48687.fb2
— Мы гэтую лісу за хвост зловім і ў вёску прывалачом, — пахваліўся Мацей.
Яны падаліся ў лес. Як сказаў Мацей, лісу за хвост лавіць.
На ўскрайку, хоць пад кожны куст зазірнулі, яны не знайшлі ні лісы, ні гусака, ні нават перынкі.
— Няўжо ліса гусака праглынула? — пачухаў патыліцу Мацей.
— Далей панесла, — скумекала Алеся. Пайшлі далей. Янка сціскаў у руках басалык.
Што, калі тая цётка з барадой з-за куста выскачыць?
— Я вам загадку загадаю, — прапанавала Алеся.
— Загадвай, — пагадзіўся Янка. — Будзе весялей.
— А што бела не белена? — запытала Алеся. Мацей не задумваючыся сказаў:
— Лебедзь. Такую загадку Ясь загадваў. Здзівіла!
— Ёсць яшчэ адна адгадка. Падумайце.
— Я ведаю, — усклікнуў Мацей. — Бяроза бела не белена.
— Навучыўся адгадваць, — прагаварыла Алеся. — Мне мама казала: даўным-даўно людзі лічылі бярозу свяшчэннай.
Янку ўспомнілася, як казаў бацька, што раней людзі лічылі свяшчэннымі і розных жывёлін, і розныя дрэвы, і нават камяні. Запытаў тады ў бацькі: «Чаму людзі лічылі, што дрэвы свяшчэнныя?» Бацька падвёў яго да бярозы, якая і цяпер расце пры хаце: «Табе тут добра?» — «Добра, — сказаў ён. — Цянёк».
«Цянёк, — паўтарыў бацька. — А бачыў, якая яна прывабная, калі вясною лісточкі распусцяцца? Бяроза і сок дае, ад якога сіла прыбаўляецца».
Сапраўды, без прыгажунь бярозак і жыццё было б не такім добрым. Яна нават падказвае, якім год выдасца. Ёсць жа такая прыкмета: калі бяроза перад вольхай лісце распусціць, то лета будзе сухое.
Зразумела, чаму бярозу лічылі свяшчэннай, чаму пры хаце садзяць. Бярозка добрая, ласкавая. Яна як… Як і Алеся. Нібы сяброўка яна. А вось чаму камень лічылі свяшчэнным? «А што расце без кораня?» Пра яго прыдумана. Бярозка дае цянёк, ласку. А камень… Што ж ён дае? Чаму камень свяшчэнны? А-а, камянямі можна брод вымасціць, як яны талакой масцілі. А яшчэ… Яшчэ камень падмуркам служыць. Хата на ім стаіць. Цяпло ў хаце, песні ў хаце, жыццё ў хаце. І ён, камень, усё гэта трымае на сваіх плячах. Мабыць, цяжка, але нікому не скардзіцца. Нездарма кажуць: маўчыць, што камень. Трымае. Надзейна трымае… Каб жылі, каб радаваліся. Аб камень і ступіш, аб камень і павострыш.
Пра што ж яшчэ казаў бацька? Пра што? Вераб'іная памяць. Ага, успомніў. Расказваў, як перад паляваннем людзі збіраліся дзе-небудзь на рачным мысе. Іх склікаў вяшчун. Сам голы, толькі звярыная шкура на плячах, а над галавою аленевыя рогі. З белых каменьчыкаў выкладваў вяшчун таго звера, на якога збіраліся паляваць. Пасля ўзнімаў бубен і біў, склікаючы мужчын. З лукамі, з дзідамі ішлі яны на рачны мыс. Вяшчун распальваў вогнішча, зноў біў у бубен, выкрыкваючы закляцці, і пачынаў кружыцца… Пагойдваюцца ў такт над галавою аленевыя рогі. Мужчыны, пасеўшы ў кола, таксама пагойдваюцца ў такт, у адзін голас паўтараюць закляцці, просяць духаў, каб дапамаглі на паляванні. Дзень і ноч біў вяшчун у бубен, дзень і ноч кружыліся, дзень і ноч паўтаралі ягоныя закляцці мужчыны. Дзень і ноч… Вяшчун шчасця просіць… Сваім супляменнікам шчасця.
