48687.fb2
— У печ не ўлезе, — сумняваючыся, прамовіў Янка.
— Улезе, — запэўніла Алеся.
А жанчыны ўжо каравай шышкамі ўпрыгожваюць, песню пяюць:
Слухае Янка, мацерын голас ловіць. Яго сярод многіх-многіх галасоў ён пазнаў бы. Нават у Слоніме, на тым торгу, дзе Ясь падарункі Паўлінцы купляў. Яшчэ не ўбачыў бы яе, а голас пазнаў бы.
Шчыміць на душы. Шчыміць… Шчыміць…
Янка заплюшчвае вочы. Яму здаецца, што ён саскочыў з печы, што прытуліўся да маці, што яна лашчыць яго. Лашчыць, песню спявае. Раптам перапынілася песня. Чаму? А-а, крыжак, у якога паўлінавае пяро на грэбені шлема, да хаты пад'ехаў, дзіду наставіў: «Аддай». Каго ж ён хоча забраць? Ці не яго, Янку? «Мамачка, не аддавай мяне, — просіцца ён. — Я агністую кветку-папараць знайду, табе прынясу. Да канца сваіх дзён будзеш шчаслівая». Крыжак наставіў дзіду. Блішчыць вострае сталёвае лязо. У самы твар цэліцца. Маці туліць яго, Янку: «Не аддам. Гэта мой сын. Ён мне агністую кветку-папараць прынясе. Я да канца сваіх дзён буду шчаслівая. Буду. Буду. Буду…»
Янка расплюшчыў вочы. Які ж благі сон прысніўся! Крыжак… Чаму крыжак? А Мацей дзе? Дзе Мацей? І ён прачнуўся. Сядзіць, звесіўшы ногі.
— Вам з мядзведзем у бярлозе спаць, — засмяялася Алеся.
Янка пачырванеў. Заснуў. Змарыла. Трэба ж так! А ў Алесі сну ні ў адным воку.
— Я проста так. Я толькі вочы заплюшчыў.
Які ж благі сон! Чаму крыжак прысніўся? Няўжо зноў кепскае чакае? Не. Няма чаго наперад загадваць.
— Толькі вочы заплюшчыў? — усміхнулася Алеся. — Каравай з печы вынялі. Зараз у каморку панясуць.
Янка працёр вочы. На засланым белай настольніцай веку ад дзяжы каравай: пульхны, увесь у шышках.
— Ледзь з печы вынялі,— сказала Алеся.
— Бач які! — здзівіўся Мацей. — Нібы слонімскі гандляр-багатыр.
заспявалі каравайніцы.
— У каморку каравай панеслі,— сказала Алеся. Мацей аблізнуўся.
— Вось каб кавалачак адрэзаць, пакаштаваць.
Настаў дзень вяселля. Вяселле, як вядома, ад слова «весела». Весела распачаўся гэты дзень у вёсцы. Ох і хвацка танцавалі! Янку асабліва спадабаўся танец «Мікіта». Два хлопцы-танцоры, узяўшыся за канцы кія, пад музыку то адну, то другую нагу перакідваюць над кіем, як бы пералазяць праз яго. Спрыт трэба мець, каб станцаваць «Мікіту».
Янка глядзеў, глядзеў, не стрываў. Схапіў за руку Мацея.
— Давай і мы патанцуем. Той упёрся, што вол.
— Не хачу.
Ну, што такому скажаш?
А надвячоркам, калі Паўлінку збіраліся выпраўляць да маладога, знайшла іх Алеся.
— Ідзіце за мною. Пакажу, які пасаг у нашай Паўлінкі. Ён у скрыні ляжыць.
— А скрыня дзе? — запытаў Мацей.
— У гумне стаіць. Вось-вось хлопцы яе на воз панясуць.
У гумне, на таку, на якім звычайна малацілі збожжа, і сапраўды стаяла скрыня. Алеся прыўзняла вечка.
— Бачыце? — стала паказваць. — Кужаль, радзюжкі, ручнікі, абутак, вопратка, падарункі, якія наша Паўлінка падрыхтавала для Ясевых родзічаў.
— Багатая маладая! — працягла вымавіў Мацей.
— А ты як думаў? Некаторыя, каб скрыня была цяжэйшая, каменне кладуць, — сказала Алеся і заспявала:
— Хітрая тая маладая, — прагаварыў Мацей, калі Алеся скончыла спяваць.
А яна зачыніла вечка, сказала:
— Паглядзелі і хопіць. Бацька будзе сварыцца, калі ўбачыць.
Засмяялася і паляцела ў хату, што матылёк. А Мацею зарупіла вады напіцца.
— Братка, у роце перасохла. За Алесіным гумном крынічка.
— Ідзі і напіся. За руку цябе вадзіць?
— За руку не трэба, але хачу з табой.
— Баішся?
Мацей заморгаў вачыма.
— Баюся. Цётку з барадой.
Янка і сам пасля купальскай ночы хадзіў і азіраўся. Не жартачкі. На Купалле прыперлася, не пабаялася.
Яны абмінулі гумно, хацелі накіравацца да крынічкі, ды Янку здалося, што за рогам гумна нехта мільгануў. Ён стаў.
— Мацей, ты нічога не заўважыў? Мацей пераступіў з нагі на нагу.
— А што?
— Нехта за гумном стаяў. Убачыў нас і ўцёк. За рогам гумна схаваўся.
— Праўда?
— Я не жартую. Нехта схаваўся.
данеслася да іх песня.