48687.fb2
Алеся ўсхліпнула.
— Алеська, не плач, — суцешыў яе бацька. — Вернецца Ясь. Ён вяроўку з ветру саўе. Праўду казаў. Не васіліск гэта.
— Ён… Яна мяне за руку валакла, — падаў голас Антон.
Мацей нагнуўся над ім.
— У яе капытоў не было?
— Не памятаю.
— А рогі не растуць?
— Не памятаю.
— А кіпцюры? Кіпцюроў на руках не бачыў? Відаць, доўга яшчэ ён дапытваўся б, калі б бацька не сказаў:
— Адчапіся ты ад яго.
— І праўда, прычапіўся смаліцаю, — падтрымала Алеся.
— Калі б мяне схапіла, то я яе да рысачкі запомніў бы, — буркнуў Мацей.
— Ваяка, — прамовіў бацька. Ён прыўзняў Антона. — Зараз крынічнай вады нап'ешся. Яна дасць табе сілы. А пасля і дамоў.
— Э-гэ-гэй! — пачулася непадалёку.
— Твае ідуць. Васілевіцкія. Хутка дома будзеш, — прагаварыў бацька.
З васілевіцкімі яны развіталіся каля лясной крынічкі. Праўду сказаў бацька. Сцюдзёная крынічная вада дала Антону сілы. Напіўся з берасценя — і што на свет нарадзіўся. Твар паружавеў, сам пажвавеў. Ці не чароўную сілу маюць крынічкі, звонкія, бурлівыя?
А пасля Янка, Алеся і Мацей стаялі на агародзе, чакалі Яся. Алеся ўсё ўздыхала.
— На каго нашу Паўлінку пакінуў?
Янка ж думаў пра іншае. Цвіком сядзелі ў галаве Ясевы словы: «Не бойцеся. Не васіліск гэта». Хто ж тады? І дзе Ясь падзеўся? Ён пра ўсё раскажа.
Ясь з'явіўся нечакана. Алеся кінулася да яго, абхапіла.
— Вярнуўся? Вярнуўся-а!..
— Вярнуўся, перапёлачка.
— Я Паўлінцы не сказала, што ты цётку з барадой шукаеш, — паведаміла Алеся. — Калі б сказала, то яна ўсю хату слязьмі заліла б.
— Малайчына, — пахваліў яе Ясь. Янка крануў яго за плячо.
— Ясь, ты знайшоў тое логава, дзе яна жыве?
— Знайшоў. Па зайцавых слядах можна і мядзведзя знайсці. Пад вываратнем нячысцік уладкаваўся.
— Усё-ткі нячысцік? Пярэварацень?
— Пярэварацень, ды не той. І жаба ў вадзе сядзіць, ды не рыба. Ноччу злаўлю паганца.
Зловіць… Канешне, ён зловіць. Нават бацька казаў, што чорта асядлае. А калі папрасіць, каб узяў? Трэба выціснуць страх з душы. Дый не нячысцік гэта. Відаць, нейкі прыблуда.
— Ясь, вазьмі мяне з сабою. Надакучыла хадзіць і азірацца. Не магу так. Дый дапамагу, калі што.
— Хочаш праверыць сябе?
— Ты ж некалі падлеткам пайшоў у паход.
— Было, — прамовіў Ясь. — Не будзеш плакаць, калі вазьму?
— Не буду.
— І я не буду, — усклікнула Алеся.
— І я, — азваўся за ёю Мацей.
— Кыш па хатах! — тупнуў Ясь нагою. Пасля, адвёўшы Янку ўбок, шапнуў: — Вечарам чакай мяне каля мастка.
Вельмі здзівіўся Янка, калі вечарам убачыў Яся. Было ад чаго. Ён нёс сетку, перакінутую праз плячо, а пад пахай трымаў паходню — кій, на канец якога звычайна намотваюць пакулле, прамочанае смалою.
— Ясь, ты рыбу сеткай лавіць сабраўся? — усклікнуў Янка.
— У гэтую сетку мы твайго васіліска зловім.
— Цётку з барадой?
— Яго… Яе… Цьфу! — Ясь плюнуў.— Вось брыда! Нават не ведаеш, як назваць: яго ці яе.
Рупіла Янку запытацца, як Ясь будзе лавіць цётку з барадой, ды ён сам пачаў:
— Сетку каля ягонага логава павесім. Улезе і заблытаецца. Пасля скруцім.
Проста ў яго выходзіць. А калі не ўлезе, не заблытаецца? Калі заўважыць?
— Гэтая цётка з барадой хітрая. Сама ў сетку не папрэцца.
— Не вешай носа. Сетку пастаўлю, калі добра сцямнее. Ціха зраблю. Ніводзін сучок не трэсне.
Канешне, Янка ведаў: Ясь сетку так паставіць, што цётка з барадой не пачуе. Але ж усю ноч прыйдзецца сядзець, чакаць, пакуль са свайго логава вылезе. Што, калі заснуць, а цётка з барадой на іх сетку накіне?
— Ясь, цётка з барадой будзе ў сваім логаве?