48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 65

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 65

Я глянуў уперад. На невялікай палянцы сядзелі Мірон Казіміравіч і Ландыш. Мне здалося: змяю знянацку ўбачыў. Помніцца, мінулым летам збіраў брусніцы. Нагнуўся, каб сарваць спелыя ягады, якія абляпілі гнілы, парослы мохам пяньчук, і ўбачыў перад самым тварам маленькую змяіную галаву. Здалося, што глядзіць проста ў вочы, працінаючы. Я міжволі сцяўся, застыў, як скасцянелы.

Вядома, не спалохаўся б, калі б заўважыў здалёку. Але ж перад самым тварам… Вылезла, як з засады. Упершыню на галаве пашэрхлі валасы.

Вуж у кабуры ад веласіпеда

Я стаяў як вады ў рот набраўшы. Вось яны, мае згубіцелі. Падпільноўваюць мяне. Пашчасціла ж сустрэцца з імі на шашы! Лепей я ў гэты дзень захварэў бы.

— Прысядзь, — пацягнуў мяне за кашулю Пятрусь.

— Мірон Казіміравіч, — данёсся да нас голас Ландыша, — праваронілі мы яго.

— Але. Вылузнуўся. Хітры як д'ябал. Д'яблам мяне называе. Сам сапраўдны д'ябал.

Людзі косяць, хлеб пякуць, кніжкі пішуць, а ён па лесе бадзяецца, дзяцей ловіць. Блёкату аб'еўся, няйначай.

— Ігнат, яны цябе ловяць, як шчупака ў азярыне, — сказаў Пятрусь.

— Глядзі, каб і цябе не злавілі,— агрызнуўся я. Пятрусь адкрыў рот, хацеў нешта сказаць, ды Мірон Казіміравіч усклікнуў:

— Эксперымент!.. Трэба эксперымент праводзіць. Такія дарагія хвілінкі прападаюць.

— Плюнем на яго, паедзем, — прамовіў Ландыш. — Няўтульна ў гэтым лесе.

— Захацелася на праспект, у рэстаран? — са злосцю прагаварыў Мірон Казіміравіч. — Усё роўна схопім.

— Зловім, — падхапіў Ландыш. — На ўсё трэба мець цярпенне. Так?

— Так, — буркнуў алхімік.

— Хопіць тут сядзець, — падаў голас Пятрусь.

Мы папаўзлі, хаваючыся за кустамі. Пасля ўсхапіліся і — на ўсе лапаткі. Калі адбегліся, Пятрусь сказаў:

— Ігнат, бяда па самых пятах ходзіць.

І праўда, ходзіць. Не так павярніся — канец. Жыў, як усе, а цяпер кожнага слупа бойся. Што ж рабіць? Зачыніцца ў хаце і сядзець? Усё роўна страшна. Адно застаецца: дубальтоўку ў рукі ўзяць.

— Я так мяркую, — падаў голас Пятрусь. — Нам нельга разлучацца. Куды ты, туды і я.

Сапраўдны сябар Пятрусь. Не пакідае аднаго ў бядзе, хоць і сам баіцца. Але ці дапаможа, калі ўдвух станем хадзіць?

— Пятрусь, яны і цябе схопяць.

— Я скажу, што многа ем, што такіх, як я, няма выгады трымаць.

— Скажы. Калі такое пачуюць, то, каб танна было…

Я не даказаў, махнуў рукою. Цяжка на душы. А нядаўна радаваўся, блінцы еў, стараўся. Цяпер нішто ў рот не палезе.

— Трэба ўзбройвацца, — кажу.

— Чым? Хіба віламі? — прамовіў Пятрусь.

— У твайго бацькі ёсць дубальтоўка?

— Ёсць. На сцяне вісіць.

— І ў майго ёсць.

— Возьмем цішком, патроны соллю наб'ём і ў атаку?..

— Так. Трэба прагнаць іх з лесу. Клін клінам выбіваюць.

Пятрусь патрос кулаком.

— Ну, алхімікі! Пачухаецеся… Назаўжды запомніце азарыцкіх.

Я ўздыхнуў. Вось да чаго дайшло! Як гаворыцца, прыйдзецца за зброю ўзяцца. А што рабіць? Сядзець і чакаць, калі гэтыя госцейкі ў хату завітаюць і за вушы, як зайца?.. Кожны бароніцца, як можа.

Мы з Петрусём паволі клыпалі па лесе, час ад часу азіраючыся. Ведалі, што Мірон Казіміравіч і Ландыш дзесьці побач.

— Ігнат, вунь вуж, — стаў Пятрусь. Сапраўды, непадалёку, на пні, скруціўшыся, ляжаў, грэўся на сонцы вуж. На ягонай галаве, як і ва ўсіх вужоў, выразна вымалёўвалася карона — дзве жоўтыя плямы.

Пятрусь падышоў бліжэй, прамовіў:

— Вось дзе наша зброя! Я вылупіў вочы.

— Чаму зброя?

Пятрусь хітра прыжмурыўся.

— Зараз злаўлю вужа, загарну ў кашулю…

— Ну і што? — паціснуў я плячыма.

— Калі сустрэнем Мірона Казіміравіча і Ландыша, то… — Пятрусь зарагатаў: — Ха-ха-ха…

— Што зробіш, калі сустрэнем?

— Кінем на іх вужа. Думаеш, не спалохаюцца? Добра прыдумаў Пятрусь. Пэўна ж спалохаюцца! Нават самы найпершы смяльчак залекаціць, калі ўбачыць, што на галаву ляціць гэткі жывы клубок. Гэта ж сапраўдная зброя — вуж! Яшчэ лепшая, чым дубальтоўка. Варыць у Петруся галава. Толькі глянуў на вужа і адразу скеміў, што рабіць.

Я як на свет нарадзіўся. Мне вельмі хацелася сустрэцца з Міронам Казіміравічам і Ландышам. «Хто з іх мацней заверашчыць, калі Пятрусь кіне вужа?» — падумалася.

— Будзе ім казка, — усклікнуў я. Пятрусь пстрыкнуў пальцамі.

— Наробяць смуроду. Ха-ха-ха…

— Скідай кашулю, — прагаварыў я. Пятрусь скінуў кашулю, ступіў наперад. Вуж сыкнуў, тыцнуў галавою.

— Палохае, — заўважыў я. Пятрусь прысеў.