48654.fb2 Падарожжы Гулiвера (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

Падарожжы Гулiвера (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

Калi ж ён прачнуўся i зразумеў, што ляжыць на ложку, якому канца-краю не вiдаць, у велiзарным пакоi, якi не абыдзеш i за некалькi гадзiн, яму стала вельмi сумна. Ён зноў заплюшчыў вочы i пацягнуў вышэй рог хусцiнкi. Але на гэты раз заснуць яму не ўдалося.

Ледзь толькi ён задрамаў, як пачуў, што нехта цяжка саскочыў з полага на пасцель, прабег па падушцы i спынiўся каля яго, не то пасвiстваючы, не то сапучы.

Гулiвер хуценька прыўзняў галаву i ўбачыў, што над самым яго тварам стаiць нейкi даўгаморды вусаты звер i глядзiць яму проста ў вочы чорнымi, блiскучымi вачыма.

Пацук! Паскудны буры пацук велiчынёй з вялiкага сабаку! I ён не адзiн, тут iх два, яны нападаюць на Гулiвера з двух бакоў! Вось нахабныя жывёлiны! Адзiн з пацукоў асмялеў так, што ўспёрся лапамi проста на каўнер Гулiвера.

Гулiвер усхапiўся, выхапiў шпагу i адзiным ударам распароў зверу жывот. Пацук упаў, а другi кiнуўся наўцёкi.

Але тут ужо Гулiвер пагнаўся за iм, дагнаў ля самага краю пасцелi i адсек яму хвост.

У гэту самую хвiлiну ў пакой увайшла гаспадыня. Убачыўшы, што Гулiвер увесь у крывi, яна спалохана падбегла да пасцелi i хацела ўзяць яго на рукi.

Але Гулiвер, усмiхаючыся, падаў ёй сваю акрываўленую шпагу, паказаў на мёртвага пацука, i яна ўсё зразумела.

Паклiкаўшы служанку, яна загадала зараз жа ўзяць пацука шчыпцамi i выкiнуць вон. I тут абедзве жанчыны ўбачылi адсечаны хвост другога пацука. Ён ляжаў ля самых ног Гулiвера, даўгi, як пуга.

4

У гаспадароў Гулiвера была дачка - прыгожанькая, ласкавая i вельмi разумная дзяўчынка.

Ёй было ўжо дзевяць гадоў, але для свайго ўзросту яна была вельмi маленькая - усяго з якi-небудзь трохпавярховы домiк, ды i то без усялякiх там флюгераў i вежаў.

У дзяўчынкi была лялька, якой яна шыла прыгожыя кашулькi, сукеначкi i фартушкi.

Але з таго часу як у доме з'явiлася дзiвосная жывая лялька, яна i глядзець не хацела на старыя цацкi.

Сваю былую любiмую ляльку яна засунула ў нейкую скрынку, а яе ложачак аддала Гулiверу.

Удзень ложачак трымалi ў адным з прыскрынкаў камода, а вечарам ставiлi на палiцу, прыбiтую пад столлю, каб пацукi не маглi дабрацца да Гулiвера.

Дзяўчынка пашыла свайму "грыльдрыгу" (на мове велiканаў "грыльдрыг" азначае "чалавечак") падушку, коўдру i просцiны. Яна пашыла яму сем кашуль з самага тонкага палатнянага абрэзка, якi толькi магла знайсцi, i заўсёды сама мыла яму бялiзну i шкарпэткi.

У гэтай дзяўчынкi Гулiвер пачаў вучыцца мове велiканаў.

Ён паказваў пальцам на якi-небудзь прадмет, i дзяўчынка некалькi разоў запар паўтарала, як ён называецца.

Яна так клапатлiва даглядала Гулiвера, так цярплiва вучыла яго сваёй мове, што ён назваў яе сваёй "глюмдальклiч" - гэта значыць нянечкай.

Праз некалькi тыдняў Гулiвер пачаў патроху разумець, пра што гавораць вакол яго, i сам з горам папалам мог размаўляць з велiканамi.

А мiж тым чутка пра тое, што яго гаспадар знайшоў на сваiм полi дзiўнага звярка, разышлася далёка.

Гаварылi, быццам звярок маленькi, меншы нават за вавёрку, але з выгляду вельмi падобны на чалавека: ходзiць на дзвюх нагах, стракоча на нейкай сваёй мове, але ўжо крыху навучыўся гаварыць i на чалавечай мове. Ён разумны, паслухмяны, ахвотна iдзе, калi яго клiчуць, i робiць усё, што яму загадваюць. Мордачка ў яго беленькая - далiкатнейшая i бялейшая, чым твар у трохгадовай дзяўчынкi, а поўсць на галаве шаўкавiстаяi мяккая, як пух.

I вось аднойчы ў госцi да гаспадароў прыехаў iх стары прыяцель.

