48687.fb2
— Э-э-э…
Бабёр, гучна пляснуўшы хвастом, аж хвалі пайшлі, умомант знік пад вадою. Зноў выплыў, зноў пляснуў, нібы на развітанне.
— Во як б'е! — усклікнуў Мацей. — Каб мне так.
— Хвастом? — засмяялася Алеся. Мацей надзьмуўся.
— Ты сама, як хвост, за намі цягаешся. Хвастом, хвастом… Рукамі.
— Навошта табе так? — пацікавіўся Ясь.
— Каб крыжакоў біць. Ясь абняў яго за плечы.
— Крыжакоў тады паб'еш, калі навучышся. «Добра сказаў Ясь, — падумаў Янка. — Ворагаў-крыжакоў нялёгка перамагчы. Відаць, прыйдзецца з імі счапіцца. І дзед ваяваў, і бацька ваюе. А што зробіш? Воўк кожны год ліняе, але нораву не мяняе».
— Мне на балота трэба. Зойдзеце без мяне ў вёску? — сказаў Ясь.
— Не першына, — за ўсіх адказаў Мацей.
— Бывайце, хлопчыкі і дзяўчынка. — Ясь усміхнуўся і пашыбаваў да балота.
А яны пабрылі берагам ракі, абмінаючы старыцы-затокі.
— Ведаеце, што ў рэчках русалкі жывуць? — завяла гаворку Алеся.
— Ведаю, — адказаў Мацей. — Вечарам яны выходзяць у лес, гуляюць, водзяць карагоды.
— Яны і жыта не мінаюць. Аднаго разу я ў жыта зайшла. Хацела васілёчкаў на вянок нарваць. Толькі нагнулася, а ззаду: «Шу-шу-шу… Шу-шу-шу…» Гэта ж русалкі назіркам ішлі, мяне палохалі. Ой і ўцякала! Так бегла, так бегла…
— Распускаеш язык, — не стрываў Янка. Вядома, і ён чуў пра русалак. І як да сябе, у ваду, клічуць, і як карагоды водзяць на беразе, і як маладых дзяўчат запыняюць, просяць, каб адзенне далі. Слухаў пра гэта наставіўшы вушы. Але цяпер? Зноў, як учора, цётку з барадой наклічуць. А калі і не наклічуць, то абавязкова ўспомняць пра яе. І з якога ж балота яна вылезла? Няхай сядзела б там.
— Русалкі любяць па жыце гуляць, — завялася Алеся.
— Я русалак не баюся, — прагаварыў Мацей. — Я цётку з барадой баюся. Яна па нашым лесе, што выгнаннік, цягаецца.
Пра выгнанніка Мацей успомніў. А мо гэта сапраўды стары вой, які сваю сялібу пакінуў? Янку прыгадалася, як расказвала маці, што даўней воі, якія знемагліся, ішлі ў лес, дзе блукалі ад вясны да восені. Аніякага жытла ў лесе не рабілі, карміліся грыбамі, ягадамі, арэхамі. Здаралася, сустракаліся такія бадзягі. Як падчас сустрэчы заведзена? Роспыты, успаміны. А яны ані слова адзін аднаму не казалі. Моўчкі разыходзіліся, бо сваё апошняе слова казалі перад тым, як пакінуць родных. Казалі, што такія бадзягі разумелі мову звяроў, птушак, траў, чулі шоргат карэнняў.
Няўжо і цётка з барадой гэткі бадзяга? Не. Бадзягі не стануць пераапранацца ў жаночае. Дый старыя яны. З сівымі бародамі.
— Я такую гісторыю пра русалак чула, — не спынялася Алеся. — Паляўнічыя гналі лася. Гналі, гналі, і раптам прапаў ласіны след.
Мацей аж рот раскрыў.
— Прапаў?
— Перад самай непралазнай багнай. Глядзяць паляўнічыя: у багне агеньчыкі мігцяць, нібы да сябе клічуць.
Янка навастрыў вушы. Агеньчыкі… Мігцелі… Выходзіць, ноччу было. Ноч, непралазная багна, незвычайныя агеньчыкі, лось, які бясследна знік. Сапраўды, жахліва.
— Працерлі вочы паляўнічыя — русалкі танцуюць, рукі, што дым, выгінаюцца. Клічуць паляўнічых, завабліваюць.
Янка азірнуўся. З русалкамі, як і з цёткай, у якой барада, як у мужчыны, у лесе лепей не сустракацца. Лепей з галодным воўкам. Ад яго хоць на хваіне ўратуешся.
— Што сталася з паляўнічымі? — не выцерпеў Мацей.
