48687.fb2
Штосьці прагергетаў рыцар з паўлінавым пяром на грэбені шлема. Да Янкі і Мацея падскочыў крыжак са шрамам, наставіў дзіду.
— Каб не варушыліся. Падчаплю дзідай. «Мы заложнікі», — дайшло да Янкі. У ягонай душы зацеплілася надзея. Не раз і не два ад мужчын-вояў чуў, што крыжакі, каб сваю шкуру выратаваць, бяруць у палон заложнікаў. Выходзіць, і гэтыя не вераць, што перамогуць.
Нізкарослыя касматыя коні бліжэй і бліжэй. Ну, родныя, ну! Заенчыў баявы крыжацкі рог. Крыжакі выехалі з лесу. Блішчаць на сонцы жалезныя латы, блішчаць мячы, а над шалёным атрадам у промнях сонца — Крывавая Рука. Нечакана рыцар з паўлінавым пяром махнуў рукой-пальчаткай. Крыжакі ўмомант сталі ў кола, сцяною, адзін каля аднаго.
Расказваў бацька Янку, што крыжакі любяць біцца вось так, сцяною, адзін каля аднаго. Не падступішся да іх. Куды ні кінь — сталёвыя мячы ці вострыя дзіды. І ў гэтых так. Не атрад, а жывая крэпасць-цвярдыня.
— Татка, родны, беражыся! — на ўвесь голас закрычаў Мацей.
Крыжак са шрамам торкнуў Мацея дзідай.
— Не гаўкай.
Ляцяць касматыя коні. Стаіць крэпасць-цвярдыня. Здаецца, вышэй узнялася Крывавая Рука. І яна, відаць, чакае. На каго ж апусціцца?
Не дачакалася. Касматыя коні раптам сталі. Усе як адзін.
— Так, так, — сказаў Янка.
— Што? — не зразумеў Мацей.
— Няма як нападаць. Гэтыя ў жалезе, а нашы… Сам бачыш.
Знямела наваколле. Стаяць крыжакі. І нашы стаяць. «Ву-у, ву-у, ву-ву-ву», — загудзеў у кусце чмель. Бесклапотны, мёд збірае.
Ад вёскі, разразаючы паветра, данёсся плач. Плач-лямант. І адразу ж абарваўся. Нібы струну парвалі.
— Доўга будуць так стаяць? — запытаў Мацей.
— Маўчы. Не квялі душу, — сказаў Янка. Хіба ён ведаў, ці доўга? Хіба мог адгадаць, што прыдумаюць нашы? Адно разумеў: не адступяць. Не для таго сабраліся.
Наперад выскачыў Ясь. Адна, другая крыжацкая страла свіснула каля яго…
Ясь уздыбіў каня. Белалобы прыўзняўся на заднія ногі, заіржаў, крутнуўшыся.
— Во дае! — вырвалася ў Янкі.— Адчайны. Зноў засвісталі стрэлы. Ясь ірвануўся ўбок, стаў, замахаў мячом.
— Эй, вы! Хто на мяне? Страшна з вока на вока? Яшчэ выхваляюцца! За вочы і мышанё кату хвост адкусіць пагражае.
Янка ўбачыў, што крыжак, які трымаў сцяг, перадаў яго другому. Крэпасць цвярдыня расступілася, і ён вынесся з кола на чорным, што жук, кані. Ясь, галёкнуўшы, паімчаўся насустрач. Прыгнуўся да самай грывы, толькі меч паблісквае. І крыжак нокае, паганяе каня. Блішчаць сталёвыя мячы.
— Давай, давай, — прашаптаў Янка.
Каб мог, кінуўся б напярэймы крыжаку, галёкнуў бы так, што спуджаны конь уздыбіўся б.
Коннікі ўсё бліжэй, бліжэй. Коні — Ясеў Белалобы і крыжацкі, чорны — наляцелі адзін на аднаго, заіржалі. Скрыжаваліся мячы. Ясь і крыжак, быццам нябачная сіла іх ірванула, як па камандзе, вылецелі са сваіх сёдлаў. Ашалелыя коні панесліся з усіх чатырох па лузе…
«А-а-а-а!» — паплыў ад вёскі лямант-крык.
