48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 61

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 61

— Не чапай! — заверашчала цётка з барадой. — Я рыцар! Рыцар я!

Ясь выцер руку аб порткі.

— Рыцар?

— Рыцар фон Зігфрыд.

Янка міжволі адступіў назад. Рыцар… Фон Зігфрыд… Няўжо той, што з паўлінавым пяром на грэбені шлема? Як ганарліва сядзеў на кані, калі поплеч былі тыя, пад сцягам, на якім вымалёўвалася Крывавая Рука!

— Я адразу падумаў, што не ўсіх узялі,— сказаў Ясь. — Гэтаму ўдалося вылузнуцца. Ды з нашых балотаў яму не выбрацца. Зусім знялюдзеў, цягаючыся. Жаночае на сябе нацягнуў… А яшчэ рыцар…

Янка пасмялеў. Ён падышоў бліжэй.

— Ясь, што будзем рабіць з ім?

— У вёску пацягнем. Няхай паглядзяць людзі на пярэваратня.

— А калі вырвецца, уцячэ?

— З маіх рук яшчэ ні адзін рыцар не вырваўся, — пахваліўся Ясь.

Угары, у небе, бліснула. Глуха прагрукатаў гром. Наляцеў вецер — закалыхаўся агонь паходні. Здавалася, вось-вось патухне. Не, не патух. Разгарэўся ярчэй.

Гуслі на дзікай грушы

Частка першаяАлхімік

Нечаканая прапанова

У маёй роднай вёсачцы Азарычы ўсяго пятнаццаць хат. Але затое вакол лес, дзе грыбы, ягады, дзе вавёркі скачуць з елкі на елку. Есць і невялікае возера. Дый побач, праз дзве хаты, жыве мой найлепшы сябар Пятрусь Канапелька. З ім мы ўжо шосты год ходзім у школу (яна знаходзіцца ў суседняй вёсцы Клімавічы). Да Клімавіч ідзём па лясной дарозе, якая выводзіць на шашу. Да шашы два кіламетры сто сорак тры метры. З Петрусём знарок рулеткай вымералі. Паўдня стараліся. Упарыліся, што на таку.

Па шашы трэба прайсці яшчэ кіламетр. А там і школа, наш пчаліны вулей, як часта называем яе.

Звычайна зранку я чакаю Петруся. А ён падбяжыць да нашай хаты, складзе далоні рупарам і крычыць: «Ігна-а-т! Выхо-о-дзь…» Ну нібыта Ілья Мурамец, які Салаўя Разбойніка на бой выклікае. Аднаго разу мая мама заўважыла: «Гукае, як у лесе». Я тады сказаў ёй: «Дык мы і жывем у лесе».

Спакойна мы з Петрусём жылі, радаваліся, пакуль, як кажуць, не трапілі ў такі нерат, з якога ні ўзад ні ўперад. А пачалося з таго, што ў суботу Петруся пакінулі дома пасвіць каровы. У нас іх пасвяць па чарзе.

Гэты майскі дзень выдаўся па-летняму гарачы. Сонца пякло з самага ранку. На лясной дарозе, атуленай мядзянымі соснамі, я гарачыні не заўважаў. А вось калі выйшаў на шашу, то адразу адчуў. Нават пінжак стаў мулкі і чаравікі пацяжэлі.

Па шашы праносіліся аўтамабілі: грузавікі, легкавушкі, аўтобусы. Імчаліся, пакідаючы за сабою шэры дымок.

Я крыху пастаяў, паўзіраўся і, уздыхнуўшы, пашлёпаў па асфальце. Ззаду піскнулі тармазы. Я азірнуўся і ўбачыў чорныя «Жыгулі». З «Жыгулёў», адчыніўшы дзверцы, высунуўся мужчына: сам высокі, як жардзіна, твар белы, нібы пад зямлёю год прасядзеў не вылазіўшы. Побач з ім, за рулём, сядзеў мажны барадач. Барада рыжая, што агонь, на носе акуляры, валасы на галаве ўскудлачаныя, быццам са стога сена нядаўна вылез.

Доўгі махнуў рукою. Маўляў, давай сюды, да нас.

Зразумела, чаго кліча. Хоча, каб паказаў дарогу на Менск. Часта вось так спыняюцца, пытаюцца, якая дарога вядзе на Менск, бо адразу за нашай школай перакрыжаванне. Калі павярнуць направа, то на Менск каціся, а калі налева, то нават у Польшчу можна трапіць.

Я падышоў да легкавіка.

— Хлопчык… — басам сказаў барадач. я, апярэджваючы яго, пацікавіўся:

— Вам на Менск?

А ягоны сябрук прагаварыў хрыпла, нібыта певень, які з седала зваліўся:

— Але, на Менск.

Я, не стрымаўшыся, засмяяўся:

— Ха-ха-ха…

— Не смейся. Смяецца той, хто смяецца апошні,— відаць, пакрыўдзіўся доўгі.

Я зноў засмяяўся:

— Ха-ха-ха…

Сам не ведаю, чаму смех на мяне напаў, чаму стала так весела. Мусіць, перад бядою смех часта без прычыны нападае. А бяда, як гаворыцца, ужо стаяла за маімі плячыма.

— Хлопчык, ты ў школу ідзеш? — пацікавіўся барадач.

— У школу, — сказаў я так, нібы на злёт перадавікоў сабраўся.

— Сядай. Падвязу.

Я доўга не думаючы адчыніў дзверцы, усеўся на задняе сядзенне. Барадач, бачу, пазірае ў люстэрка, прымацаванае каля яго. Чаму ж не едзе? Каго яшчэ чакае?

У маёй душы заварушыўся нейкі чарвячок. Стала трывожна, нават страшна.

Я, каб толькі не маўчаць, сказаў:

— На Менск направа.

— А ты дзе жывеш? — запытаў барадач.

Я тыцнуў пальцам, паказваючы на нашу дарогу.

— Там. У Азарычах. Два кіламетры сто сорак тры метры да нашай вёскі. І ўсё праз лес.

Барадач усміхнуўся.

— Твая вёска ў лесе? Дыхаецца добра? Прыгожа, як у казцы? Так?

— Канешне. У нас кіслароду шмат. Лес кісларод выдзяляе. Вы ведаеце. А прыгажосць сапраўды казачная.

Мне рупіла расказаць яму, як увесну на розныя галасы крумкаюць на возеры жабы, як каля берага, на сонцы, грэюць спіны шчупакі, як таемна шэпчуцца сосны, як восенню спелы жолуд падае на мяккую подсцілку з лісцяў, вылузнуўшыся са сваёй шкарлупіны, як… Шмат чаго хацеў расказаць. Ды барадач прамовіў:

— Хм, казачная… Любіш чытаць казкі?

— Яшчэ як люблю. Асабліва чарадзейныя. Некаторыя па некалькі разоў перачытваю, — пахваліўся я.

Барадач скінуў акуляры, глянуў на мяне. Вочы ў яго заблішчалі, як у галоднага ката. Мне здалося: зараз накінецца на мяне.

— Вы чаго? — прамовіў я. — Мне ў школу трэба. Хутка ўрокі пачнуцца.