48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 30

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 30

Сапраўды, запахла. Мацей каля печы круціцца.

— Мама, ужо спякліся. Будзем есці.

— Паспееш з козамі на торг. Расчырванелася маці, як і бацька, усміхаецца.

Свята. Сапраўднае свята ў хаце. Аладкі пякуцца.

Вечарам каля мастка

Вечарэла, калі Янка і Мацей сустрэліся з Алесяй.

— Ведаеш, хто ў нашай хаце сёння быў? — падбег да яе Мацей. — Цётка з барадой. Яна хлеб з'ела. Той, які для падарожнага. Цэлы бохан. Добра, што нас у хаце не было. І нас з'ела б. Мабыць, галодная.

— Хлеб для падарожнага з'ела? Дык грэх! Мацей махнуў рукою.

— Напляваць ёй на грэх.

«Малы, а хітры, — падумаў Янка пра брата. — Не прызнаўся, што сам дзве лусты адрэзаў». Алеся сарвала травінку, скамечыла ў руках.

— Бацьку сказалі?

— Сказалі. Не верыць. Думае, што мы хлеб з'елі.

— Вы яго не елі?

Мацей пераступіў з нагі на нагу.

— Збегаю ў хату. Мне трэба.

— Не елі? Яначка, чаму ты маўчыш?

Янка вывеў на пяску босаю нагою літару «наш», якую пісаў Ясь. Што сказаць Алесі? Схлусіць? Магчыма, паверыць. Але ж праўду ў яму не закапаеш.

— Мацей усяго дзве лустачкі адрэзаў,— прызнаўся ён. — З'елі і зубоў не пагрэлі. Пасля прыйшлі ў хату, глядзім: хлеба і солі няма, ручнік на падлозе…

— Звядзе нас са свету гэтая цётка з барадой, — уздыхнуў Мацей.

Янку стала шкада брата. Трымціць, што асінка. Хутка носа з хаты не высуне. З хаты… Але ж і ў хаце страшна.

— Мацей, не бойся, — сказаў Янка. — Мы на яе пастку паставім.

У Мацея задрыжэла ніжняя губа.

— П-паставім… А пасля… Пасля што?

Да Янкі падскочыла Алеся, расставіла рукі.

— Яначка, не ідзі. Яна ўчарэпіцца кіпцюрамі і… Янка перапыніў яе:

— Мы здалёку падзівімся, як цётка з барадой пачыкільгае з пасткай у лес. Болей у вёску не сунецца. І дзесятаму закажа.

— Здалёку можна падзівіцца, — пагадзіўся Мацей. — Дзе паставім пастку?

— Каля мастка, на сцяжынцы. Думаю, што яна і сёння на наш агарод прысунецца.

Як гаворыцца, адклад не йдзе ў лад. Неўзабаве яны былі каля мастка.

— Яначка, можа, не трэба? — паспрабавала запярэчыць Алеся. — Калі цётка з барадой трапіць у пастку, то на ўсю ваколіцу енку наробіць. І мы страху набярэмся.

— Вушы затулі,— параіў ёй Мацей.

«Бач, як пасмялеў,— падумаў Янка. — Нядаўна тросся, а цяпер герой, пеўнем скача».

— Зловім. Братка, пастку ў ямку пастаў.

— Травы нарвіце, — загадаў Янка.

Мацей і Алеся, укленчыўшы, сталі рваць траву.

— Хопіць, — спыніў іх Янка. — Людзі падумаюць, што каровы скубліся.

Ён прыладзіў пастку ў ямку, зверху накрыў травою. Адышоўся, паглядзеў.

— Хадзем на агарод. У разоры схаваемся. Яны ляглі ў разоры, затаіліся. Шэры паўзмрок туманам наплываў з балота.

«Добра цяпер у хаце, — падумаў Янка. — А цётка з барадой і ноччу ў балоце сядзіць. Як яна церпіць? Хіба яна каменная?»

— Янка, — заварушыўся Мацей, — што будзе, калі ў пастку трапіць вялікая галава на павучыных ножках?

— Без ножак застанецца, бо пераб'е. Яны ў яе тонкія, — сказала Алеся.

— Хм, — хмыкнуў Мацей. — Пераб'е… Як тады ў сваё балота заклыпае?

— Пакоціцца. Як гарбуз, калі з гары пусціць. Янка здрыгануўся. Менцяць языкамі. Зараз пачнуць пра крывасмока з зялёнымі вачыма. Што гэта найшло на іх?

— Вялікая галава на павучыных ножках вечарам з балота вылазіць, — прагаварыў Мацей.

— Тс-с, — прыклала палец да вуснаў Алеся. — На мастку нешта стукнула.

— Табе здалося, — не паверыў Янка.

Алеся адкрыла рот, каб зноў нешта сказаць, ды з-за кустоў, якраз адтуль, дзе паставілі пастку, данёсся стогн:

— Ы-ы-ы…

— Цётка з барадой у пастку трапіла, — вырвалася ў Мацея.

Янка і без яго зразумеў, што трапіла. Проста так стагнаць яна не будзе. Хочацца хоць адным вокам глянуць на яе. Трэба было пастку перад кустамі паставіць. Што ж рабіць? А калі падпаўзці і з-за куста пацікаваць?

— Ы-ы-ы… — данеслася гучней.