48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 39

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 39

Мацей узяў басалык, тыцнуў пальцам, паказаўшы на купіну асоту, якая расла якраз там, дзе быў гусак.

— Я той саб'ю.

— Гусака не забі.

— Я яго напалохаю.

Мацей з крыкам кінуўся на гусака, а той, растапырыўшы крылы, на яго. Мацей задам, задам…

— Беражыся! Зашчыпае! — крыкнула Алеся.

— Трымай нагавіцы, бо сцягне, — зарагатаў Янка.

— Ой! Ой! — схапілася за жывот Алеся.

— Чые нагавіцы? — разгубіўся Мацей.

— Твае.

— Ой, не магу! — зайшлася ад смеху Алеся.

Каб ведалі, што далей будзе, то гэтак не пацяшаліся б. Мацей ураз пачырванеў, нечакана махнуў басалыком і… гусак зваліўся на траву. Мацей укленчыў, узяў яго за дзюбу.

— Не варушыцца. Пацэліў. Проста ў галаву. З першага разу. Будзе нам. Уцякайма!

— Уцякайма! — падхапіла Алеся.

Яна першая, Мацей за ёю наўзахваткі ў вёску. І Янка за імі. Ногі быццам самі панеслі. Толькі ў вёсцы спыніліся, перавялі дух.

— Дасць сёння бацька, — сказаў Мацей. — Гусака забілі.

«Во зух! — падумаў Янка. — Забілі… Быццам усе разам. Быццам не ён адзін. Хітранькі». А Мацей зноў прагаварыў:

— Такога гусака забілі!

— Чаму кажаш, што забілі? Ты яго аперазаў,— не сцярпеў Янка.

Мацей апусціў галаву.

— Разам былі на балоце — разам і адказваць. «Сапраўды, разам. Са старэйшага дык болей спаганяецца», — падумаў Янка.

— Не сумуйце, — прамовіла Алеся. — Я вам загадку загадаю.

— Знайшла калі загадваць, — буркнуў Мацей. Янка пагадзіўся з ім. Не да загадак цяпер.

Што ж бацьку сказаць? Што? Гэта загадка. І яшчэ якая! Цяжэйшая за ўсе.

— А я ўсё-ткі загадаю, — прашчабятала Алеся. — Вы станеце думаць, як адгадаць, і кепскае забудзецца. А што цвіце без насення?

— Не ведаю, — паціснуў плячыма Мацей.

— І я не ведаю, — паціху сказаў Янка. Алеся, відаць, пашкадавала іх.

— Доля цвіце без насення. Янка горка ўсміхнуўся.

— Сёння наша доля адцвітае, а не цвіце.

— Давайце скажам бацьку, што васілевіцкія гусака забілі,— прагаварыў Мацей.

Янка ледзь не крыкнуў: «Давайце». Але ў галаве як тахне: «Праўду пахаваеш і сам з ямы не вылезеш».

— Не, — сказаў ён. — Трэба забраць гусака дамоў. Хоць мяса будзе.

Яны павалакліся на балота. У Янкі на душы, як гаворыцца, кошкі скраблі. Цудоўна пачынаўся дзень, і раптам усё дагары нагамі. Чаму так не шанцуе? Не ў сук, то ў камень. А гусі на выгане скубуцца як нічога ніякага. Вунь і тая купінка асоту, якую намерыўся збіць Мацей. А дзе ж гусак?

Яны моўчкі пераглянуліся.

— Няма гусака, — першаю азвалася Алеся.

— Тут ляжаў. Тут, — тупнуў нагою Мацей. — Янка, дзе гусак?

Янка паціснуў плячыма. Канешне, ляжаў. Але дзе ж ён? Сам пра гэта хацеў бы запытацца. Дзе? Не ўзняўся ж угору, не паляцеў.

— Мне… Мне нядобра, — прызналася Алеся.

— Чаму? — запытаў Янка.

— Сама не ведаю.

— А я ведаю, — усклікнуў Мацей. — Усё ведаю. Янка зірнуў на яго. Хвалько. Усяго сам Ясь не ведае.

— Што ты ведаеш?

— Ведаю, чаму Алесі нядобра. Ведаю, дзе гусак.

— Кажы, калі ведаеш.

— Алесі нядобра, бо яна, як і я, здагадалася, што гусака ўкрала цётка з барадой.

— Але, — ледзь чутна прамовіла Алеся. Янка ўздыхнуў. Цётка з барадой… Усё можа быць. Яна нават у хату прыйшла, не пабаялася. Так і бацьку сказаць? Не паверыць. Трэба забраць у яе гусака. Відаць, яна недзе непадалёку схавалася. Трэба знайсці. У ягоных руках зброя, з якою воі ў бой ішлі. Хіба не для таго ў Яся зброю прасілі? Трэба паказаць ёй сваю сілу. Але як Алесі і Мацею сказаць? Перапалохаюцца. Не, пакуль ім казаць не выпадае.

— Гусака ліса ўкрала, у лес панесла, — прамовіў ён. — Падкралася і пацягнула. Нядаўна круцілася каля вёскі.

Мацей затарабаніў, загаварыў скорагаворкай:

— Круцілася. Братка, яна далёка не адбеглася, на ўскрайку сядзіць. Мабыць, яшчэ не з'ела. Давай пашукаем. Кіне, калі напалохаем.

Янку стала няёмка. Мацей не баіцца, а ён павінен дрыжэць? Што, калі сапраўды ліса ўкрала? Ён сціснуў у руках басалык.