48687.fb2
— Таўчэшся пад нагамі,— буркнуў ён.
— Сам ты таўчэшся, — не змаўчала Алеся. — Я збоку іду.
— Завяліся, — папракнуў Ясь. А Янка звярнуўся да яго:
— Чаму ты сказаў, што рабілі жытло? Трэба казаць: хаты.
— Хаты яшчэ не навучыліся будаваць. Бярвенні, як цяпер, не ссякалі. Рабілі сваё жытло з тоўстых сукоў, з касцей маманта.
— Мамант — гэта звер? — пацікавіўся Мацей.
— Але, звер. Ён быў самы магутны, самы вялікі ў нашым лесе.
— Такі, як тур? — запытала Алеся.
— Яшчэ большы. Скура ў яго была тоўстая, поўсць густая, а ўперадзе вытыркаліся белыя, што снег, клыкі. Іх называлі біўнямі.
— Дзе падзеліся маманты? — не вытрываў Янка. — Мо ў чужыя лясы ўцяклі?
— Чуў ад людзей, што загінулі, вымерлі. Усе як адзін.
Янка аж галавою пакруціў. Што ж выходзіць? І хітрыя лісы, і шустрыя зайцы, і мядзведзі-таптуны, і вавёркі-рыжухі, і адчайныя дзікі, і дужыя зубры, і рыжыя туры могуць загінуць, як загінулі маманты? Сёння жывуць, бегаюць, а заўтра іх не будзе? Не верыцца, што калісьці такое станецца.
— Дык як раней жытло рабілі? — перапыніў думкі Мацей.
— Замест падмурка клалі чарапы мамантаў, а пасля сухажыллямі ці скуранымі паскамі замацоўвалі сукі, шкілеты загінуўшых жывёл, якія зверху накрывалі шкурамі. А шкуры прыціскалі касцямі. Зімою распальвалі там вогнішча, грэліся, спявалі, б'ючы ў бубны, выводзячы трэлі на касцяных свісцёлках, дудках.
Янка ўявіў тое даўняе жытло, падобнае на будан, які і яны, хлапчукі, у лесе часта рабілі. Вядома, у хаце, асабліва зімою, лепей, чым у такім будане. Але ж людзі весяліліся, песні спявалі. Дружна жылі, як і цяпер. Калі б не было згоды, то не спявалі б песень. Вунь адкуль іхняя сённяшняя дружба пачатак бярэ! Здаўна. Моцную сілу дружба мае. Магутныя маманты згінулі, а яна жыве, красуе. Добра было б, каб яшчэ многія — многія леты жыла. Інакш…
Прыгадалася, як наляцелі крыжакі, як схапілі яго і Мацея, як пасля стаялі жалезнай сцяной. «Адзін дасуж, ды не дуж», — падумалася.
Ён дагнаў Яся, сказаў:
— Ты нядаўна казаў, што мы славяне. Славяне — гэта хто?
— Народ. Ёсць шмат народаў. Наш народ славянскі. Калісьці славяне жылі плямёнамі. Разам на паляванне хадзілі, разам ваявалі. Усё-ўсё разам рабілі.
— А як наша племя называлася? — рупіла дакапацца Янку.
— Мы панямонцы, — сказаў Ясь. — Нашы прашчуры — крывічы, дрыгавічы, радзімічы. Гэта тры славянскія плямёны.
— Ясь, — нясмела азваўся Янка, — крывічы, дрыгавічы і радзімічы розныя плямёны. Чаму яны блізкія нам, панямонцам? Не даходзіць да мяне.
— Цікаўны ты, — сказаў Ясь. — На запытанне ёсць і апавяданне. Вядома, спярша крывічы, дрыгавічы і радзімічы паасобку жылі, але адзін аднаго не цураліся. Сустракаліся, у госці ездзілі, ад ворага разам бараніліся. Здаралася, спустошыць вораг вёску альбо горад. Куды падзецца тым, каму пашчасціла жывым застацца? Ішлі да сваіх, да блізкіх, якія прымуць, якія прывецяць. З-пад Сажа на Шчару, з-пад Шчары на Сож.
