48687.fb2
— Я яму загадку загадала, — затрашчала Алеся. — А што стогне без немачы? Кажу, што свіння, а ён даказвае, што сабака.
— Сабака, — прагаварыў Мацей. — Я адгадаў. «Знайшлі з-за чаго спрачацца», — падумалася Янку.
— Канешне, свіння, — прамовіў ён і, павярнуўшыся, шпарка пакрочыў. Алеся і Мацей — подбегам за ім.
Мацей дагнаў яго.
— Ты моцна спалохаўся?
Не хочацца ўспамінаць. Навошта пытаецца? І так лезе ў галаву. Проста млосна становіцца…
— Алеся, яшчэ загадку загадай, — папрасіў.
— А што саладзей мёду? — запытала Алеся.
— Сон, — хуценька адказаў Мацей.
— Адгадаў,— усклікнула Алеся. Мацей усміхнуўся.
— Мяне хлебам не кармі, а дай паспаць. Мне і цяпер хочацца спаць. — Мацей, раскрыўшы рот, гучна пазяхнуў: — О-о-о!..
— Глядзі, каб муха не ўляцела, — засмяялася Алеся.
— Мацею за сном і адпачыць няма калі,— пачаў Янка ды раптам змоўк.
Узбоч, непадалёку, пад разлапістай елкай, гарэла цяпельца, а каля яго сядзела цётка з барадой і ела гусака: прагна, раз-пораз аблізваючы пальцы. Янку нават здалося: косці хрумсцяць на зубах.
Нейкае імгненне яны глядзелі на яе, а яна на іх. Затым ускочыла, заверашчала:
— А-а-а…
Янка сарваўся з месца і кінуўся на злом галавы. Нёсся, не выбіраючы дарогі. Шчасце, што зноў у багну не трапіў.
Стаў толькі каля хаты. Знячэўку хацеў у хату ўскочыць, ды што маланкай працяла: «Малыя дзе?» Азірнуўся — Алеся падбягае. Засаплася, бедная. А дзе ж Мацей?
— Алеся, Мацея не бачыла? Алеся падбегла да яго.
— Я… я… Я нічога не бачыла. Я так уцякала. Уцякала…
Выходзіць, не бачыла. Анічога не бачыла. Як і ён. Пакінуў брата. А ў руках жа басалык — сапраўдная зброя. Ад ваўчыцы не ўцякаў, а тут… Чаму? Апарыўшыся на малацэ — і на ваду студзіш?
— Яначка, Мацей прыбяжыць, — прагаварыла Алеся.
Няўжо Мацей адстаў ад Алесі? Але ж хутчэй за яе бегае… Сапраўдная зброя ў руках… Ад ваўчыцы не ўцякаў…
— Яначка, можа, Мацей у хаце сядзіць?
У хаце… У хаце… Трэба праверыць. Магчыма, сядзіць, іх чакае. Магчыма, апярэдзіў. А цяпер баіцца нос высунуць… Дажыліся. І ў сваёй хаце не вольна.
Янка адчыніў дзверы. Няма Мацея ў хаце. А калі на гарышчы? Са страху і на гарышча можна заляцець.
— Маце-ей!
Не азываецца. Няма і на гарышчы. Недзе там, у лесе. Што з ім? Пакінуў… Малодшага брата… А яшчэ ў Яся зброю прасіў. Думаў перамагчы цётку з барадой.
Ён сеў каля падмурка, апусціў галаву. Басалык пёк далоні. Што, калі Мацей у балота праваліўся? Янка прыгадаў, як падступае да грудзей халодная вада…
— Янка, а мо Мацея цётка з барадой схапіла? — заплакала Алеся.
Янка ўскочыў.
— У лес пайду. Пашукаю.
— А калі Мацей сам у вёску бяжыць?
— Сустрэну.
— Сустрэнем, — пагадзілася Алеся.
Янка сціснуў у руцэ басалык. І тут каля самай хаты пачулася песня:
— Ясь! — усклікнула Алеся і — з усіх ног да яго.
Ясь, убачыўшы Алесю, узрадаваўся:
— А-а-а, перапёлачка!
Алеся не дабегла да Яся колькі крокаў, стала.
— Мы… Мы гусака забілі.
Ясь аж прысеў.
— Чыйго гусака?
— Янкавага. Мацей басалыком забіў. З першага разу ў галаву пацэліў. А Янка ваўчыцу забіў. Яна нас дамоў не пускала.
— Бач ты! Хто варон ловіць, а хто работу робіць. Моцна стукнуў?
— Ваўчыца аж перакруцілася.
— Як кілбаса на патэльні? — зарагатаў Ясь.
— Не верыш? — пакрыўдзілася Алеся.
— Веру. Свая сіла кожнаму міла. Усё?