48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 45

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 45

— Пра што вы? — запытала маці.

— Проста так, — не прызнаўся Мацей.

— Вы ў горадзе не хадзіце рот раскрыўшы, — папярэдзіў бацька.

— Чаму? — пацікавіўся Мацей.

У бацькі вус прыўзняўся ўгору. Заўсёды так, калі смяшынку стараецца схаваць.

— Аглобля ў рот трапіць.

— Пацяшаешся, — надзьмуўся Мацей.

— Там вазоў не раўня як у нас. І народу многа, — ужо лагодней сказаў бацька.

— Многа — гэта колькі? — запытаў Янка.

Многа, так ён разумеў, калі ўсёй вёскай збяруцца, як нядаўна, калі талакой брод масцілі. Альбо калі на лузе разам косяць. Касцы доўгім-доўгім шнурам ідуць. І ў час жніва многа. Ну, а найбольш на Купалле, калі водзяць карагоды, калі агні па Шчары пускаюць. Аднаго разу бацька яго на Каўпак завёў, тыя агні з вышыні паказаў: «Бачыш, сынок?» — «Бачу», — сказаў ён. «Што бачыш?» — запытаў бацька. «Агні па Шчары плывуць. Ад вёскі да вёскі», — адказаў. «Што ні агеньчык, то чалавек. Глядзі, сынок. Адзін каля аднаго агеньчыкі. Так і ў бой ідзём, локаць у локаць. У гэтым наша сіла», — сказаў бацька.

Янка чакаў, што і цяпер бацька нешта падобнае скажа. А ён толькі прамовіў:

— Пабачыце. Пацярпіце трошкі.

Гэта для яго трошкі. А для іх вечар надоўга расцягнуўся. А ноч… Ноччу Янка раз-пораз усхопліваўся. Усё здавалася, што світае. Нарэшце бацька не сцярпеў: «Спі, бо заўтра не дабуджуся».

— Яначка, уставай, — завуркатаў зранку бацька ў самае вуха. — У Слонім паедзеш?

Ускочыў Янка і ў сенцы. Выглянуў на двор. Няма Яся. Засмуціўся: «Адзін паехаў. Абмануў».

— Чаго нос павесіў? — заўважыў бацька.

— Не трэба абяцаць, — у адчаі прагаварыў Янка.

— Не ўсё адразу робіцца. Хутка прыедзе ваш Ясь.

У Янкі быццам месяц над галавою заззяў.

— Паедзем?

— Збірайся. Прытарахціць.

Нарэшце дачакаліся Яську. Як сказаў бацька, прытарахцеў Ясь. Ён сядзеў на возе, нагружаным мяшкамі з жытам. Поруч — Алеся.

Бацька яшчэ ўчора сказаў Янку, што Ясь павязе князю жыта. Не першы раз мужчыны вазілі ў горад. Што ж, аброк. Калі жытам, пшаніцай, аўсом, сенам, то чамусьці называюць «дзяклом». Калі даюць подаці мясам і яйкамі, то — «мезлевам». Будуюць масты, дарогі, крэпасці, адбываюць падводную павіннасць. Ведаў пра гэта Янка, але сёння — не, не — прабягала ў галаве: «Аброк вязуць, а ў вёсцы голад. Чаму?»

— Сядайце, — запрасіў Ясь.

Янка і Мацей залезлі на воз, уселіся. Ясь гукнуў:

— Но-о!

— Ясь, чаму жыта князю вязеш? Хіба ў нас яно лішняе? — не стрываў Янка.

— Хочаш не хочаш, а князева аддай.

Кажа, што князева. Чаму князева? Хіба князь сеяў, жаў, малаціў?

— Ясь, і князю не хапае хлеба?

Горкая ўсмешка прабегла па Ясевых вуснах.

— У князя сталы ад ядзення-піцення ломяцца.

Сталы ад ядзення-піцення ломяцца, а апошняе забірае. Мабыць, не ведае, што ў іхняй вёсцы голад.

— Расказаў бы князю, як нам жывецца.

— Стане ён цябе слухаць. Шукай праўду ў людзей, — прамовіў Ясь.

Выходзіць, не стане. Аддавай — і ўсё. Здаецца, свой, а нейкі нялюдскі.

— Чаму ты ідзеш у яго войска? Чаму служыш яму? Ён жа слухаць нас не хоча.

— Я не яму служу. Я сваю зямлю ад ворагаў абараняю. — Ясь узняў пугу, махнуў.— Бачыш, якая яна, зямля наша? Хіба можна яе каму-небудзь аддаць?

Янку стала так сорамна, што хоць з воза злазь ды дамоў уцякай. Праўду сказаў Ясь. Зямлю ён абараняе. Не абараняў бы — крыжакі гаспадарамі па гэтай дарозе раскатвалі б. І каля крыніцы яны сядзелі б, нікога не падпусцілі да яе, і на Шчары рыбу лавілі б.

Ясь азірнуўся.

— Не сумуйце, хлопчыкі і дзяўчынка. Давайце лепш песню заспяваем. Га?

— Ты пачні, а мы падцягнем, — прапанавала Алеся.

Ясь пачаў спяваць:

А ў нашага суседаУчора была бяседа:Свіння ў дуду іграла,А курыца скакала.

Мацей і Алеся падхапілі:

А пятух прыпяваўІ ножкай прыбіваў.

— А ты, Янка, усё хмурышся, — прагаварыў Ясь, калі скончылі спяваць.

— Я думаю, — прызнаўся Янка.

— Пра што ж ты думаеш?

— Нядаўна ты казаў, што нашу зямлю трэба абараняць. Я яе буду абараняць. І Мацей будзе. Так, Мацей?

— Калі вырасту, то самага галоўнага крыжака на дзіду начаплю, — пахваліўся Мацей.

— Смелыя вы, — прамовіў Ясь. — Янка, і ты гэта мне хацеў сказаць?