48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 57

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 57

— У сундуку барабаніць?

Ужо барабаніць цётка з барадой. Не вытрывала. Не даспадобы, што нясуць. Па балоце хочацца ёй гойсаць…

— Апускайце. На зямлю апускайце.

— Чаму?

— Барабаніць…

— Выла-азіць…

— Ой, лю-юдцы-ы!..

— Разбягайце-э-ся-я!..

Дзе ж Антон?

Прыціхла вёска пасля Ясевага вяселля. Нават песні перасталі спяваць. То тут, то там чулася: «Васіліск… Пярэварацень… Цётка з барадой…» Куды згінула гэтая цётка з барадой, ніхто не ведаў. Нібы скрозь зямлю правалілася. Што ж, у той дзень кожны ратаваўся як мог.

Аднаго разу, калі Янка, Алеся і Мацей сядзелі каля хаты, падышоў да іх Ясь.

— Сумуеце?

— Сумуем, — прызналася Алеся.

— Цяпер і ў лес не сходзіш, — дадаў Мацей.

Ясь, апусціўшы галаву, сказаў:

— І стрэлы каля вушэй свісталі, і дзідамі хацелі дастаць — не баяўся. А гэтае страшыдла ўбачыў… Э-эх!

— Не адзін ты спалохаўся, — прамовіў Янка. Ясь быццам сам сабе праказаў:

— Мінулаю восенню крэпасць Велюёну ваявалі. Не было страху ў вачах.

— А хто ў паход вадзіў? — запытаў Мацей.

— Князь Гедымін. Ціхі наедзе — бойкі наскочыць. Так і ён. З наскоку хацеў узяць крэпасць. А крыжакі па нас з рушніц. Упаў князь Гедымін, не ўбярогся.

— Чаму вы гэтую крэпасць ваявалі? — пацікавілася Алеся.

— Яна здавён была нашаю, ахоўвала правы бераг Нёмана. Ды два леты назад аблажылі яе крыжакі, праламалі сцяну, уварваліся. Усіх, хто абараняў, выразалі. Хіба маглі мы яе аддаць?

Праўду казаў Ясь. Восень 1341 года выдалася сухой. Нават дрыгва перасохла. Вось і вырашыў менавіта восенню, а не зімою павесці сваіх вояў князь Гедымін у паход. Ведаў ад рыскуноў, што перабудавалі крыжакі крэпасць Велюёну, што пад яе заслонай наладзілі пераправу праз Нёман, каб набегі рабіць. Трэба было апярэдзіць іх.

— Здабылі мы тую крэпасць, князя па даўняму звычаю пахавалі, а крыжакам адпомсцілі,— сказаў Ясь.

Але, адпомсцілі. Сыны князя Гедымінавічы ўварваліся з войскам у Прусію. Не адзін крыжацкі замак тады спалілі, спустошылі, нямала палону набралі.

— Гедыміна каля той крэпасці пахавалі? — азваўся Янка.

— Не, — сказаў Ясь. — Ягонае цела прывезлі ў горад Вільню, склалі вялікі зруб са смольнага дрэва, князя апранулі ў тое адзенне, якое найбольш любіў. Пры ім паклалі шаблю, рагаціну, сагайдак — калчан на стрэлы. І пару сокалаў, пару хартоў — сабак найлепшых. Яшчэ каня жывога пад сядлом, а таксама самага любімага слугу і трох жывых палонных немцаў. Звязалі ўсіх разам і — на той смольны зруб. Падпалілі яго з усіх бакоў. Калі разгарэлася полымя, рысіныя і мядзведжыя кіпцюры ў агонь сталі кідаць. Пасля асобна попел і косці, якія не згарэлі, сабралі ў сасновую дамавіну і там жа пахавалі.

Слухаюць Янка, Алеся і Мацей, затаіўшы дыханне. Жывых хартоў, жывых сокалаў, жывога каня, любімага слугу, трох немцаў разам з князем спалілі. Чулі яны, што быў такі даўні паганскі звычай. Памерлых тады спальвалі, побач клалі сярпы, нажы, прасніцы — усё тое, што пры жыцці меў чалавек.

Ясь устаў і заключыў:

— Вось як бывае.

— Ясь, а любімы слуга князеў не прасіўся? Яго ж у агонь, — не стрывала Алеся.

— Князь яго любіў, і ён князя. Было гонарам у адным агні згарэць.

— Смелы, — прамовіў Мацей.

— Духам моцны, — сказаў Ясь і паволі паплёўся па вуліцы.

А Янка сядзеў і думаў. Пра што? І Ясь моцны духам. Ні стралы, ні дзіды не баіцца. Відаць, і агню не пабаяўся б. А вось цётка з барадой нагнала страху. Чаму так? На гэтае пытанне ён не мог адказаць.

З Ясем яны гаварылі зранку, а пасля паўдня яшчэ адна навіна абляцела вёску: прапаў васілевіцкі хлопец Антон. Пасвіў каровы і прапаў. Толькі пуга на ўзлеску засталася. Гукалі, клікалі яго — не дагукаліся, не даклікаліся.

Мужчыны, узброіўшыся, пайшлі ў лес. Апусцела вёска. Зусім стала ціха. Толькі жанчыны шэптам адна адной перадавалі:

— Шалёны воўк бегае, схапіў.

— Не, суседачка. Цётка з барадой украла.

Чаму шэптам казалі? Баяліся на сябе бяду наклікаць. Янкава маці не выходзіла з хаты. Нарэшце не вытрывала:

— На выган схаджу, пагляджу гусей. А вы з хаты і носа не высоўвайце.

Хіба ўседзіш у хаце?

Яна за парог, а яны за ёю. Глядзяць: Алеся бяжыць.

Падбегла і адразу сказала:

— Хлопчыкі, Антона цётка з барадой схапіла. Трэба ратаваць яго.

— Антона ратаваць! — аж пляснуў рукамі Мацей. — Ды ён… Ён казаў, што мне вушы адарве.

— Цэлыя будуць твае вушы, — папракнула Алеся. — А вось Антону…

Алеся не даказала да канца, ды Янка добра зразумеў яе. Сапраўды, цётка з барадой і вушы адарве, калі ў галаву стрэліць. Ёй чалавека не шкада. Невядома, што з Антонам. Што, калі тое страшыдла яго на агні смажыць? А ён жа яго, Янку, з ямы выцягнуў. Калі б не выцягнуў, то, мабыць, таксама шукалі б.

— Янка, ты баішся? — насмешліва паглядзела на яго Алеся.

Што сказаць? Канешне, баіцца. За лета гэтулькі нацярпеліся! Дый хіба ён адзін баіцца? Дарослыя шэптам гавораць.

— Яначка, у цябе ёсць басалык.