48687.fb2
— Гэтая незвычайная дошка — шахматы?
— Дошка называецца шахматнай, а шахматы — тыя фігуркі, якія на ёй стаяць. Зразумеў?
— Не разумею, — прызнаўся ён. — Як гэта: гуляюць?
— Бачыш таго барабаншчыка? — кіўнуў галавою Ясь, паказаўшы на шахматную фігуру. — Гэтая фігура называецца пешка.
«Пешка, бо пяшком ходзіць», — падумаў Янка.
— А вунь ладдзя, — сказаў Ясь.
— А як называецца дзядзька, які сядзіць, скрыжаваўшы рукі на грудзях?
І праўда, фігура, мабыць, удвая большая за пешку, нагадвала, як сказаў Янка, дзядзьку. Ён сядзеў на невялікім пастаменце, па-ўсходняму склаўшы ногі і скрыжаваўшы рукі на грудзях. На галаве — шлем. На шлеме заклёпкі ў некалькі радоў. Гэты дзядзька, здавалася, хацеў сказаць: не падступайцеся да мяне.
Ясь ледзь прыкметна ўсміхнуўся.
— Гэта кароль. Самая галоўная шахматная фігура. Як князь.
— Добрая работа, — прамовіў Янка.
— Добрая, — пагадзіўся з ім Ясь. — З косці выразаны.
Янка чуў ад маці, што здавён рабілі на Панямонні фігуркі звяроў, людзей. Крамянёвым разцом выразалі з дрэва, з біўня маманта ў лясных нетрах, у глушы, каб не падгледзелі, каб не зраклі. Пасля вяшчун такую фігурку абкурваў дымам з замоўленых траў, каб увайшоў у яе дух Вялікай жанчыны, якая ахоўвае агнішча, прадаўжае чалавечы род.
«Навошта робяць гэтыя дзіўныя шахматы? — думаў ён. — Чаму каваль і гандляр-багатыр так узіраюцца на іх? Чаму столькі людзей сабралася? Хіба і яны, як і ён, ні разу іх не бачылі?»
— Ясь, ты казаў, што гандляр і каваль у шахматы гуляюць. Як гэта зразумець? — пацікавіўся Янка.
— На адным баку фігуркі белыя, а на другім чорныя. Бачыш?
— Бачу. Чорныя каваль перасоўвае. Гандляр-багатыр — белыя.
— Яны між сабою бой вядуць. Калі чорныя перамогуць, то каваль выйграе, а багатыр прайграе.
— Ваююць?
— Яшчэ як ваююць.
Хацеў Янка запытацца, як гэта выходзіць у іх, ды каваль як крыкне:
— Мат!
Янка аж здрыгануўся. А каваль, падскочыўшы, яшчэ некалькі разоў крыкнуў:
— Мат! Мат! Мат!
Ну нібыта карову выйграў.
Янка зірнуў на гандляра-багатыра. Пачырванеў, паволі-паволі ўстае, крэхча. А каваль яму:
— Лезь пад стол і кукарэкай. Янка здзіўлена глянуў на Яся.
— Чаму ён так?
— Каваль багатыра ў шахматы абыграў, а перад гэтым яны дамовіліся: той, хто прайграе, пад стол залезе і пракукарэкае.
— Лезь пад стол, — паўтарыў каваль.
— Давай яшчэ раз згуляем, — папрасіў гандляр-багатыр.
— Яшчэ пасля будзе. Лезь пад стол. Багатыр азірнуўся, нібы воўк, якога абклалі.
— Дамоў трэба. Дзеці чакаюць. «Выкручваецца, — здагадаўся Янка. — Хітранькі».
— Лезь, — загадаў каваль. — Учора я лазіў. Ты так смяяўся, што ледзь не лопнуў.
Вакол загаманілі:
— Лезь, лезь!..
— Чаго ўпіраешся?
— Не замаўляй зубоў, бо нікому не баляць.
— Спіну не зломіш. Не бойся.
— Кукарэкай.
— Давай. Лезь.
І Янка закрычаў:
— Лезь!
Багатыр зноў азірнуўся, нібы воўк, якога абклалі.
— Людзі-і…
— Лезь, пакуль за шкірку не ўзяў,— з пагрозай прамовіў каваль.
Гандляр заморгаў вочкамі. Здавалася: вось-вось слёзы пырснуць.
— Я табе аксамітныя каралі на золаце дам. Каваль не пагадзіўся.
— Сабе пакінь. Столькі ў цябе праўды, колькі ў рэшаце вады. Лезь!