48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

— Яначка-а… — заводзіць Мацей. Янка пазяхнуў.

— Памерла адна вядзьмарка. Пахавалі яе і селі за стол да хаўтурнага пачастунку. Сядзяць. Нядобра на душы. Вядзьмарку пахавалі.

— Яначка, не марудзь, — не стрываў Мацей.

— Сядзяць за сталом. А дзверы былі адчыненыя. Раптам уварваўся віхор, закруціўся ваўчком па хаце.

— Ваўчком? — зніякавела Алеся.

— Ваўчком. Бачылі, як іншы раз на рэчцы віхор закруціць ваду і бяжыць, бяжыць да берага?

— Даганяе тых, хто купаецца, — сказаў Мацей. — Калі не ўцячэш, то на дно зацягне.

Янка паківаў галавою.

— Уварваўся і круціцца. Адзін мужчына засмяяўся, а яму гэтым паветрам галаву на бок скруціла. Доўга хадзіў са скручанай набок шыяй. Са злой сілы не смейся.

— Гэта чорт уляцеў? — запытала Алеся.

— Чорт.

— Чаму ў тую хату ўляцеў? — прагаварыў Мацей.

— Не ведаю, — паціснуў плячыма Янка і, падумаўшы, дадаў, як бы рысу падводзячы: — Чорт ёсць чорт. У яго і ў ступе таўкачом не пападзеш.

— Чорт ёсць чорт, — пагадзіўся Мацей.

— Чорт ёсць чорт, — пагадзілася Алеся.

Што яшчэ яны маглі сказаць? Прадзеды верылі, і яны вераць. Гэтыя гісторыі для іх былі што цікавая кніга. Спакон вякоў панямонцы, звыклыя да сялянскай працы і ваенных паходаў, умелі складным словам цешыцца. А Янка, Алеся, Мацей — адна з галінак таго дрэва, якое буяла, красавала тут.

— Хлопчыкі,— сказала Алеся, — я пра васіліска чула. Чула, што ён можа ператварыцца ў сабаку і лісу.

— Няпраўда, — запярэчыў Мацей. — Васіліск можа ператварыцца ў мядзведзя.

— Праўда. Васіліск можа ператварацца ў сабаку і лісу. Яначка, так?

Янка ўсміхнуўся. Малыя. Анічога не цямяць. Ім разжуй і ў рот пакладзі.

— Васіліск можа ў любога звера абярнуцца, — сказаў ён. — І ў сабаку, і ў лісу, і ў мядзведзя. З мядзведзя — цмокам пякельным стаць.

— Яшчэ што-небудзь расказаў бы, — папрасіла Алеся.

Цікаўная Алеся. Да самага заходу сонца слухала б. Што ж, можна пацешыць.

— Ёсць заморскія краіны, — сказаў ён.

— Чаму заморскія? — запытаў Мацей.

Што ж сказаць яму? Краечкам вуха чуў, што ёсць такія. Сапраўды, чаму заморскімі іх называюць?

— Бо за морам яны, — нарэшце здагадаўся, як адказаць.

— А якое яно, гэтае мора?

Зноў Мацей у кут на калені паставіў. Якое ж яно, мора? Сам ніколі яго не бачыў. Трэба ў Яся запытаць. Ясь слаўны хлопец. А розных гісторый гэтулькі ведае, што яны ў яго быццам з рукава сыплюцца.

— Ты менш пытайся, а больш слухай, — прамовіў Янка. — Многае вяканне даводзіць да бякання. Зразумеў?

— Зразумеў,— насупіўся Мацей.

Янка з палёгкай уздыхнуў. Добра, што хоць не пытаецца. Вось смала. Такі абняславіць.

— У гэтых заморскіх краінах лятаюць змеі на крылах.

Мацей шырока-шырока расплюшчыў вочы.

— Як птушкі? Янка кіўнуў галавою:

— Як птушкі.

— Ад такіх нідзе не схаваешся, — прагаварыла Алеся.

— Нідзе, — пагадзіўся з ёю Янка. — Яны быкоў раскусваюць напалам. У тых заморскіх краінах растуць дрэвы, на якіх спее жыта. Людзі збіраюць яго, таўкуць у ступах і пякуць сітнікі.

— Калі б у нас былі такія, я многа-многа сітнікаў напякла б, — падхапіла Алеся. — Штодзень елі б сітнікі.

— Янка, глянь! — усклікнуў Мацей. — Васілевіцкія на наша балота сваіх кароў прыгналі.

Янка зірнуў уніз. На самым ускрайку балота, каля лесу, ходзяць каровы. Непадалёку стаяць васілевіцкія хлопцы, яго, Янкавы, адналеткі — Антон і Макар. У Антона рабацінне на шчоках. Мабыць, не адно птушынае гняздо разбурыў. Кажуць жа людзі: разбурыш птушынае гняздо — рабым будзеш. І Макар за яго не лепшы. Калом шапкі не дастанеш. Вясною Янка пабіўся з ім. За свістульку. Ён, Янка, выразаў з вярбы свістульку. Добрая свістулька выйшла. Нібы салоўка, цёхкала. А гэты схапіў і зламаў. Стаў апраўдвацца, што незнарок. Ды не паверыў яму Янка. Ліхія хлопцы, адзін у аднаго. На чужое балота кароў прыгналі. Быццам свайго няма.

Янка ўскочыў.

— Эй, вы, бусліныя шыі! Чаму на наша балота кароў прыгналі?

— Ты сам верабей, — агрызнуўся Антон.

— Парэчкі-авечкі,— крыкнуў Макар. Зразумела, чаму так. Калі іх, парэцкіх, вельмі хочуць дапячы, то заўсёды так дражняцца.

— Васілі-бабылі,— не сцярпела Алеся. — Як станеце на палена, то свінні па калена.

— У вас вядзьмак не мог памерці, і ў столі дошку адрывалі,— крыкнуў Мацей.

— А ў вас… У вас летам на печы ляжаць, а зімою поле аруць, — гукнуў Антон.

На чужым балоце нібы на сваім. Каму даспадобы такое? Хіба стрываеш? І Янка не стрываў:

— Каменьмі іх.