48687.fb2
Што тут нарабілася! Людзі гарохам урассыпную.
Янка схапіў Алесю за руку, сілком пацягнуў за сабою.
Гарэлі, дагаралі пакінутыя вогнішчы. Часам іскры, нібы вогненныя кроплі, узнімаліся ўгору. Ці не цётка з барадой увіхалася там?
Доўга ў вёсцы гаварылі пра васіліска — цётку з барадой, як у мужчыны. Не дзіва: да смерці перапалохала ўсіх на Купалле. Янка аднаго дня сказаў маці: «А вы нам не верылі». Маці ўздыхнула: «Сынок, не цягайцеся па лесе».
Нагаварыліся людзі, набілі языкі. Неўзабаве яшчэ адна навіна абляцела вёску: Ясь жэніцца. Нездарма злавіў вяночак, які пусціла па рацэ Паўлінка. Знайшоў сваё шчасце.
Перад вяселлем Янкаву маці запрасілі за старшую каравайніцу. Вядома, і яму рупіла паглядзець, як у маладой будуць пячы каравай, але чамусьці не асмеліўся папрасіць у маці, каб узяла. Гэты вечар, напэўна, праседзеў бы дома, ды Алеся прыбегла.
— Яначка, хадзем да нас.
— Хадзем, — падтрымаў Алесю Мацей.
У Алесінай хаце — не толькі каравайніцы, але і суседзі. Пасярод хаты дзяжа з рошчынай — рашчыненым цестам.
Янка, Алеся і Мацей залезлі на печ. Добра на печы. З вышыні ўсё-ўсё відаць.
— Рошчына ў дзяжы паднялася. Зараз будуць цеста гібаць, размінаць, — сказала Алеся. — Яго нельга мясіць кулакамі, бо жаніх, калі стане мужам, будзе жонку біць.
«Кажа абы што, — падумаў Янка. — Хіба будзе біць Паўлінку Ясь? Ён жа такі добры. Паўлінцы купіў чаравічкі і бурштынавыя пацеркі».
— Ясь… — пачаў ён.
— Грамнічную свечку запалілі! — перапыніла Алеся.
Янка ўбачыў, што маці ўзяла тоўстую грамнічную свечку і, узняўшы яе, тры разы абышла вакол дзяжы.
— Чаму мая мама са свечкай вакол дзяжы ходзіць? — пацікавіўся Мацей.
— Грамнічная свечка нячысты дух адганяе, — адказала Алеся.
— І цётку з барадой?
— Мабыць.
— Цяпер заўсёды з грамнічнай свечкай буду хадзіць, — сказаў Мацей.
Янку прыгадалася тая купальская ноч, прыгадалася, як пад ранкі прывалокся Мацей, увесь у гразі. Казаў, што ў яму зваліўся. Цётка з барадой… Відаць, душу выме. І не толькі Мацею.
А маці, узмахнуўшы рукою, запрасіла:
— Просім бацьку роднага, маці родную, братоў, сясцёр, дзядзькоў, цётак, суседзяў, суседачак і малых дзетачак, гэты дар ці дазволіце ў шышкі гібаць, у боханы качаць?
— У шышкі гібаць! — пачулася дружна. І Алеся крыкнула з печы:
— У шышкі гібаць!
— Дзякуем бацьку роднаму, маці роднай, братам, сёстрам, суседзям, суседачкам і малым дзетачкам! — прамовіла маці.
І яшчэ два разы запытала, што з цестам рабіць. Кожны раз ёй адно і тое ж адказвалі, і кожны раз яна ўсім дзякавала.
— Чаму ўсё пытаецца? — не сцярпеў Мацей. Алеся ўсміхнулася.
— Так заведзена.
Янка глянуў на яе. Расчырванелася, вочкі гараць, што дзве вішанькі.
— Чаму так радуешся? — запытаў.
— Будуць каравай пячы.
Янка зусім не разумеў яе. Было б з-за чаго радавацца. Вось каб воі з паходу вярнуліся, крыжакоў разбіўшы, то канешне.
Маці тым часам узяла з дзяжы камяк цеста, запаленым канцом уваткнула ў яго свечку і хутка, спрытна зляпіла булачку.
— Прыгожая? — падняла ўгору.
— Добрая выйшла, — пачулася наўкол. А Алеся паведаміла:
— Пярвушка. Першая булачка называецца пярвушкай.
— І адкуль ты пра ўсё гэта ведаеш? — здзівіўся Янка.
— Сёння і ты праведаеш, — адказала Алеся. Што на гэта скажаш? Відаць, не раз і не два Алеся вось так дзівіцца.
— Што яшчэ будзе? — падаў голас Мацей.
— Будуць каравай гібаць, розныя фігуркі з яго ляпіць.
І праўда, розныя фігуркі пачалі з цеста рабіць: качачкі, ружы, гусакоў, шышкі. А маці зляпіла ката, падобнага на воя. З вусамі, у шлеме. Хтосьці з жанчын засмяяўся.
— Ці не Яся ты вылепіла?
Не сказала маці, песню завяла:
Падхапілі за ёю жанкі-каравайніцы:
Слухае Янка. Прыгожы голас у маці. І сама прыгожая. Здаецца яму, што прыгажэйшай ва ўсім свеце не знойдзеш.
— Мацей заснуў,— прамовіла Алеся.
Янка зірнуў на брата. Заплюшчыў вочы і сапе. Разбудзіць? Не. Няхай паспіць. Стаміўся.
— Зараз будуць каравай рабіць. Шышкамі яго ўпрыгожаць, — паведаміла Алеся.