48687.fb2
— Моркву рве?
— І моркву, і да морквы. Мыш есці не просіць, сама сабе наносіць. Ну, хадзем.
Пакуль прайшлі праз балота, стала шарэць. Туман, што мяккай воўнай, ахутаў дрэвы, кусты, суцэльнаю сцяною злучыўшы вёску з лесам.
Янка цягнуўся за Ясем, а той часам прыпыняўся, прыслухоўваючыся. Яшчэ трывожней станавілася на душы. «Што, калі выскачыць тая страхалюдзіна, учэпіцца кіпцюрамі за руку і павалачэ?» — думалася.
— Ясь, у цябе можна запытацца?
— Пытайся. Да логава яшчэ далекавата.
— Па гэтых сцежках і нашы прашчуры хадзілі? Так?
— Так.
— Дрыгавічы, крывічы, радзімічы?
— Так.
— Пра дрыгавічоў і радзімічаў ты расказваў. А пра крывічоў чамусьці не.
— Не забыўся. Малайчына, — пахваліў Ясь. — Што сказаць пра крывічоў? Яны калісьці жылі каля рэчкі Дзвіны, дзе слаўны вой Палтэс заснаваў горад Полацак. Пасля ў Полацкім княстве панаваў князь Рагвалод. Рагвалод — значыць валадар ускраю, альбо рога зямлі. Як бы самая крайняя тая зямля ад нас.
Крывічы — ад слова «кроў», сваякі па крыві. Гэтае племя было самым магутным і шматлікім з усіх усходнеславянскіх плямёнаў. Крывічы і зямлю аралі, і збожжа сеялі, і паляўніцтвам, і бортніцтвам, і рыбнай лоўляў займаліся, і сваімі рамеснікамі славіліся. На высокіх пагорках, у крэпасцях, яны будавалі высокія вежы, сачылі адтуль, ці вораг не йдзе.
Напаў на Полацкае княства князь Уладзімір, які жыў у Ноўгарадзе, — расказвае Янку Ясь. — У няроўнай бітве загінулі і Рагвалод, і ягоная жонка, і два сыны-княжычы. Толькі дачка-прыгажуня Рагнеда жывой засталася. Паланіў яе Уладзімір, прымусіў, каб ягонай жонкай стала. Мінуў час, нарадзіўся ў Рагнеды сын Ізяслаў. Ды ўсё роўна балела яе сэрца, бо часта ўспамінала сваіх блізкіх, родная зямля ўваччу стаяла. Аднаго разу, калі Уладзімір заснуў, вярнуўшыся з паходу, узняла яна нож, каб адпомсціць за родзічаў. Ды прачнуўся князь. Выхапіў з яе рук востры нож, крыкнуў: «Чаму?» Сказала яму Рагнеда: «Ты забіў маіх бацьку, маці і братоў. Зямлю нашу зняволіў. Да таго ж не кахаеш мяне з гэтым дзіцянём малым». Задумаў Уладзімір забіць яе, а яна выняла з ножнаў Рагвалодаў меч, меч свайго бацькі, дала сыну і навучыла: «Як прыйдзе бацька, скажы яму: «Ойча, ты не адзін тут». Так і зрабіў Ізяслаў. Збянтэжыўся Уладзімір: «А хто ж ведаў, што ты тут?..» Няма чаго гневацца, калі праўда. Вырашыў ён, што будзе лепей, калі не пакарае смерцю Рагнеду. Загадаў, каб пабудавалі на скраю полацкай зямлі горад, якому даў імя свайго сына — Ізяслаўль. Там і жыла Рагнеда з сынам…
Ідуць Янка і Ясь. Цемра хоць вока выкалі, ды не зблудзяць яны. Сцежка свая, родная. Яна выведзе. Павінна вывесці. Каб толькі не зарасла…
— Стой, — прытрымаў Янку за плячо Ясь. — Праверу, ці ў сваім логаве гэтая пачвара.
Ясь, нібы кот, ступіў у цемру і знік. Янка зноў адчуў, як страх пракраўся ў душу. Зноў падумалася: цётка з барадой выскачыць, схопіць, павалачэ… А Яся няма і няма. Азірнуўся Янка ў адзін бок, у другі. Анічога не відаць. Дзе ж Ясь? Няўжо тая пачвара яго ў сваю нару пацягнула? Не, Ясь не дасца…
— Янка… — пачуўся раптам ціхі Ясеў голас.
— Я тут, Ясечка… Тут я, тут…
— Не балбачы, — перапыніў Ясь.
— Тая пачвара ў вёску падалася.
— Няўжо па моркву?
— Але. Яшчэ крышачку пачакай. Сетку праз сцежку працягну. Гэтая пачвара будзе ісці і ўсунецца.
— Добра, я пачакаю.
Ясь зноў знік у цемры. Цяпер не так страшна. Ясь побач. Усё-ткі не схапіла яго цётка з барадой.
— Усё. Хто першы, той лепшы. Трапіць у нерат: ні ўзад ні ўперад. — Ясь узяў Янку за руку, пацягнуў У кусты.
— Ясечка, тут будзем чакаць?
— Сядзі і ні гу-гу, — наказаў Ясь.
Час цягнуўся доўга, нудна. «Мабыць, не прыйдзе гэтай ноччу цётка з барадой у сваё логава», — падумалася Янку. Рот адкрыў, каб Ясю пра гэта сказаць, ды раптам непадалёку трэснуў сучок. А пасля… Пасля ноч прарэзаў нечалавечы вокліч:
— У-у-у!..
Ясь яшчаркаю выслізнуў з кустоў. Здаецца, завалтузіліся. Нехта піскнуў, што пацук, які трапіў у пастку. Затым агонь паходні, нібы чаканае сонца, якое прабіла хмары. У водбліску агню Янка ўбачыў цётку з барадой. Скурчыўшыся, яна ляжала ў сетцы, быццам вялізны вусаты сом.
Няўжо тая самая? Але, яна. Жаночая кашуля, чорная барада… А хусткі на галаве няма. Галава лысая, што бубен. Цётка… З барадою… І лысая…
Ясь узняў угору паходню.
— Янка, вылазь. Не бойся. Янка ўстаў, ступіў крок, другі…
— Смялей. Больш смуроду, як пацехі.
— Ы-ы… — ыкнула цётка з барадой. Ясь пхнуў яе нагою.
— Маўчы.
Маўчыць. Зыркае. Здаецца, спапяліла б.
— Ы-ы…
— Маўчы! Каб да тваіх мазгоў ды яшчэ і розум.
— Ясь, яна ў цмока пякельнага не ператворыцца?
— Гэта чалавек.
— Чалавек? Чалавек сваёй хаты трымаецца. Чалавек косіць, жне. Чалавек песні пяе.
— А мы зараз запытаем, — прамовіў Ясь. Ён зноў пхнуў нагою цётку з барадой.
— Эй! Ты песні пяеш?
— Ы-ы…
— Ясь, можа, у яе барада несапраўдная?
— Праверым.
— Ясь, нагнуўшыся, пацягнуў за бараду.