48687.fb2
— Ясь, а конь дзе? Мо ўкралі? — пацікавілася Алеся.
— Стаіць, сена хрумстае, — засмяяўся Ясь. — Ну, воі-разбойнічкі, на торг хадзем.
На торгу людзей, што няма куды яблыку ўпасці. Гудзе натоўп адным голасам. Хтосьці за рукаў цягне, нешта паказвае, кудысьці запрашае. І чаго толькі няма! Проста вочы разбягаюцца. Вісяць цэлыя свіныя тушы, побач вяленае мяса, нізкі сушанай рыбы. А далей розныя кавальскія вырабы: нажы, сярпы, сякеры, іголкі, галоўкі для стрэлаў і дзідаў, цвікі, мячы, замкі, кальчугі, шчыты, шпількі, жалезныя гузікі, пярсцёнкі, кольчыкі ў вушы, шаломы — жалезныя шапкі. Непадалёку розны посуд з гліны: збаны, міскі, чыгункі, конаўкі.
— Вунь заморскія вырабы, — сказаў Ясь. — З золата і срэбра.
Сапраўды, заморскія. Блішчаць, пераліваюцца срэбныя кубкі, пацеркі з каштоўнымі каменнямі, залатыя пярсцёнкі, срэбныя падносы, бранзалеты. А побач сваё, знаёмае: ткацкія станкі, прасніцы, вілкі для кудзелі. Гандляр, невысокі, увішны, што верацяно, прадае тканіну. Заўважыўшы, што Ясь стаў, закрычаў:
— Добры чалавек, колькі локцяў палатна бярэш? Тады маю, калі ў руках трымаю.
Янка раскрыў рот. «Колькі локцяў…» Нібы на іншай мове гаворыць. Не зразумець.
— Колькі локцяў — гэта што? — запытаў у Яся.
— Гэта дзве пядзі,— адказаў той, — ідзіце за мною, пакажу вам посуд са шкла.
Ён падвёў іх да паліцы, на якой шкляны посуд пераліваўся рознымі колерамі: жоўтым, зеленаватым, чырвоным, сінім…
— Вунь бутлі, збаны, бутэлькі. А там шкляніцы, чаркі, бакалы, кілішкі…
Янка амаль не слухаў яго. Так падмывала дакрануцца да шкла! Няўжо яно халоднае, што лёд? Як дакрануцца? Гандляр стаіць, пазірае. Але ж рукі так свярбяць!..
Ён не стрываў, дакрануўся да тоўстага збана. Дзіўна. Шкло зусім не халоднае, нават цёплае. Ці не ад таго, што нагрэтае сонцам?
Набраўшыся смеласці, пстрыкнуў пальцам, пацэліўшы пазногцем. Шкло, як здалося яму, жаласна зазвінела. «Яно ж плача. Яно нібы жывое», — пранеслася ў галаве.
— Хлопец, разаб'еш, — усклікнуў гандляр.
Янку стала сорамна. Дакрануўся не запытаўшы, а пасля яшчэ і пстрычку даў. Заплакала шкло…
Ён пацягнуў Яся за рукаў.
— Хадзем далей.
«Шкло плача… Шкло тое, што плача, — думаў ён. — Плача, бо баіцца, што разаб'юць. Трэба далікатна з ім».
Яны сталі каля гандляра, які прадаваў чаравічкі і боты з чырвонай, жоўтай і зялёнай скуры, аздобленай прыгожымі ўзорамі.
Янка заўважыў, што Ясь не зводзіць вачэй з гэтага багацця. Ён быццам прыкіпеў.
— Ведаю, што хочаш купіць, — тарганула яго за рукаў Алеся.
— Што? — азваўся Ясь.
— Чаравічкі. Маёй Паўлінцы. Мне Паўлінка сказала. Прызналася.
— Мае чаравічкі носкія, на назе лёгкія. Ваша Паўлінка будзе скакаць, што вавёрачка, — сказаў гандляр.