Янку быццам асляпіла сонца. На імгненне заплюшчыў вочы. Калі расплюшчыў, то ўбачыў: крыжак, раскарачыўшыся, стараецца ўстаць. А Ясь… Ясь бяжыць да яго, узняўшы клявец. Падбег, бэнцнуў раз, другі. Нібы цвік з размаху забіў. Крыжак выцягнуўся на зялёнай траве. Адкінуў ногі.
— У-у-у! — скрыгітнуў зубамі крыжак са шрамам.
Янка са страхам глянуў на яго. Мурашкі прабеглі па спіне. Цяпер літасці не чакай.
Ды крыжак, мусібыць, зусім забыўся пра іх. Калі б Янка скумекаў, то штурхнуў бы Мацея, кінуліся б разам у гушчар.
«А-а-а-а!» — вокліч радасці данёсся з вёскі.
«А-а-а!» — падхапілі мужчыны-воі.
Зноў завыў баявы крыжацкі рог. Крыжакі белай хмарай рынуліся наперад.
«Яся крыжацкія коні затопчуць, — падумаў Янка. — Чаму не ратуецца? Чаму спіць у шапку?»
А Ясь… Ну й Ясь! Прарэзліва свіснуў, і Белалобы (які ж разумнік!) наўскапыта паімчаўся да Яся. Крыжакі на ўвесь скач. Вось-вось накінуцца зграяй. І накінуліся б, калі б нашы воі наперарэз ім не рванулі. Узнялі лукі. Свіснулі ў паветры стрэлы. Адзін, другі крыжак упаў, узмахнуўшы рукамі. Прыпынілася крэпасць-цвярдыня. Белалобы ўжо каля Яся. Ясь ускочыў на яго — і да сваіх.
— У-у-у… — чмялём загудзеў крыжак са шрамам.
«Угу-гу-гу…» — адгукнулася жывая крэпасць. І з усіх капытоў на нашых вояў. Ашалелі. Цяпер сапраўды ашалелі.
Янка выцягнуў шыю. Дзе ж бацька? Ага, вунь, наперадзе. Побач з Алексам. І Алесін бацька каля іх… Ляцяць крыжакі, высока ўзнімаецца Крывавая Рука. Каго яна сёння дастане?
— Татка! Татка-а! — тоненька завёў Мацей.
— Не плач, — сказаў Янка. — Слязамі гору не паможаш.
Так, не паможаш. А крыжак са шрамам парадуецца, калі ўбачыць, што плачуць.
Нясецца шалёны атрад. Цяжкія капыты крыжацкіх коней сцінаюць кветкі. А нашы воі, чаго Янка ніяк не чакаў, паімчаліся назад што сілы. Крыжакі за імі.
Янку хацелася ўпасці тварам у траву, затуліць вушы, каб нічога не бачыць, каб не чуць. Але ён глядзеў, упіваўся вачыма. Трэба глядзець. Яму бацькаў меч прыйдзецца ўзяць у рукі.
Нашы воі імчацца якраз туды, дзе брод. У Янкі перахапіла дыханне. Няўжо крыжакоў у вёску прывядуць?
— Татка! Татка! — з горыччу прамовіў ён.
«У-у-у, у-у-у…» — заскавыталі крыжакі.
Нашы воі раптам павярнулі да лесу. Крыжакі ваўкамі за імі. Янка аж трымцеў. «Так, так, — шаптаў ён, сам таго не заўважаючы. — Добра, што брод не паказалі. У лесе ратунак. Не дагоняць у лесе».
Нашы мінулі палянку, ускочылі ў лагчыну, парослую аерам, асакой. «Там жа балота, твань!» — ледзь не крыкнуў Янка.
Не ведалі крыжакі, што перад імі пагібель. Лёгкія коні нашых вояў праскочылі балота, а вось крыжацкія, закутыя ў жалеза, адразу ж загрузлі, праваліліся. Некаторыя, пярэднія, па самыя вушы. А нашы воі, узяўшы ў клешчы крыжакоў, сталі іх перыць, дубасіць, хвастаць. Білі цапамі, кляўцамі, секлі мячамі, сякерамі, калолі дзідамі, рэзалі косамі. Не бой, а пабоішча.
Янка не шкадаваў крыжакоў. Не было жалю. Іх ніхто сюды не прасіў. І сам, каб прымеў, біў бы. За Алесю, за Мацея, за тыя страхі, якіх набраліся.