Запытаў Янка той раз у бацькі: «Навошта так?» Ён прамовіў: «Трэба было, сынок».
Чаму трэба было? Нездарма дзень і ноч сябе знясільваў. Можа, дух паднімаў? Можа, хацеў, каб нават самыя баязлівыя самымі смелымі сталі? Ці не таму?
— Яшчэ адну загадку адгадайце. А што шэпча не гаворачы? — бы здалёку, данёсся Алесін голас.
І адразу ж Мацееў:
— Братка, воўк!
Янка глянуў і скалануўся. Проста перад імі, каля ядлоўцавага куста, стаяў, падцяўшы хвост, вялізны калматы воўк. Стаяў нерухома, нібы камень, які ўрос у зямлю. Звычайна ваўкі, ведаў ён, не любяць з людзьмі сустракацца. А гэты вылез спадцішка, як з-пад мяшка.
Стаіць, скрыва пазірае. «А што шэпча не гаворачы?» Няўжо воўк? Няўжо ён не гаворачы шэпча?
Янка тупнуў нагою.
— Угу-гу-у-у…
Воўк нават не паварухнуўся.
— Якія страшныя ў яго вочы! — прашаптала Алеся.
— Ідзі. Сваёй дарогай ідзі. Не чапай нас, — пралапатаў Мацей.
Янка зноў тупнуў нагою, загугукаў, каб напалохаць:
— Угу-гу-у-у…
Не ўцякае. Стаіць. «Дык гэта ж не воўк, а ваўчыца!» — працяло здагадкаю. На днях бацька прынёс навіну ў хату: васілевіцкія з нары ваўчанят забралі, а ваўчыца некалькі разоў падыходзіла да вёскі, пакуль цялё не зарэзала. Помсціць за сваіх ваўчанят. Такія, як чуў, не толькі на жывёлін, але і на людзей нападаюць. Нібы шалеюць.
— Воўк на нас не накінецца? — прамовіў Мацей.
Янка сказаў праўду:
— Гэта не воўк, а ваўчыца. У яе васілевіцкія ваўчанят забралі. Трымайцеся каля мяне.
Ён ступіў некалькі крокаў убок. Ваўчыца разявіла пашчу, пазяхнула і скокнула ў гэты ж самы бок.
— Яна нас не пускае, — падала голас Алеся. «Не пускае, не пусціць, — падумаў Янка. — Пільнавала».
— Лезьце на хвойку, — загадаў Алесі і Мацею.
А ваўчыца (няўжо сцяміла?), скрыва паглядзеўшы (аж да пят працяло), пайшла проста на іх. Няспешна так.
— Лезьце. Глухія?
Кешкаюцца… Каб толькі ўратаваліся! Пасля раскажуць у вёсцы, што было. Няхай ведае бацька, няхай ведае Ясь, няхай усе-ўсе ведаюць, што ён не забаяўся. Чаму ж топчуцца? Чаму не лезуць?
— Лезьце!
— Братка, я з табою, — заенчыў Мацей. Ваўчыца ўсё бліжэй. Падыходзіць няспешна.
Не паказвае, што вось-вось скокне. Абмануць хоча. Не паверыць ён ёй.
— Алеся, лезь!
— Яначка, а ты?
Не даходзіць. Здзервянелі ад страху. Ваўчыца зусім блізка. Сапе. Здаецца, смурод з пашчы. «А што шэпча не гаворачы?» Шэпча не гаворачы… Сапе… Мо не сапе, а шэпча не гаворачы? Шэпча не гаворачы… Зразумела, што яна шэпча. Злосці поўныя косці.
Вось-вось кінецца. Ён свіснуў басалыком. Амаль без замаху. Так, як траву косяць. Ад неспадзеўкі ваўчыца падскочыла. Адбеглася, ашчэрыла зубы.