48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 46

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 46

— Не. Мне хочацца ведаць, чаму тут зямля, як яна з'явілася. І ты не ведаеш?

— Што па вадзе плыве — не пераняць, што людзі гавораць — усё не пераслухаць. Вось што чуў ад людзей. Быў час, калі вакол, куды ні глянь, стаяла вада. А цемра была такая, што хоць вока выкалі. Ні месяца, ні зорак на небе.

— Ой, страхоцце, — не стрывала Алеся.

— Страхоцце, — пагадзіўся з ёю Ясь. — Святло дае радасць. Святло дае жыццё. А тады ва ўсім свеце плавала адна-адзіная качка. Прыйшла ёй пара знесці яйка.

— У яе ж не было гнязда! — усклікнуў Мацей.

— Будзь спярша выслухачом, а потым павядачом, — папракнуў Ясь. — Прыляцела качка да Багіні воднай стыхіі дый кажа: «Не знайду месцейка, каб знесці яечка, каб птушанятка выседзець». Зжалілася Багіня воднай стыхіі, узняла рукі, і ў яе цёплыя далоні качка паклала яйка. А неўзабаве так сталася, што ўзляцела качка, каб рыбай пажывіцца. Ні стуль ні ссюль каршун. Наляцеў, што чорная хмара, выхапіў яйка і панёс. Застагнала-закрычала качка. Узлавалася Багіня воднай стыхіі, сына-ветра паклікала, дала лук, стралу-маланку і загадала: «Забі каршуна». Сын-вецер напяў цеціву лука, пусціў стралу-маланку, працяў каршуна. Упала яйка з вышыні на грэбень хвалі і разбілася на дзве роўныя палавінкі. З адной палавінкі, з верхняй, утварылася неба і ўсё, што на ім: месяц, зоркі, хмары. А з другой, з ніжняй, цвердзь зямная. На ёй горы, лясы, пералескі, розная жыўнасць лясная, балотная і вадзяная. У нізінах рэкі, азёры.

— А з жаўтка? — запытала Алеся.

— З жаўтка — сонца.

— Мне спярша падумалася, што Багіня — гэта русалка, — прамовіла Алеся.

— Чаму? — пацікавіўся Ясь.

— Думалася, што гэткая ж. А яна добрая. Яна для качкі была як матуля.

— Шкадавала яе, — пагадзіўся Мацей. — А каршун сапраўдны крыжак. Наляцеў і панёс.

— Далёка не занёс, — сказаў Янка. — Так яму і трэба.

— Вось каб мне стралу-маланку! — усклікнуў Мацей.

— Навошта? — спытаў Ясь.

— Каб без промаху ў крыжакоў страляць.

— Вучыся — будзе і твая страла маланкай. Яны ўязджалі ў Васілевічы. Вёска як вёска.

На іхнюю падобная. Невялічкія хаткі, ліпы, бярозы пры хатках.

— Гляньце! Вунь Антон і Макар! — усклікнула Алеся так, нібы тых, даўно вымерлых мамантаў убачыла.

Антон і Макар стаялі на вуліцы. Відаць, толькі-толькі выскачылі з хаты. І яны глядзелі на ўсе вочы, нібы мамантаў убачылі.

Мацей прыўзняўся:

— У Слонім едзем! У Слонім!

— Мацейка, злезь! Вушы надзяру, — крыкнуў Антон.

Мацей не разгубіўся.

— Пашукай дурняў у іншым месцы. Бачыць сава сонца? Так і ты.

— Вырас з ляжачага сабаку, — галёкнуў Макар.

— Разумная галава, ды на дурной шыі,— агрызнуўся Янка.

— Зловім і крапівы ў порткі напхаем! — крыкнуў Антон.

Ясь махнуў пугай.

— Но! Но!

Конь трушком, трушком.

— Чаго вы, нібы сабакі? — паўшчуваў Ясь. — Некалі разам на крыжакоў пойдзеце.

— З імі не пайду, — буркнуў Мацей.

І Янку не верылася, што разам з васілевіцкімі пойдзе ў бой, локаць у локаць. Як можна разам, калі, сустрэўшыся, абавязкова пасварацца ці паб'юцца?

— Пойдзеце, — сказаў Ясь. — Некалі і я, як і вы, меркаваў.

— А ты з ваўчыцы шкуру садраў? — успомніў раптам Янка.

— Ясь, ты шкуру сабе забірай. Нам яна не патрэбна, — падаў голас Мацей.

— Ваша шкура па лесе бегае, — нечакана сказаў Ясь.

Янка вытрашчыў вочы.

— Як бегае?

— Там, каля трох ялін, не было ніякай ваўчыцы. Хутчэй іголку ў стозе знайшоў бы.

— Ясь, я ж яе…

— Забіў? — усміхнуўся Ясь.

— Можа, ваўчыцу цётка з барадой украла? — прашаптаў Мацей.

— За ногі павалакла, — засмяяўся Ясь і зацягнуў:

Сонца грэе, вецер вее,Жыта палавее.Маладая дзяўчыначкаРаботы не ўмее.

Васілевічы засталіся далёка ззаду. Паабапал стаяў лес, як здавалася, чужы тут, няўтульны. Янка, Алеся і Мацей сядзелі сцішыўшыся. А Ясь цешыўся, спяваў:

Вот рабіці — не прыбіці,Жыта — не зажаці,Як зайграюць музыканты,Не можа стаяці…

Дарога вяла ў Слонім. У горад, у якім ні Янка, ні Мацей, ні Алеся яшчэ ні разу не былі.

Слонім

Слонім… Колы заскакалі па тонкіх бярвеннях, па плахах, якімі слонімцы вымасцілі вуліцу. Паабапал вуліцы стаяць хаты, рубленыя з дрэва «ў абло». Стрэхі саламяныя, вокны, як і ў іхняй вёсцы, маленькія. На вялікіх падворках, за хатамі — свірны, клуні, пуні. Высока ўгору, нібы драўляныя рукі, цягнуцца асверы студняў. Каля кожнай хаты дагледжаны агарод.

— Стрэхі, як і ў нас, саламяныя, — здзівіўся Мацей.

— А вунь драўляная, — усклікнула Алеся.