48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 100

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 100

Казімір Міронавіч тыцнуў пальцам, паказаўшы на невялікую белую будыніну, якая стаяла каля палаца.

— Гэта скляпенне. Туды не заходзьце. Бяда вас там чакае. Памятаеце, што на слупе напісана? Проста пойдзеш — можаш не вярнуцца. Ад раздарожжа дарога, якая напрамкі, вядзе да майго палаца. Заўтра ні мяне, ні Палына тут не будзе. Адных пакідаю. Па парку пагуляеце.

Заўтра іх не будзе. Магчыма, цэлы дзень. Папярэджвае, каб у скляпенне не лезлі. Няхай яно згарыць разам з палацам. Заўтра нас тут не ўбачыш.

— Хадзем у палац, — паклікаў вядзьмак. — Павячэраем.

Мы з Петрусём, пераглянуўшыся, пайшлі за ім.

Хоць адным вокам

На другі дзень, калі мы з Петрусём прыйшлі ў парк, ні стуль ні ссюль Палын з'явіўся.

— Добры дзень, хлопчыкі.

Такім я яго яшчэ не бачыў. Звычайна крыўляецца, скача, рукамі махае, спадылба пазірае. А цяпер хоць да раны прыкладзі. Вось-вось, здаецца, абніме, расцалуе.

— Каму добры, а каму і паганы, — буркнуў я.

— Не крыўдуйце на мяне, — усміхнуўся Палын. Няўжо ў сябры напрошваецца? Відаць, свет перавярнуўся. А мо Казімір Міронавіч пабіў як сабаку? Вось і падлізваецца.

— Чаго табе трэба? — запытаўся.

— Шкада мне вас.

— Пашкадаваў воўк авечку, — узлаваўся Пятрусь.

Палын азірнуўся.

— Думаеце, што мне тут добра жывецца? Кожны дзень дагаджай. Хочацца чалавекам быць.

Вось яно што! Думалі, што клёпак у галаве не стае, а ён проста дурня строіць. Няўжо тое, чалавечае, якое было калісьці, абудзілася ў яго?

— Трэба быць чалавекам, — сказаў я. Палын паківаў галавою.

— Малыя вы. Нічога не разумееце. Каб быць чалавекам, трэба сілу мець. Хлопчыкі, вас Казімір Міронавіч паважае. У вас здольнасці. Вы яшчэ ў першы дзень іх паказалі. А на мяне ён глядзіць як на памагатага. Не трэба ўпарціцца, хлопчыкі. Пагадзіцеся. Няхай навучыць вядзьмарству. Я таксама нечаму навучыўся, хоць і не паказваю. Калі і вы навучыцеся, то знішчым Казіміра Міронавіча. Мы станем гаспадарамі гэтага палаца. Нас усе будуць баяцца.

Яшчэ адзін дамагаецца, каб баяліся. А думалася, што чалавекам вырашыў стаць. Перад Казімірам Міронавічам скача на задніх лапках, а каб прымеў, то ў турме згнаіў бы. Пярэварацень.

— Дзядзька, не дуры галаву, — сказаў я. Палын некалькі хвілін пазіраў на нас, адкрыўшы рот, а пасля прамовіў:

— Першы раз кажу праўду. Мая душа крывая, усякага прымае.

— Не дуры галаву, — паўтарыў Пятрусь.

— З вамі піва не зварыш. Вас трэба ў клетцы вазіць і, як дзіва, паказваць.

— Хопіць дрынцець, — прамовіў Пятрусь. Палын са злосцю паглядзеў на яго.

— Скажаце Казіміру Міронавічу?

— Мы не даносчыкі,— адказаў Пятрусь.

— Ну й добра, калі так. Цаны вам няма. Падумайце. Добра падумайце. А я з Казімірам Міронавічам пайду. Бывайце. Вечарам сустрэнемся. — Палын, як здань, знік у кустах.

Мы з Петрусём прыселі на лаўку. Ці здзівіў мяне Палын? На такіх, як ён, за гэтыя дні наглядзеліся. Даносіць на яго? Не. Вось каб мы яму так, як ён нам цяпер, прапанавалі, то адразу ж данёс бы. Рос бы, як на дражджах, апавядаючы.

— Ігнат, непадалёку рэчка ці балота, — парушыў маўчанне Пятрусь. — Сітаўка белая бегае. Бачыш?

Па дарожцы, у некалькіх кроках ад нас, бегала прыгожая птушка, бесперапынна ківаючы галавою і трасучы доўгім чорным хвастом.

— Яе яшчэ пліска завуць? — запытаў я.

— Але, — сказаў Пятрусь. — Яна заўсёды селіцца паблізу вады. Нават прылятае ў красавіку, у час разводдзя.

Я ўсхапіўся.

— Калі тут рэчка, то і човен павінен быць. Трэба пашукаць. Знойдзем і паплывём.

— Не, — сказаў Пятрусь. — Нездарма вядзьмак адных нас пакінуў. Ведае, што не вырвемся. Мабыць, ніякі човен нам не дапаможа.

Мабыць, так. Ведаў, што робіць, калі пакідаў. Але ж можна паспрабаваць. Бедны Саўка недзе мучыцца. Чаму Пятрусь апусціў рукі? Хіба да пенсіі нам тут сядзець?

— Пятрусь, ты…

Мой сябар перапыніў мяне:

— Ігнат, ведаю, пра што ты думаеш, але ж…

— Што «але ж»?

— Але ж хочацца ў скляпенне зазірнуць.

Я таксама не-не ды пазіраў на скляпенне. Таксама хацелася туды зазірнуць. Ды лепей не лезці ў скляпенне. Хіба мала бяды набраліся?

— Баюся, — прызнаўся я.

Пятрусь устаў і зашаптаў у самае вуха:

— Ігнат, а калі там конь стаіць?

— Які конь?

— Незвычайны. Які нас адгэтуль дамоў як на крылах вынесе.

Конь… Незвычайны… Як на крылах вынесе. Ці магчыма гэта? Але, зусім магчыма. Тут жа казка. Расказваецца ў казках, як незвычайныя коні ратуюць хлопцаў-малайцоў, імгненна з аднаго царства ў іншае пераносячы. Што, калі і ў скляпенні ёсць такі конь? Вядзьмак нездарма скляпенне пабудаваў, нездарма загадаў, каб туды не заходзілі. І замок на дзверы не павесіў. Ведае, што пры жаданні з любым замком можна справіцца. Палохае, страху наганяе. Разумее, што страх мацней, чым замок.

— Пятрусь, нас незвычайны конь дамоў занясе, а Саўка ў прафілакторыі застанецца. Нядобра. Мы слова далі.

— Па дарозе заскочым і вызвалім Саўку.