48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 29

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 29

Маці аж рукамі пляснула.

— Дзе ж табе пашчасціла? Бацька ўсміхнуўся.

— Багаты ці будзем, а галодны не будзем!

— Мама, спячы аладкі,— узрадаваўся Мацей. — А мяса зварыш, абальеш аладкі шчолакам. Ведаеш, як смачна!

І Янка не стрымаўся, цмокнуў языком.

— Спячы. Ух і наямося-а!..

Маці пячэ аладкі на сухім капусным лісці. Пасля ўсе разам — у такі дзень ні Янка, ні Мацей ні на крок ад яе не адыходзяцца — абрываюць тое лісце, кладуць аладкі ў ражачку, абліваюць шчолакам, у якім варылася бараніна. Праўда, так толькі на вялікае свята бывае. Звычайна аладкі пякуць з арэхаў і жалудоў. Канешне, жалуды горкія. Каб не было гаркаты, маці выварвае іх, перацірае на муку і, змяшаўшы з арэхамі, пячэ.

Янка глянуў на бацьку. Радасны, усміхаецца. Здаецца, вось-вось у скокі пусціцца.

— Мама, аладак напячэш? — не церпіцца Мацею.

— Круцішся пад нагамі,— паўшчуваў бацька. — Вось нецярпячка.

— Есці хочацца.

— Напячэ маці аладак. Мукі хопіць і на аладкі, і на бохан хлеба для падарожнага.

Янка пачырванеў. Пячэ душу сорамам. Не падумалі, што бацьку прыйдзецца вачыма свяціць. Каб хоць не ўспамінаў болей. Цяжка слухаць гэта. Што на гарачым вуголлі стаіш.

— Заўтра будзем брод камянямі масціць, — прагаварыў бацька. — Князь загадаў.

— Чаму загадаў? — пацікавіўся Мацей.

— Нашы воі ў паход ходзяць? Ходзяць. Пераправа ім патрэбна. Усёй вёскай будуць брод масціць. Талакой.

— І я хачу, — узгарэўся Янка.

— І я! — аж падскочыў Мацей. Бацька нахмурыўся.

— Няма чаго. Дома пабудзеце.

— Усе на рэчку, а мы… — пачаў Мацей. Бацька стукнуў рукою па стале.

— Язык і кія дапытаецца.

Янка моўчкі сеў на лаву. Усё-ткі не дараваў бацька. А заўтра каля рэчкі ўся вёска збярэцца. Талакой выходзяць усе: ад малога да старога. Талакой заўжды весела. Песні, смех. А ім у хаце сядзець. Запытае нехта: «Дзе Янка? Дзе Мацей?» Буркне бацька: «Дома». Вядома, праўды ён не скажа. Сорамна. Але кожны скумекае, што неслухі. Што ж рабіць? Моцна-моцна папрасіць бацьку, каб узяў з сабою? Не дапаможа.

Ён змахнуў з вачэй здрадлівыя слязіны.

— Тата, у нас да гэтага брод камянямі масцілі?

— Ад твайго дзеда чуў, што тады масцілі, калі драўляны Пярун на беразе Шчары стаяў.

— Які Пярун? — не зразумеў Янка.

— Той, у якога людзі верылі, калі шмат-шмат бажкоў было.

У печы трашчаць дровы. Маці ўвіхаецца, збіраецца пячы аладкі.

— Татка, я адным вокам гляну, як аладкі пякуцца. Можна? — папрасіў Мацей.

Бацька ледзь прыкметна ўсміхнуўся.

— Можна, паглядзі.

— Братка, ты не хочаш паглядзець? — узрадаваўся Мацей.

— Янку даспадобы, калі на стале ляжаць, — падпусціў шпільку бацька.

— Я… я… — пачаў Янка.

— Ведаю, — сказаў бацька. — Табе хочацца пра даўняе жыццё паслухаць.

Адгадаў бацька. Вельмі хочацца. Яно ж такое таемнае! Здаецца, дзень і ноч слухаў бы. Як гісторыі пра чарцей, пра русалак, пра ведзьмакоў.

— Татка, якія бажкі ў нас былі раней? Ясь крыху расказваў.

— Быў Дый. Гэта неба, якое мы бачым, і зоркі, якія на небе загараюцца. Быў Сварог. Усякі Агонь, які гарыць, — дыханне яго, а ўсякая цемра — цень ад яго.

Янка задумаўся. Чаму ж Агонь, які гарыць, — дыханне Сварога? Маці ў печы запаліла — гэта дыханне яго? А калі не адна яна запаліла, калі цяпер не адна печ паліцца? Ва ўсіх печах дыханне Сварога? Хіба магчыма, каб адзін-адзінюткі Сварог дыхаў і ў іхняй хаце, і ў іншых? Рупіць запытацца ў бацькі. Не. Яшчэ ўгневаецца.

— Татка, Ясь нам казаў, што і Род быў.

— Род правіў законы продкаў і звычаі. Роду спрадвеку ахвяравалі першы кус хлеба і апошні глыток вады. Ён нашы звычаі захоўваў, мову нашую, каб не знікла, каб не згінулі мы.

— Баяліся яго?

— Паважалі.

Янка падаўся наперад.

— Наш народ не згіне?

— Не думаю, што знойдуцца такія, якія ад свайго роду адракуцца.

«І праўда, — падумаў Янка. — Хіба знойдуцца? Адрачыся ад роду — ад бацькі, ад маткі адрачыся. Хіба магчыма такое?»

— Людзі стараліся заслужыць пашану ў сваіх багоў,— распавядае бацька. — Каб у Рода заслужыць, трэба было вось такі наказ выканаць: ды ўшанаваў сын бацьку, і двойчы ўшанаваў унук дзеда, і гэта ўшанаванне Рода.

— А Перуна баяліся?

— Пярун — заступнік таму, хто шукае. Ён насылае на ворага кару. Ну, ды хопіць пра гэта. Аладкамі запахла.