48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

— Добра. Я нікому-нікому не скажу.

— Янка, цябе, мабыць, цётка з барадой з ямы выцягнула. Вось і заступаешся за яе, — раптам прамовіў Мацей.

Ну й дае брат! Такая выцягне. Так выцягне, што ногі выцягнеш.

— Мяне Антон і Макар выцягнулі. Васілевіцкія хлопцы. Цётка з барадой схавалася, калі іх убачыла. Нейкая баязлівая яна.

— Ясь ідзе! — усклікнуў Мацей.

— Ясь! Ясь! — узрадавалася Алеся.

— Пра цётку з барадой каб ні слова, — папярэдзіў іх Янка. — Не след вёску на ногі паднімаць.

— Угу, — угукнула Алеся.

— Памаўчу, — муркнуў Мацей. — Яна і нашага бацьку можа за горла схапіць.

«Карціць расказаць, — падумаў Янка. — У такога, як ён, жаба на языку не спячэцца».

— Алеся! — здалёку паклікаў Ясь. Зачырванелася Алеся. Як жа! Храбры вой Ясь не хлопцаў, а яе, дзяўчынку, кліча.

Падбегла да Яся, блакітныя вачаняты ўзняла.

— Чаго?

Ясь нагнуўся і нешта зашаптаў ёй на вуха. Цікава. Янка непрыкметна бачком, бачком — бліжэй да іх. Ды толькі апошнія словы пачуў:

— Алеська, добра? Алеся як зарагоча:

— Дудачку з бузіны зробіш?

— Зраблю. — Ясь вырваў бузіну, прысеў на пляскаты камень-валун (невядома, калі і хто яго сюды прыцягнуў), дастаў нож, пачаў майстраваць дудачку.

Мала таго. Песню завёў:

Ой, стаяла бярозанькаПроці ўсходу сонца,Заплакала дзяўчыначка,Гледзячы ў ваконца.

Янка пазайздросціў яму. Прыгожа спявае. Што ж, голас не пераймеш. А вось праведаць, пра што ён Алесі казаў, не шкодзіць.

— Алеся, што табе Ясь казаў? Алеся пырснула ў далоньку.

— Прасіў, каб сказала, дзе цяпер наша Паўлінка.

Усяго чакаў Янка. Толькі не гэтага. Самы храбры вой, і раптам пытаецца пра нейкую дзяўчыну! Хлусіць Алеся.

Ой, чаму ж ты, мая маці,Мяне не ўзбудзіла,Як першая чарадаУ войска выхадзіла? —

спявае, цешыцца Ясь.

— Алеся, навошта ваша Паўлінка яму спатрэбілася?

— Хм, — хмыкнула Алеся, — яна ж яму даспадобы. Ці ж не чулі, як раней казала?

Янка глянуў на Яся. Спявае, выводзіць:

Ой, таму я, мая дочка,Цябе не будзіла,Бо паехаў твой каханы,Каб ты не тужыла.

— Алеся, мне не верыцца.

— Ну і не вер. Наша Паўлінка на балоце сена грабе. Не скажу Ясю, пакуль дудачку не зробіць.

Хутка ходзіць нож у Ясевых руках, журботна гучыць песня:

Ой, здаецца, мая маці,Не тужу, не плачу,А як выйду на вуліцу,Сцежачкі не бачу.

— Ясь, табе не раз даводзілася ваяваць? Так? — прагаварыў Мацей.

— Бывае на вяку сем лат на баку. Пакліча князь — і сядлаю коніка, — адказаў Ясь.

— Шмат дарог твой конік перамераў? — усё дапытваўся Мацей.

— Мне нават на Варажскае мора прыйшлося паглядзець, — сказаў Ясь.

— Якое яно, тое мора? — запытаў Янка.

— Вялікае. Глянеш — канца-краю не відаць. А вада такая салёная, што кашу можна варыць, ні шчопці солі ў гаршчок не ўкінуўшы.

— Там з крыжакамі ваявалі? — пацікавіўся Мацей.

— Ваявалі. Умеюць яны біцца. У іх ёсць і лучнікі, і конніца, і капейшчыкі. Сіла. А хітрыя, што лісы. Так і стараюцца вакол пальца абвесці. Бывае як? Малымі сіламі ўдараць у адным месцы. Князь са сваімі харугвамі туды. Яны ж, сабраўшыся ў кулак, у іншае месца б'юць, у безабароннае. Ды і мы не лыкам шытыя. Славяне мы. Добра іх нораў ведаем. Бачылі, як у балота загналі? Каб не загналі, то не адна маці заплакала б.

Ясь замаўчаў. Глядзіць кудысьці ўдалеч. Ці не тое далёкае салёнае Варажскае мора хоча ўбачыць?

— Ты дудачку ўжо зрабіў? — парушыла маўчанне Алеся.

Ясь паднёс да рота дудачку. Зайграла, заспявала дудачка. І здалося Янку, што расказвае яна пра слаўны славянскі народ, які не толькі мужна біўся.

— Ясь, як раней людзі жылі? Раней было шмат бажкоў? — запытаў, бо прыгадалася, як маці тварог ім выносіла, як шкадавала, што ў лес прагналі.

— Шмат. Былі заступнікі рода — Род і Рожаніца. Яшчэ людзі пакланяліся Перуну — богу грому, Велесу, які пра жывёлу клапаціўся. А ты чаму пра гэта пытаеш?

— Хочацца ведаць.

Ясь устаў, прытуліў яго да сябе.

— Пытайся, Яначка. Часцей пытайся. Ну, а калі вырасцеш, калі станеш у паходы хадзіць, то вечарам каля цяпельца шмат чаго наслухаешся. Падрастай. Хутчэй падрастай, Яначка.

— Я цяпер хачу ведаць.

— Забягайце да мяне. Пацешу. — Ясь падаў Алесі дудачку: — Трымай, перапёлачка.

Алеся ўзяла дудачку, сказала з гонарам:

— Я не перапёлачка, я дзяўчынка. Ясь засмяяўся звонка-звонка.

— Дзяўчынка, дзе твая Паўлінка?