48687.fb2
— Мой сын?
— Ён ваш сын? — усклікнуў Пятрусь.
Я глядзеў на старога і не верыў. Хіба магчыма, каб родны сын бацьку ў скляпенні прыкаваў? Бацька яго гадаваў, на руках няньчыў, першым словам вучыў. За што ж так?
— Мяне дзедам Міронам зваць, — прагаварыў стары. — Сорамна прызнавацца, што родны сын на ланцуг пасадзіў. Прадаўся ён і ўсё прадаў.
— Каму? — запытаў Пятрусь.
— Паганаму чорту. У нашым родзе ўсе з мазаля жылі. Аралі, сеялі. Ніхто зла людзям не чыніў. А гэты… Калі сваю душу чорту прадаў, то мяне выракся. Цяпер з нячысцікамі знаецца. За іх гарою стаіць. Яны для яго найдарожшыя.
— Чаму ён сваю душу прадаў? — прамовіў Пятрусь.
— Чорт паабяцаў, што багацце дасць, калі ад бацькі адмовіцца, калі ад свайго народа адрачэцца, калі пра свае песні забудзецца. Прысягнуў сын, а чорт яго вядзьмарству навучыў, чарам самым лютым.
Ад народа адрокся гэты Казімір Міронавіч. Хто ж ён? І чортам не стаў, і чалавекам таксама не стаў. Няўжо стаіць вось так, пасярэдзіне? Не то чорт, не то чалавек, не то яшчэ хто. Бацьку ў скляпенне, бацькавы песні пад замок…
— Яму палац чорт пабудаваў? — перапыніў мае думкі Пятрусь.
— На касцях нявольнікаў. Раней у нас як было? Смяяліся, песні спявалі. У адным канцы пачнуць, а ў другім падхопяць. Чорт сыну ўвёў у вушы: «Зрабі так, каб людзі забыліся пра свае песні, пра свой род. Адразу іншымі стануць. Дзе абыякавымі, дзе баязлівымі, дзе свой гонар страцяць.
З іх тады зможаш вяроўкі віць». Паслухаўся сын чорта, злому навучыўся ад яго, пачаў вядзьмарыць, людзей ад памяці адбіваць. У адным казачным царстве сталі абыякавыя, пра сумленне забыліся, у другім гонар страцілі, свайго памагатага Іванку на іхні трон узвёў. Жывуць, ні роду, ні племені свайго не памятаюць. Цяпер сын, як мне здаецца, зноў кудысьці папёрся. Нядаўна сам казаў, што папрэцца. І там пачне круціць.
Вось яно што! У тых гарадах, дзе мы былі, людзі ад свайго роду адракліся, забыліся пра яго. Жывуць без памяці.
— Хто вы? Адкуль? — запытаў дзед Мірон. — Бачу, што не тутэйшыя.
— Доўга расказваць. Не ведаю, з чаго пачаць, — прамовіў Пятрусь.
— А ты пачні,— падахвоціў дзед Мірон. Пятрусь сеў каля сцяны і пачаў расказваць. Пра
ўсё-ўсё расказаў. Як жылі мы ў нашых Азарычах, як чыталі пра іхняе казачнае жыццё, як Мірон Казіміравіч нас у казку адправіў, як Казімір Міронавіч хацеў вядзьмарству навучыць. Расказаў і пра той горад, дзе жывуць абыякавыя, і як з Саўкам у прафілакторыі сядзелі.
Выслухаў дзед Мірон, прагаварыў:
— Кажаш, што хацеў збажыну загубіць?
— Але, — сказаў Пятрусь. — Чаму? Тыя людзі і так у ягоных руках.
— Стрэліла яму ў галаву. Добра, што вы не сталі чорную кнігу чытаць. І ў вас завяліся ліхія людзі. Ваш Мірон Казіміравіч кропля майго сына. Не скажу як, але праведалі яны адзін пра аднаго. Нейкім чынам дамовіліся, каб і ў вас падобныя парадкі завесці. Калі б навучыў вядзьмарству, то паслаў бы вас людзей дурманіць. Каб вашы людзі ад свайго роду адракліся, каб сталі кратамі сляпымі.
