48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 63

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 63

Вось і паваротка. Вось і наша дарога, змераная не толькі нагамі, але і рулеткай.

Я прыпыніўся. Нарэшце можна перавесці дух.

«У-у-у-у…» — неспадзявана пачулася з кустоў. Ну нібыта воўк завыў. А пасля трэск, быццам на сухое галлё наступілі.

Няўжо Мірон Казіміравіч і Ландыш у кустах? Чаму па-воўчы выюць? Хіба ў ваўкоў перакінуліся?

Я хацеў даць лататы, ды ўбачыў: Пятрусь на дарогу вылазіць.

— Што? Перапалохаўся?

Усміхаецца. Быццам яму медаль на грудзі павесілі. Не ведае, што ў мяне на душы.

— Ты… Табе… З табою… Чорт з табою, — нечакана скончыў я.

Пятрусь здзіўлена прамовіў:

— Ігнат, ты паверыў, што воўк у кустах вые?

— Тут ходзяць двухногія ваўкі,— уздыхнуў я.

— Ты пра мяне? — прыжмурыўся Пятрусь.

— Не. Чаго па кустах лазіш? Цябе бацька паслаў каровы пасвіць.

— На балоце пасвяцца, — сказаў Пятрусь. — Надакучыла каля іх сядзець. Цябе сустракаю.

— Пачакай. Яшчэ і цябе сустрэну. Так сустрэну, што не захочаш, — са злосцю прамовіў я.

Па-сапраўднаму ўзлаваўся на Петруся. Душа, што напятая спружына, а ён палохае. Калі б яму цяпер шэсць двоек у дзённік паставілі, то не пашкадаваў бы яго.

— Ігнат, не сярдуй. Мы з табой памірымся, — сказаў Пятрусь.

Хіба будзеш на такога злаваць? Сапраўды, памірымся. Калі канікулы, то, здараецца, на дзень разоў пяць сварымся і разоў пяць мірымся.

Я прашаптаў:

— Каля нашага лесу такія ваўкі цягаюцца. Такія… Сядзь. Паслухай.

Мы з Петрусём селі на траву, і я расказаў яму, як сустрэў Мірона Казіміравіча і Ландыша, як яны запрасілі мяне ў чорныя «Жыгулі», як прапанавалі адправіцца ў казку.

Пятрусь пачухаў патыліцу.

— Ігнат, я табе пра чорную руку раскажу. Вісела на сцяне люстра. Вечарам яна апускалася, быццам на нітцы. На тым месцы была дзірка. З дзіркі высоўвалася чорная рука. Калі хто-небудзь праходзіў каля сцяны, яна біла ў твар. Стукне — і ў дзірку. А люстра адразу на тое ж самае месца. Людзі, якія жылі ў гэтай хаце, усе хадзілі ў сіняках. Ніхто не мог здагадацца, хто б'е без літасці.

— Чуў,— кажу. — Мірон Казіміравіч і Ландыш страшнейшыя за самую чорную руку. Хаця ў іх рукі белыя, ды душы чорныя.

— Наплёў несусвеціцы, — прагаварыў Пятрусь. — Хадзем. Дадому завяду, бо зубы павылятаюць, як станеш лякацець. Прыйдзецца жалезныя ўстаўляць.

— Галава ў цябе жалезная, — не сцярпеў я.

Мы ўсталі і пайшлі. Мінулі паваротку. За павароткай стаялі чорныя «Жыгулі», а каля іх тапталіся Мірон Казіміравіч і Ландыш.

— Гэта яны! — ледзь вымавіў я і, схапіўшы Петруся за рукаў, пацягнуў у кусты.

Ну й алхімікі! Нездарма тут. Мяне чакаюць. Добра, што Пятрусь запыніў. Калі б я ляцеў на злом галавы, то ў самыя рукі заляцеў бы. Схапілі б, як парася, і ў мяшок.

— Пятрусь, гэта Мірон Казіміравіч і Ландыш. Алхімік з барадою.

— Не выдумляй, — не паверыў Пятрусь. — Людзі як людзі. Стаміліся, едучы, у лес звярнулі. Захацелася кіслародам падыхаць.

— Яны табе так надыхаюць, што кашляць пачнеш.

— Давай падкрадземся, паслухаем, пра што гавораць, — прапанаваў Пятрусь.

Можна рызыкнуць. Як кажуць? Альбо дожджык, альбо снег, альбо будзе, альбо не. Перабягаючы ад куста да куста, мы наблізіліся да «Жыгулёў», прыселі.

— Дзе ён? Дзе яго трасца носіць? — пачуўся хрыплы Ландышаў голас.

— Пачакаем. Можа, двойку схапіў. Можа, пасля ўрокаў пакінулі,— адказаў яму Мірон Казіміравіч.

Мне як абухам па галаве стукнулі. Усё-ткі чакаюць. Такія духі вымуць. А Пятрусь мне не верыў.

— Трэба было не выпускаць яго з машыны, — прамовіў Ландыш.

— Не думаў, што ўцячэ. Выкруціўся, як уюн.

— А калі плюнуць на яго? Знойдзем іншага. Іншага адправім у казку.

— І той можа ўцячы. Пойдзе погаласка, што ловім дзяцей. Нам не патрэбна рэклама. Дый не прывык я адступаць. Калі нешта задумаў, то абавязкова давяду да канца. Калі не давяду, спаць не буду. Ён яшчэ паскача дроздзікам.

Я зірнуў на Петруся. Вочы ў майго сябра шырока расплюшчаныя, ніжняя губа трасецца. А што было б, калі б у машыне пасядзеў?

Я, ледзь раскрываючы вусны, спытаў:

— Чуў?

— Чуў,— прашаптаў Пятрусь і стаў адпаўзаць назад.

У лесе

І дома я адчуваў сябе не лепей. Усё чакаў, што з'явяцца чорныя «Жыгулі», што праімчацца па вуліцы, разганяючы курэй.

Супакоіўся толькі вечарам, калі Пятрусь прыгнаў з пашы кароў.

— Пашанцавала табе, Ігнат, — сказаў ён. Я ўздыхнуў.

— Пашанцавала, як дзеду, які ўпаў з печы і пабіў плечы.

А майму сябру і гора мала.