— Вось як! — прамовіў Ясь. Гандляр падаў чаравічкі.
— Хіба не прыгожыя? Хіба не зграбныя? Яны сапраўды былі прыгожыя: цёмна-ружовыя, расшытыя шарсцянымі зялёнымі ніткамі. Асабліва Янку спадабаўся ўзор-малюнак. У самым цэнтры ён падобны на сэрца, ад яго ідуць завіткі, быццам кудзеркі ў кучаравай дзяўчыны, а ў сярэдзіне малюнка — кругі, крыжы. Ён не стрымаўся, запытаў:
— Хто ж так вышываў?
— Сам, — пахваліўся гандляр. — Сам шыю — сам прадаю.
— Вы не толькі гандляр, але і шавец?
— І шавец, і на дудзе ігрэц. Прыходзіцца і вышываць. Спярша на скуру малюнак наношу. Пасля іголкай вышываю. Можна залатымі ніткамі. А можна, як і тут, шарсцянымі.
— Чаму скура рознага колеру? — запытаў Янка.
— Пра мой сакрэт хочаш праведаць? Папрасіся ў бацькі, каб адпусціў да мяне ў навуку. Усяму навучу.
Янка апусціў вочы. Някепска было б навучыцца. Шмат аддаў бы, каб так умець. Але ж…
— Наш Янка будзе кніжкі чытаць. І сам напіша кніжку, — сказаў Мацей.
— Вялікім чалавекам стане, — прамовіў шавец. — Такому не грэх і свой сакрэт раскрыць. Слухайце, ды, як гаворыцца, на вус матайце. Каб скура пафарбавалася на чырвонае, я яе націраю парашком з абпаленай чырвонай гліны. А каб на чорнае зрабіць, іншы фарбавальнік бяру, з соку вольхі. Не кожны яго здабудзе.
«Як многае ўмеюць людзі! Якія разумныя яны, якія зграбныя ў іх рукі! Калі ж я ўсяму навучуся?» — думаў Янка.
— Прыгожай Паўлінцы трэба прыгожыя чаравічкі,— не спыняўся гандляр. — У гэтых чаравічках Паўлінка ластаўкай праляціць. Бачыце, якія ў іх борцікі-берцы? Адкладныя. Захочаш — апусціш, захочаш — паднімеш.
Ясь дастаў невялічкі дубчык, прыставіў да падэшвы чаравічка.
— Якраз на яе нагу, — прагаварыў.
— Добрым словам мяне ўспомніце, — узрадаваўся шавец. — Гляньце, якія тут раменьчыкі. Спераду завяжаш — нізашто чаравічкі не спадуць.
— Наша Паўлінка і без раменьчыкаў не згубіць, — прамовіла Алеся.
— Канешне, не згубіць! — усклікнуў шавец. — Бярыце. Не будзеце крыўдаваць.
— Бяру, — сказаў Ясь.
Ён заплаціў, прыціснуў чаравічкі да грудзей.
— Няхай носіць Паўлінка на здароўе, — пажадаў на развітанне гандляр-шавец.
Праціснуўшыся праз натоўп, яны сталі каля невялікага століка, на якім была незвычайная дошка, падзеленая на роўныя чорна-белыя клеткі. На ёй — нейкія незвычайныя фігуры. За столікам, насупраць адзін аднаго, сядзелі старыя знаёмыя: тоўсты гандляр-багатыр у лісінай шапцы з зялёным верхам і каваль, які працаваў на падворку з сынам-падлеткам. І каваль, і гандляр-багатыр сядзелі моўчкі, толькі зрэдку перастаўлялі незвычайныя фігуры з адной клеткі на другую.
Янка вачэй не спускаў з гэтай дошкі. Чаму каваль і гандляр-багатыр сядзяць насупраць адзін аднаго? Чаму перастаўляюць фігуры? Не стрываў, запытаў у Яся:
— Чаму яны так?