48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

— Калі яшчэ раз такое пачую, то торбачкаю па галаве дам.

Янка паўшчуваў:

— Вы не вельмі. Разбубніліся, што чмялі. Дамоў пара.

— А я ведаю, што ў крыжакоў ёсць арбалеты, — прагаварыў Мацей.

Янка прамаўчаў. Пра такую зброю і ён чуў. Ведаў, што з арбалета страляюць драўлянымі стрэламі з жалезным наканечнікам. Аж на трыста — чатырыста крокаў.

— Арбалет далёка страляе. Стралой з арбалета можна нават рыцарскія латы прабіць, — зноў сказаў Мацей.

— Ну і што? — зірнула на яго Алеся. — Ясь суліцу кіне далёка і таксама рыцарскія латы праб'е. Мне тата сказаў.

— Табе казаў, а мне… А мне… — стаў наступаць на яе Мацей.

Алеся нечакана піскнула, нібы птушанё:

— Крыжакі!

Янка азірнуўся і зніякавеў. На ўскрайку лесу скупіліся коннікі ў белых балахонах, на якіх — чорныя крыжы. У пярэдняга конніка на шлеме пер'е, няйнакш, паўліна, пра якога нядаўна казалі. А над галавою аднаго з коннікаў сцяг, на якім вымалявана страшная Крывавая Рука. Так блізка Янка яшчэ не бачыў ворагаў, але адчуў, кожнай клетачкай адчуў, што гэта бяда, што трэба ратавацца як мага хутчэй.

«Татка-а!» — хацелася крыкнуць яму, хацелася прыціснуцца да бацькі, як у тыя зімовыя ночы, калі слухаў, як вые, пераклікаецца воўчая зграя. Але ж — крычы не крычы — бацька не пачуе. Далёка ён.

— Братка, мне страшна, — прашаптаў Мацей.

— Бяжым. У лазнякі… Там човен…

Янка схапіў за руку Алесю, пацягнуў за сабою. А яна (ну й дурніца!) упіраецца, хлімкае:

— Пачакай. Торбачку са шчаўем забылася. Торбачку…

Ззаду завылі, нібы галодная воўчая зграя. Янка азірнуўся. Прыгнуўшыся, імчацца. Уперадзе — страшная Крывавая Рука. Кроплі крыві, здаецца, важкія, што раса, на траву падаюць. Здаецца…

Здаецца… Ці сапраўды? Няма як марудзіць.

— Бяжым!

Яны прыпусціліся бегчы. Хутчэй, яшчэ хутчэй. Ззаду тупат капытоў. Страшная Крывавая Рука даганяе. А воўчая зграя вые, вые. Стоязыка.

— Братка-а! Братка-а! — загаласіў Мацей. А гэтая, малая, Алеся, скнарыцца:

— Я не магу. Я так хутка не магу.

Як і раней, свеціць сонца, блішчыць, дзе спакойна, дзе вірліва, імкнецца ўдалеч рака, зялёная трава пяшчотна лашчыць ногі. Ды вось даганяе Крывавая Рука. «Тух-тух-тух…»— цяжка стукаюць капытамі коні. «Тух-тух-тух…» — стукае ў скронях.

— Братка-а-а! Братка-а-а!.. — Мацей галосіць аднатонна, быццам кацянё, якое ў густой траве сядзіць, пакінутае, дарогі дамоў не ведае.

— Не магу. Не магу так хутка, — просіцца Алеся.

Бліжэй, гучней выццё галоднай воўчай зграі. Але ж і лазняк блізка, рукой падаць. Мацей збочыў, палез у кусты. Куды ж ён? Човен жа каля берага. Можна пераправіцца, не ўбачаць за павароткай.

— Мацей… Мацей…

Не чуе. Знік у кустах. Што ж, схаваецца. Крыжакі ў лазняк не палезуць. Пабаяцца. Ведаюць, што дрыгва.

— Яначка, не магу, дух займае, — загаласіла Алеся.

Ён сыкнуў на яе:

— Цярпі.

Усё. Здаецца, выратаваліся. Знаёмая сцяжынка. Яна на бераг выведзе.

— Алеся, яшчэ крышку. Вось і човен.

Янка штурхнуў Алесю ў плечы.

— Лезь.

Яна ступіла, упала на дно, знясіленая. Няхай. Няхай ляжыць. Так лепей. Што, калі з лукаў ці з арбалетаў пачнуць страляць?

Схапіў вясло, адпіхнуўся, стараючыся не плёснуць. Човен паслухмяна паплыў. «Вух», — вухнуў, жыруючы, шчупак.

На дапамогу

Янка саскочыў з чоўна, паклікаў Алесю:

— Вылазь.

А яна ляжыць, абхапіўшы галаву рукамі.

— Баюся крыжакоў.

— Вылазь. Яны на тым беразе.

Алеся ўсхапілася, вавёркай выскачыла з чоўна.

— Крыжакі… Яначка…

— У аеры нас не ўбачаць.

Сапраўды, аер густы, высокі. Тут і дарослы схаваецца. Калі па аеры прабірацца паўз бераг, то неўзабаве будзе грудок, за грудком — дрыгвяністае балота — пастка для таго, хто яго не ведае, а там — вёска, родная, свая, звыклая. Яна невялікая: усяго дзве вуліцы. Адна пачынаецца адразу ад рэчкі, на ўзгорку, а другая падыходзіць да лесу.

— У вёску пабяжым? — запытала Алеся.

Янка прамаўчаў. Ён і сам спярша хацеў бегчы ў вёску, расказаць пра ўсё, ды пасля перадумаў. Крыжакі праз Шчару не перабяруцца. Не ведаючы броду, не пасунуцца ў ваду. Самі патопяцца і коней загубяць. Дык чаго спяшацца? Мацей… Там Мацей. Што з ім? Што, калі высунецца? Як яго папярэдзіць, каб сядзеў у лазняку, каб носа не паказваў?

— Яначка, а калі хто-небудзь з нашых за раку паедзе? — прамовіла Алеся.

Праўду яна кажа. Не падумаў пра гэта. Крыжакі непадалёку, чакаюць. Быць бядзе…