48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 38

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 38

— Заб'еш, — падбег Мацей.

— Не, я проста палохаю.

Размахнуўшыся, ён свіснуў басалыком. Хацеў пацэліць па асоце, ды прамахнуўся.

— Не папаў,— падскочыў Мацей. — Дай мне.

— Спярша заслужы.

Думаў, што Мацей адчэпіцца, перастане кленчыць. Не тут тое было.

— Яначка, дай. Буду прасіць, пакуль не дасі. Будзе. З карка не злезе. Смала. Вядома, можна даць, не шкада. Але пасля з рук не вырвеш. Што ж прыдумаць, каб не назаляў?

— Мацей, давай загадкі загадваць. Хто адгадае, таму і басалык.

— Ой як добра! — падбегла Алеся. — Сёння мне Паўлінка загадкі загадвала. Я ўсе-ўсе запомніла. Цяпер вам загадаю.

— Загадвай, — прагаварыў Мацей.

— А што ўецца круг дзерава? — запытала Алеся.

— Пчала, — усклікнуў Мацей.

Янка ўсміхнуўся. Памятае Мацей, як пчала ўджаліла, калі мёд з дупла даставалі.

— Хмель уецца круг дзерава, — сказаў ён. Мацей махнуў рукою:

— Бі. Твая ўзяла.

Янка ўзняў басалык, а гусак зноў загагатаў:

— Га-га-га…

Янка замахаў рукамі.

— Гыля! Гыля! Не лезь пад ногі, дурань. Гусак, перавальваючыся, адышоўся, стаў шчыпаць траву. Янка зноў узняў басалык і, крэкнуўшы, свіснуў.

— Не папаў! — аж падскочыў Мацей. Так, не папаў. Нялёгка навучыцца.

— А што плача — слёз не мае? — запытала Алеся.

— Дзіцё, — гучна прамовіў Мацей. Алеся вытрашчыла вочы.

— Якое дзіцё?

— Маленькае.

— Хіба яно плача без слёз? Ты бачыў? Мацей шмыгнуў носам.

— Я яшчэ падумаю.

— Падумай, — усцешылася Алеся. — І ты, Яначка, думай.

— Думаю, — сказаў ён.

Што ж плача без слёз? Здаецца, такую загадку Ясь загадваў. Такую? Не. Ягоная загадка па-іншаму гучала: а што плача без голасу? Розныя загадкі. Плача — слёз не мае… Плача… Плача…

— Салавей, — усклікнуў Янка. Мацей адразу ж за ім усклікнуў:

— Сасна.

Янка не пагадзіўся.

— Чаму сасна? Салавей!

— А калі вецер усходзіцца? Сасна тады: гу-гу-гу, гу-гу-гу… Хіба не плача?

Нічога не скажаш. Быццам плача, быццам стогне. Нават не па сабе становіцца. Запомніў Мацей. Малайчына.

Янка ляпнуў брата па плячы:

— І ты адгадаў, і я адгадаў. Мацей расцвіў, што мак у агародзе.

— І твая чарга, і мая чарга.

— Чыя першая? — разгубілася Алеся.

— Няхай Янка б'е. Я паспею, — прамовіў Мацей. — Няхай яшчэ раз прамахнецца.

Янка прыжмурыў вока. Не, цяпер пацэліць. Павінен гэты пракляты асот збіць.

— Га-га-га, — пачулася за спінаю.

Зноў гусак. І чаго ж лезе пад ногі? Няхай бы шчыпаў траву. Ці не смачная?

— Гыля! Гыля!

— Ён з цябе смяецца. Га-га-га… — зарагатаў Мацей.

— Сам ты «га-га-га», — узлаваўся Янка. Прыжмурыў вока, прыцэліўся. Раз! Асот упаў, што касою падкошаны. Мацей падбег, схапіў яго і кінуў, нібы руку агнём апякло.

— Колецца, — паскардзіўся.

— Маленькі. Ты яшчэ зусім маленькі. Не ведаеш, што асот колецца, — паўшчуваў Янка.

— Давай басалык. Пабачым, маленькі ці ўдаленькі,— сказаў Мацей.

— Бяры, маленькі-ўдаленькі.