. Якраз па тваім росце”, – сказаў доўгі чалавек. – “Праўда, – кажу я, – доўгі на слане паедзе, маленькі на цюцьку, а я з Пецькам на асле”. І пабеглі мы на вуліцу.