48687.fb2
— Як цябе зваць?
— Янка.
— Дзядзечка, а як вас зваць? — пацікавілася Алеся.
Брамнік у рогат:
— Ха-ха-ха… ха-ха-ха…
Смяецца, нібы яго хто за пяты казыча.
— Хіба я што смешнае сказала? — здзівілася Алеся.
Вой у адказ:
— Скажы адной бабцы, а яна ўсёй грамадцы. — Пасля, азірнуўшыся, запытаў: — Голад у вас?
— Галадаем, — сказаў Янка.
— Бяда, — уздыхнуў брамнік. — Мінулы год усё папаліла.
Янка хацеў сказаць, што сёлета важкі колас зернем наліваецца, ды Алеся папрасіла:
— Дзядзечка, пусціце нас у замчышча.
— Князь не дазваляе.
«Баіцца брамнік князя», — здагадаўся Янка.
— Давайце адыдземся, — звярнуўся ён да Алесі і Мацея.
Навошта чалавеку назаляць? Служба, як вядома, не свой брат.
Яны адышліся ўбок. І тут з натоўпу выскачыў хлопец, напэўна, яго, Янкаў, адналетак. Сам рыжы, босыя ногі чорныя, што зямля. Пра такія кажуць: укарэлі ад гразі.
Стаў насупроць і, цэдзячы праз зубы, праказаў:
— Чаго ў наш горад прыехалі?
Канешне, Янка прамаўчаў. Разумеў, што рыжы задзіраецца. А Мацея быццам хто за язык пацягнуў.
— Ногі памыў бы.
Янка скоса зірнуў на яго. Певень. Ды яшчэ які. Нават не разумее, што не на сваім сметніку.
— Паўтары, — з пагрозаю прамовіў хлопец.
— Ногі памыў бы, — прамармытаў Мацей. Янка ледзь стрымаўся. Карцела кухталя даць.
Лезе на ражон. Гарадскі, відаць, не адзін. Відаць, сябрукі побач.
— Паўтары, — стаў наступаць на Мацея. Мацей зніякавеў.
— Ногі… п-памыў бы. Гарадскі прыжмурыўся.
— Давай пакачаемся.
Янка азірнуўся. Дзе ж Ясь? Чаму не едзе? Няма як чакаць. Зараз рыжы Мацея так бразне на зямлю, што ўсе костачкі затрашчаць. На галаву вышэйшы.
Ён ступіў наперад.
— Са мною пакачайся.
Гарадскі кіўнуў галавою, паказваючы на Мацея.
— Спярша з ім, а пасля з табою. Тады Янка, як і Мацей, сказаў:
— Ногі памыў бы.
Гарадскі кінуўся на яго, імкнучыся схапіць за галаву, сагнуць, прыціснуць да сябе, каб дыханне перахапіла. Янка крутнуў галавою, абхапіў рыжага за плечы, з усёй сілы тузануў. На імгненне рыжы расшчаміў пальцы. Гэтага імгнення Янку хапіла. Падставіўшы ножку, ён штурхнуў хлопца. Той, не стрымаўшыся, паваліўся на спіну. Янка ўзваліўся на яго, прыціскаючы да зямлі.
— Здаешся?
Рыжы круціўся, што чарвяк.
— Не.
— Здаешся?
— Уставай. Хопіць качацца.
Янка адчуў, як хтосьці схапіў яго за кашулю, прыўзняў. Глянуў — Ясь.
— Пусці-і…
Ясь адпусціў яго.
— Не паспелі ў горад прыехаць — і ў бойку? Гарадскі ўскочыў на ногі, крыкнуў, адышоўшыся:
— Невядома, чыя ўзяла б.
— Не паспелі ў горад прыехаць — і ў бойку? — паўтарыў Ясь.
— Ён першы да нас палез, — стаў апраўдвацца Мацей.
— А твае парэцкія смелыя хлопцы, — гукнуў брамнік.