48687.fb2
Хацеў запытацца пра гэта ў Яся, ды Алеся апярэдзіла:
— Ясь, а ты быў у той вёсцы, дзе з балотнай руды жалеза выплаўляюць?
— Быў.
— Як яна называецца?
— Рудаўка.
— Далёка ад Слоніма?
— За паўдня даехаў бы.
— Далёка, — прамовіла Алеся. — Ад нашай да Слоніма бліжэй.
Яшчэ адно слова запомніў Янка. Рудаўка… Ці не таму так назвалі, што балотная руда там? Відаць, таму. Іхняя вёска Парэчча, бо каля рэчкі стаіць, бо парэчак многа. А тая Рудаўка… Рудаўка… Руда… Выплаўляюць людзі жалеза, у горад вязуць. Каб было чым касіць, чым жаць, чым ад ворага абараніцца.
— Да княскага замка пад'язджаем, — папярэдзіў Ясь. — Да замчышча.
— Вось які ён, дзядзінец! — з захапленнем прамовіў Ясь.
— Што такое дзядзінец? — запытала Алеся.
— Умацаваны цэнтр горада. Гэтае замчышча і ёсць дзядзінец. Уся астатняя частка горада — пасад. Там рамеснікі і гандляры жывуць. Як думаеце: проста ворагу дзядзінец захапіць?
— Не праб'юцца, — сказаў Мацей.
«Не проста захапіць, — падумаў Янка. — Шмат зямлі людзі перавярнулі, каб равы выкапаць. Умацаваўся князь. Зразумела, чаму так часта людзей і з падводамі, і без падвод выклікае».
— Які прыгожы замак у князя! — усклікнула Алеся.
Нічога не скажаш. Прыгожы. Чырвонымі, жоўтымі, зялёнымі колерамі ззяе. Такога цуда Янка не бачыў.
— А што гэта? Чаму так ззяе? — дзіваваўся Янка.
— Рознакаляровае шкло ў вокны ўстаўлена, — растлумачыў Ясь.
А што гэта такое — шкло? Як цяжка зразумець гэты горад! Гэта ж цэлы свет. Новы, нязведаны. Як адкрыць яго? Трэба спытацца ў Яся, ён усё ведае.
— Ясь, не разумею я… Ясь пачухаў патыліцу.
— Так я і да князя сёння не траплю. Што ў нашых вокнах устаўлена?
— Бычыныя пузыры.
— А ў княскім замку ў вокнах шкло.
— Шкло — гэта такія бычыныя пузыры?
— Не. Шкло ёсць шкло. Яно бывае не толькі чырвонае, жоўтае ці зялёнае, але і празрыстае. Такое, як лёд. Праўда, больш празрыстае.
— Як лёд? Яго можна разбіць?
— Калі добра трэснеш, то разаб'еш.
— Чаму ж яно не растае? — падаў голас Мацей.
— Яно шкло, а не лёд, — сказаў Ясь.
«Каб хоць кончыкам пальца дакрануцца да гэтага шкла! — падумаў Янка. — Каб адчуць, якое яно: ці такое ж халоднае, як лёд? Бываюць жа дзівосы на свеце. Лёд, а і летам не растае. Шклом становіцца».
У замчышчы сям-там мільгалі людзі, часцей узброеныя. А вось каля замчышча іх што ў мурашніку.
— Ясь, чаму каля замчышча так многа людзей? У Янкі, як заўсёды, мноства «чаму?» і ў галаве, і на языку.
— Чаму? — перапытаў Ясь. — Тут торг. Тут шмат чаго купляюць, шмат чаго прадаюць. Дайшло?
Янка ўжо глядзеў на мост, перакінуты праз роў. Там стаяў вой, узброены дзідай.
— Чаго стаў? Праязджай! — крыкнуў ён Ясю.
— Злезьце з воза, — папрасіў Ясь. — Брамнік не пусціць вас у замчышча.
— Брамнік — гэта той вой?
— Ён. Вартаўнік пры варотах.
— Чаму не пусціць? — пацікавіўся Мацей.
— Калі ў кепскім кажусе, не садзіся на куце, — прамовіў Ясь.
Янка, Мацей і Алеся саскочылі з воза.
— Тут пачакайце мяне, — сказаў Ясь. — Ды не бойцеся.
— Мыш капы не баіцца, — запэўніў Мацей.
— Но! — крыкнуў Ясь.
Конь зацокаў капытамі па мосце. Янку здавалася, што капыты не цокаюць, а выбіваюць у такт: «Чаму? Чаму?»
Усё-ткі страшнавата без Яся. Вакол незнаёмыя людзі. Здаецца, усе толькі на іх і пазіраюць.
— Вы з Парэчча прыехалі? — запытаў вой-брамнік.
У Янкі аж дыханне перахапіла. Як жа! Сам княскі вой у іх пытаецца.