— Паляўнічыя па пояс у балота праваліліся, ледзь вылезлі. Русалкі іх вакол пальца абвялі.
— Яшчэ не такое бывае, — не стрымаўся Янка. — Ехаў праз лес адзін чалавек. Бачыць: на дрэвах русалкі сядзяць. Валасы аж да зямлі спускаюцца. Цягнуць да чалавека рукі, не пускаюць. А конь на дыбкі становіцца.
— Во дзе набраўся страху! — сказаў Мацей ці то пра каня, ці то пра падарожнага.
— У таго чалавека якраз у кішэні хлеб ляжаў. Кінуў яго русалкам. Чуе: над галавою прашумела, нібы чарада груганоў праляцела. І ціха-ціха стала.
— Галодныя былі русалкі,— паспачувала Алеся. — Хлеба ім захацелася.
Балоцісты бераг скончыўся. Яны выйшлі на Мокры Груд (так у вёсцы гэтае месца называюць). Напэўна, таму, што заўсёды залівае яго, калі разводдзе. Бераг тут нізкі, пясчаны. Пясок белы, што мука. І каля берага неглыбока, па пояс, не болей. Тут, на водмелі, ляжаць, усмоктаныя пяском, пачарнелыя, слізкія бярвенні, карчы, груды, дзесьці адкрышаныя ад берага. Пад гэтымі бярвеннямі, карчамі, грудамі, ведае Янка, хаваюцца плоткі, мянькі, нават язі. Не раз іх проста рукамі лавіў. І цяпер зарупела.
— Алеся, Мацей, пачакайце. Мянькоў налаўлю.
Ён скінуў кашулю і ў нагавіцах, нават не падкасаўшыся, пабрыў па вадзе. Вада, як і ў крынічцы, якая каля вёскі, за агародам, чыстая, на дне кожны каменьчык відзён. А вось і корч ляжыць, пачварай вытыркаецца з вады.
Янка, нагнуўшыся, пачаў мацаць рукамі.
— Яначка, змяю не выцягні,— гукнуў Мацей. Бач ты, вучыць. Быццам ён, Янка, не ведае, што робіць. Рыбу нават з бацькам лавіў. І сеткай, і на восці. На восці звычайна едуць ноччу, вясною, калі рака па балоце разліваецца. Сунецца човен. Спераду, на носе, агонь гарыць. Падаюць водбліскі на ваду, асвятляюць. А яны плывуць нячутна, узіраюцца. І вось рыбацкае шчасце — шчупак, стаіць, ледзь-ледзь жабрамі варушыць. Б'е бацька восцямі — невялікім шастом, на канцы якога жалезнае вастрыё, падобнае на наканечнік дзіды, толькі з зацёнам, як на кручку, каб рыба не сарвалася. Б'е, цэлячы ў спіну. Шчупак затрапечацца, ваду ўскаламуціць, а бацька яго ў човен. За ноч іншы раз паўчоўна шчупакоў наб'юць.
Янка мацае рукамі пад карчом. Дзіўна. Нават плоткі не ўцякаюць. А корч гэты сюды, відаць, даўно прыкаціла. Глыбокую яміну вымыла вакол вада, умасціўшы ў яе корч.
— Яначка, глядзі, змяю не выцягні!
Непакоіцца Мацей. А мо знарок гукае, каб настрашыць? Не. Непакоіцца. Было б з-за чаго. Ён, Янка, гэтай вясною нават сачком, сплеценым з лазы, налавіў краснапёрак. Ёсць непадалёку азярынка пеўню па грэбень, якая вузкай пратокай злучаецца з ракой. У такія азярынкі часта плоткі і краснапёркі заходзяць. Любяць на сонцы пагрэцца. Вось і тады заўважыў цэлы касяк краснапёрак. Падкраўся, загарадзіў пратоку сачком. А краснапёркі высунулі спіны, луской пабліскваюць. У яго аж дух заняло. Абышоў азярцо, гукнуў, што на гусей: «Гыля! Гыля!» Краснапёркі стралою. І ў сачок, у сачок… Цэлую нізку дамоў прынёс. А Мацей непакоіцца.
Янка адчуў, што намацаў нешта слізкае, мяккае, жывое.
— Мянёк! — крыкнуў, не паварочваючы галавы.
Мацей ступіў у ваду.
— Вялікі?
— Ты не паднімеш.
Хацеў схапіць за жабры, а ён крутнуўся, выслізнуў.
— Яначка, не пускай, — затрапяталася Алеся.
— Не выпушчу, — прамовіў ён, стараючыся плячом зрушыць корч.