— Як наш Алекса? — падала голас Алеся.
— Як наш Алекса. Я яшчэ так думаю: пасля аб'ядналіся яны, каб лягчэй было абараніцца. Продкі крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў сёння жывуць не толькі каля Нёмана, каля Шчары, каля але і каля Дняпра, каля Свіслачы, каля Нямігі, каля Прыпяці. Усё гэта Радзіма нашая.
— Усё гэта Радзіма нашая, — паўтарыў Янка. Успомнілася, як і бацька казаў, што ў паход на ворага ідзе не толькі Слонімская харугва, але і Гарадзенская, Берасцейская, Дарагічынская. Плячо ў плячо воі б'юцца, бо Радзіма адна. Б'юцца, абараняюць не толькі Парэчча ці Васілевічы, але і іншыя вёскі. Радзіму абараняюць. Сёння ты яе абароніш, заўтра яна цябе. Вось чаму людзі, калі віцы прышлюць, як адзін за зброю бяруцца. Радзіму ў крыўду не даюць.
Ідзе Янка поруч з Ясем, думае, разважае. Новы свет адкрываецца перад ім. І да гэтага адкрываўся. Лісцікам у траве, пчолкай на кветцы, хмаркай на небе. Ды не такі. Нейкі не такі. Іншы. Гэты цяжэй зразумець.
Яны непрыкметна выйшлі да Шчары.
— Бачыце вунь тыя кучы галля? — тыцнуў пальцам Ясь.
Сапраўды, каля густых лазнякоў, каля берага, горбілася невялікімі копкамі галлё, пачарнелае ад дажджоў.
— Ну і што? — паціснуў плячыма Мацей.
— Ясь, ты абяцаў нам бабровыя хаткі паказаць, — напомніла Алеся.
Ясь, не зважаючы, прагаварыў:
— Янка, і ты нічога не заўважаеш? Глядзі. Янка прыгледзеўся. Нездарма Ясь на тое галлё пазірае. Здаецца, прынесла яго немаведама адкуль, прыбіла да берага. Але ж зверху свежыя галінкі. Нават лісце на іх яшчэ зялёнае.
— Гэта бабровыя хаткі,— здагадаўся ён.
— Не, — не пагадзіўся Мацей. — Татка казаў, што бабровыя хаткі што каменныя. А тыя горбы воўк адной лапай раскідае.
— Няхай паспрабуе, — сказаў Ясь. — Усярэдзіне і знізу яны глеем абмазаныя. Глей засох, што гліна на таку.
— Няўжо гэта бабровыя хаткі? — прамовіў Мацей. — Няўжо бабры іх глеем абмазваюць?
Ясь павярнуўся да яго.
— Калі-небудзь бачыў птушынае гняздзечка?
— Бачыў. Такое маленькае, прыгожанькае, кругленькае. Мне нават не паверылася, што птушка так умее рабіць.
— І бабры ўмелыя работнікі,— сказаў Ясь.
— Мядзведзь усё роўна, калі возьмецца, разбурыць бабровую хатку.
— Таптун дужы звер. Ды бабра яму не злавіць.
У бабра ёсць падводны ход. Калі нявыкрутка, выберацца і паплыве.
— Давайце залезем у бабровую хатку, — загарэўся Мацей.
Ясь кашлянуў у кулак.
— Навошта баброў трывожыць? Усім хочацца спакойна жыць.
Янка моўчкі пагадзіўся з ім*. Сапраўды, усім. І людзям, і звярам. Бач, якія гэтыя бабры разумныя. Хатку ўмеюць будаваць. А яшчэ бацька казаў, што і рэчышча запрудай перагароджваюць. Валяць упоперак дрэвы, нават калы ў дно ўторкваюць. Пасля запруду абмазваюць глінай, глеем, дзёран наверх кладуць. Такую плаціну не кожны чалавек пабудуе.