48687.fb2
— Мацей, я не жартую. Там нехта хаваецца, — паўтарыў яшчэ раз.
— Нехта з гасцей. Зараз праверым, — прамовіў Мацей і пацёпкаў.
Янка — за ім. Выглянулі з-за рога гумна. Анікога.
— Дзверы! Дзверы самі зачыняюцца! — усклікнуў Мацей.
Янка глянуў. Ёкнула сэрца. Дзверы ў гумне паволі-паволі зачыняюцца.
— Мацей, хтосьці ў гумне сядзіць! Дзверы цягне, зачыняе.
— Зноў ад нас хаваецца?
— Але.
— Паўлінка ўжо ў сенцах, прыгаршчамі жыта ва ўсе бакі сыпле, — прагаварыў Мацей.
Янка не адказаў. Хто ж там хаваецца? Няўжо нехта з гасцей? А калі?..
— Ведаю, чаму хаваецца, — парушыў маўчанне Мацей.
— Чаму?
— Хтосьці з гасцей у гумно залез, хоча Паўлінчын пасаг украсці. Давай у шчыліну паглядзім.
— У якую шчыліну?
— Каля дзвярэй ёсць, бярвенні рассохліся. Не раз мы з Алесяй глядзелі.
— Давай паглядзім, — пагадзіўся Янка.
Хлопцы ўкленчылі каля дзвярэй, зірнулі ў шчыліну і… аслупянелі. Вечка ў скрыні адчынена, а ў ёй сядзіць цётка з барадой.
— Э-э-э… — вырвалася ў Мацея.
Цётка з барадой прыгнулася, пацягнула вечка. Яно глуха стукнулася аб скрыню.
спявалі дзяўчаты і маладзіцы.
Янка моўчкі стаяў на каленях. Краечкам вока ўбачыў: з хаты выйшла Паўлінка. На галаве вянок з зеляніны. Ясь побач. Высокі, прыгожы. На шапцы кавалачак чырвонай стужкі, зялёная галінка руты. За Паўлінкай і Ясем ідуць шаферы, свацця, сват. Вось падышлі да вазоў. Паўлінка вешае на дугу зеляніну, рознакаляровыя стужкі, чырвоныя хусцінкі.
Янка ўстаў, прыхінуўся да сцяны. За сцяной — руку працягнуць — скрыня, цётка з барадой у скрыні сядзіць.
Спяваюць дзеўкі і маладзіцы, стараюцца. Не ведаюць, хто ў скрыні. І як цётка з барадой там памясцілася? Можа, павыкідала пасаг?
— Чаго сталі?
Янка ўзняў вочы. А-а-а, хлопцы-шаферы. Напэўна, па скрыню прыйшлі, на воз панясуць. Панясуць… Цётку з барадой панясуць! Вось дык пасаг! Як сказаць, каб не скумекала, каб не пачула? Пачуе — выскачыць, накінецца…
— Яначка, чаго маўчыш? — падаў голас Мацей. — Уцякайма!
Мацей бокам, бокам і на агарод. Янка ж, ледзьве варочаючы языком, праказаў:
— У скрыні…
— Чаго блытаешся пад нагамі? Ведаем, што ў скрыні.
— Там…
— Не замінай, хлопец.
Не даюць слова сказаць. Нясуць. Ужо нясуць. Нядаўна па балоце гойсала. Цяпер нясуць.
— В-ведаеце…
— Не круціся пад нагамі.
Не хочуць слухаць. Як сказаць? З чаго пачаць?
— Яначка, уцякай. Я ляманту нараблю, — данёсся Мацееў голас.
— Там… Тут…
— Ой, хлопец, не ляпай пустое, бо як з цапа сарвецца, то й галаве дастанецца.
— У скрыні…
— Ведаем, што ў скрыні.
Не слухаюць. А ці казаць цяпер? Відаць, позна. Спруцянеюць, калі гэтая пачвара вылезе.
— Ох і цяжкая скрыня!
— Не разам на гару: паціхеньку, памаленьку.
— Бач, колькі пасагу ў Паўлінкі!
— Можа, камення наклала?
— Ты што! Не бачыў, як ткала радзюжкі?
— Прываліла Ясю шчасце.
Панеслі. Да воза. Кажуць, што шчасце Ясю прываліла. Такога шчасця і самаму лютаму ворагу не пажадаў бы.
— Гэ-э… Здаецца, барабаніць нехта.