Дык вось чаго яны хацелі! І я ад свайго роду адрокся б, і Пятрусь адрокся б. Няўжо падобнае скляпенне пабудавалі б? Няўжо і мой бацька на ланцугу сядзеў бы? Год, два, тры сядзеў бы… Сівая барада да пояса вырасла б… І ў Петрусёвага бацькі вырасла б… А мы як угарэлыя насіліся б ад вёскі да вёскі, ад горада да горада, людзей баламуцілі б.
— Дзед Мірон, вас тут кормяць? — пацікавіўся Пятрусь.
— Не дае сын ад голаду памерці. У столі акенца. На вяроўцы спускае збан вады і кавалак хлеба. Лепей я не еў бы яго…
У мяне на вачах выступілі слёзы.
— Дзед Мірон, няўжо мы ніколі не трапім дамоў?
— Мой сын не даруе вам. Праведае, што былі са мною. Вы яго не перахітрыце. У вас чыстая душа. Нездарма вас выбралі, каб сюды паслаць. Розныя нячысцікі заўжды стараюцца чыстую душу ўскаламуціць. Хто яго ведае, чаму так. Ды не будзем пра гэта. Вельмі дамоў хочацца?
— Яшчэ як! — усклікнуў я.
— Добра, што вы пра свой дом не забыліся. Добра, што ёсць любоў. Яна дапаможа вам, выведзе. І я дапамагу.
— Як? — не стрымаўся я.
Дзед Мірон не паспеў адказаць, бо там, наверсе, нешта грукнула.
— Нехта зачыніў дзверы! — у роспачы ўсклікнуў Пятрусь.
Дзед Мірон зірнуў на нас.
— Няўжо мой сын вярнуўся?
Пятрусь узбег на лесвіцу, прыўстаў на дыбачкі і запытаў:
— Хто там?
А з-за дзвярэй данеслася:
— я. Палын. Не паслухаліся мяне. Цяпер у скляпенні з пацукамі гуляйце. Я даўно за вамі сачу.
Перахітрыў-такі нас. Схаваўся ў кустах. А мы не заўважылі, паверылі, што з ведзьмаком пайшоў.
— Вось хто вас падпілноўваў. Трэба неяк выбрацца са скляпення. — Дзед Мірон узяўся рукою за металічны абруч. — Дапамажыце мне ад гэтага ярма пазбавіцца.
— Як? — запытаў Пятрусь. Дзед Мірон тыцнуў пальцам.
— Там, у куце, ключ пад цаглінай. Прынясіце.
Апярэдзіўшы Петруся, я кінуўся ў кут. Сапраўды, ляжыць цагліна, пакрытая тоўстым слоем пылу. «Відаць, не адзін год праляжала некранутая», — падумалася.
Я прыўзняў цагліну, схапіў ключ і падбег да дзеда Мірона. Ён узяў яго, адамкнуў замок, шчоўкнуўшы адзін раз, другі, зняў абруч.
— Хлопец, падыдзі да мяне, — паклікаў Петруся.
Пятрусь спусціўся з лесвіцы.
— Вось што вам скажу, — звярнуўся да нас дзед Мірон. — Каб дабрацца дадому, трэба ісці на поўдзень. Туды, дзе сонейка. Яно выведзе вас. Ды цяжкай будзе дарога. Не кожны яе адолее. Відаць, і страху наберацеся. Але не спыняйцеся, ідзіце. Убачыце грушу-дзічку. На яе вершаліне гуслі. Мой сын іх павесіў. Калісьці на гуслях іграў сівабароды гусляр. Спакон вякоў, як найдарагая спадчына, ад бацькі сыну яны перадаваліся. Не змаўкалі, пакуль мой сын у гусляра падманам іх не забраў. Павесіў на дзічцы, а гусляра са свету звёў. З таго дня і пачаў вядзьмарыць. Не стала музыкі, не стала песень. Многа летаў наш народ гэтыя песні складаў. Калі зноў пачуе, то абудзіцца. Гуслі чарадзейныя, незвычайныя. Калі дакрануцца да іх, правесці па іхніх струнах, то загудуць, зайграюць, разбудзяць усіх тых, каго вядзьмак зачараваў. Прачнуцца людзі, спадуць чары. Зноў успомняць пра свой род, будуць жыць весела, у згодзе.
— А што будзе з намі? — пацікавіўся Пятрусь.
— Дома апыніцеся. Падарожжа ў казку сном здасца.