Ён адразу ж спытаў у iх, цi праўда, што яны знайшлi нейкага дзiвоснага звярка, i гаспадары загадалi сваёй дачцэ прынесцi Грыльдрыга.

Дзяўчынка пабегла, прынесла Гулiвера i паставiла яго на крэсла.

Гулiверу давялося паказаць усё, чаму яго навучыла Глюмдальклiч.

Ён маршыраваў удоўж i ўпоперак стала, па камандзе даставаў з ножан сваю шпагу i засоўваў яе назад, кланяўся госцю, пытаўся ў яго, як ён пажывае, i прасiў прыходзiць часцей.

Старому спадабаўся дзiвосны чалавечак. Каб лепш разгледзець Грыльдрыга, ён надзеў акуляры, i Гулiвер, зiрнуўшы на яго, не мог стрымацца ад смеху: вельмi ўжо яго вочы былi падобныя на месяц-поўнiк, калi ён зазiрае ў каюту праз круглае карабельнае акенца.

Глюмдальклiч таксама зразумела, штб так рассмяшыла Гулiвера, i таксама чмыхнула.

Госць пакрыўдзiўся i падабраў губы.

- Вельмi вясёлы звярок! - сказаў ён. - Але мне здаецца, для вас будзе лепш, калi людзi будуць смяяцца з яго, а не ён з людзей.

I стары параiў гаспадару завезцi Гулiвера ў блiжэйшы горад, да якога было ўсяго нейкiя паўгадзiны язды, гэта значыць, каля дваццацi дзвюх мiляў, i паказваць яго там на кiрмашы за грошы.

З усёй гэтай гаворкi Гулiвер зразумеў толькi некалькi слоў, але ён адразу адчуў, што супраць яго задумалi нешта нядобрае.

Глюмдальклiч пацвердзiла яго прадчуваннi.

Залiваючыся слязамi, яна сказала, што, вiдаць, тата i мама зноў хочуць зрабiць гэтак жа, як летась, калi падарылi ёй баранчыка: не паспела яна адкармiць яго, як яны прадалi яго мяснiку. I зараз тое ж самае: яны спачатку аддалi ёй Грыльдрыга назусiм, а цяпер збiраюцца вазiць яго па кiрмашах.

Спачатку гэта вельмi засмуцiла Гулiвера: было крыўдна, што яго хочуць паказваць на кiрмашы, як нейкую вучоную малпу цi марскую свiнку.

Але пасля яму стукнула ў галаву, што калi ён будзе ўвесь час сядзець у доме свайго гаспадара, ён так i састарэе ў лялечным ложачку цi ў скрынцы камоды.

А ў час вандраванняў па кiрмашах - хто ведае? - можа, лёс яго i зменiцца.

I ён з надзеяй пачаў чакаць першай паездкi.

5

I вось гэты дзень настаў.

Не паспела яшчэ добра развiднець, як гаспадар са сваёй дачкой i Гулiверам рушылi ў дарогу. Яны ехалi верхам на адным канi: гаспадар уперадзе, дачка ззаду, а Гулiвер - у скрынцы, якую трымала ў руках дзяўчынка.

Конь бег такой спорнай рыссю, што Гулiверу здавалася, быццам ён зноў на караблi i карабель то ўзлятае на грэбень хвалi, то правальваецца ў бездань.

Па якой дарозе яго вязуць, Гулiвёр не бачыў: ён сядзеў, правiльней сказаць - ляжаў у цёмнай скрынцы, якую яго гаспадар збiў напярэдаднi, каб везцi маленькага чалавечка з вёскi ў горад.

Акенца ў скрынцы не было. У ёй былi толькi невялiчкiя дзверцы, праз якiя Гулiвер мог заходзiць i выходзiць, ды некалькi адтулiн у вечку, каб праходзiла паветра.

Клапатлiвая Глюмдальклiч паклала ў скрынку коўдру з ложачка сваёй лялькi. Але цi можа ўберагчы ад удараў нават самая тоўстая коўдра, калi пры кожным штуршку цябе падкiдвае на метр ад падлогi i шпурляе з кутка ў куток?

Глюмдальклiч з неспакоем слухала, як яе бедны Грыльдрыг перакочваецца з месца на месца i стукаецца аб сценкi.

Як толькi конь спынiўся, дзяўчынка саскочыла з сядла i, прачынiўшы дзверцы, зазiрнула ў скрынку. Змучаны Гулiвер ледзьве ўстаў на ногi i хiстаючыся выйшаў на паветра.

Усё цела яго балела, перад вачыма плылi зялёныя кругi - так растрэсла яго за паўгадзiны гэтай цяжкой дарогi. Калi б не прывычка да акiянскiх штормаў, у яго б, напэўна, пачалася марская хвароба.