48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 69

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 69

Мірон Казіміравіч стукнуў сабе кулаком у грудзі.

— Я хацеў злавіць. Я злавіў. Я свайго дамогся. Я не адступлюся.

Ландыш падаўся наперад.

— Мірон Казіміравіч, у цябе ўсё чын-чынам. Ты крочыш упэўнена. Я ніколі так не змог бы. Даўно павярнуў бы аглоблі.

Вочкі бегаюць, працінаюць. Нібы распранае, каб дабрацца да душы.

Я адвёў вочы ўбок. Над лазняком лятае, кружыцца матылёк. То ўгору, то ўніз. Крылцамі махае, стараецца. Ці думае ён што-небудзь?

— Ландыш, ты мяне ведаеш. Я не баюся, калі нават агнём апячэ.

— Хацелі аднаго, а злавілі двух. Хі-хі-хі…— захіхікаў Ландыш.

Мірон Казіміравіч сціснуў маё плячо.

— Уставай. У машыну пойдзеш. Павязём.

— Уставайце. Ножкамі туп-туп. На машынцы праедзецеся. Смяшыначку раскажаце, — падхапіў Ландыш.

У машыну… Самому… Нізашто! Не дачакаецеся. Адзін канец.

Я рвануўся, пакаціўся па траве. Мірон Казіміравіч прыўзняў мяне. Я рваўся, вырываўся. Так, здараецца, конь імкнецца з аглобляў вырвацца. Скача, выгінаецца, кідаецца ўбок… І слёзы на вачах…

— Няхай ён нашых лекаў панюхае, — данёсся Ландышаў голас.

Нечым вострым, падобным на пах воцату, патыхнула мне ў нос. Галава налілася цяжарам. Перад вачыма пабегла, паплыло. На момант здалося: матылёк махнуў крылцамі і знік. Чаму?..

З Ландышам

Я расплюшчыў вочы. Перад вачыма агеньчыкі мігцяць, расплываюцца. Успомнілася, як накінуўся на мяне Мірон Казіміравіч, як валтузіўся з ім. Я страпянуўся, нібы птушка, якая імкнецца вырвацца на волю.

— Спакойна! Сядзі і не рыпайся.

Я ўзняў галаву. Ландыш перада мною. Усміхаецца, разваліўшыся на крэсле. І я на крэсле сяджу. Рукі звязаныя. Анучы ў роце няма. Дзіўна. А дзе ж Пятрусь? Можа, уцёк? Вось каб уцёк! Пра ўсё-ўсё расказаў бы…

— Ігнат…

І Пятрусь тут. Таксама на крэсле сядзіць, апусціў галаву.

— Адпусціце, — звярнуўся я да Ландыша. — Крычаць буду.

— Крычы, пакуль пуп не лопне. Усё роўна ніхто не пачуе. У скляпенні вы. Як замураваныя. Дайшло?

— Не крычы. Я спрабаваў,— сказаў Пятрусь. Ландыш аблізаўся, як кот.

— Ён крычаў, а я рагатаў. Нарагатаўся, як на кінакамедыі. Пацеш і ты. Мне даспадобы.

Пацешыць… Не дачакаешся. Трэба маўчаць сцяўшы зубы. Выходзіць, мы сядзім у скляпенні.

Нейкае дзіўнае скляпенне. Усё белае: і падлога, і столь, і сцены. Некалькі мяккіх крэслаў, воддаль, у куце, дзве вялізныя закаркаваныя бутлі. Стаяць на нейкіх прыстасаваннях, падобных на керагазы. У такую бутлю нават я залез бы. А на сценах чорныя гадзіннікі. Адзін каля аднаго. Колькі ж іх?

Я пачаў лічыць. Далічыў да пятнаццаці і збіўся.

— Прыехалі,— падаў голас Пятрусь.

— Бясплатна, — са здзекам прагаварыў Ландыш.

— Я такога, як вы, бясплатна на Месяц завёз бы, — кажу. — І Мірона Казіміравіча заадно.

Ландыш памахаў галавою.

— Чаму вас у школе вучаць? Старэйшых трэба паважаць.

Цікава: які ж ён на людзях? Напэўна, таксама павучае, усміхаецца. Напэўна, у аўтобусе старэйшым месца дае, знаёмых штогод з днём нараджэння віншуе.

— І не сорамна вам? — пачаў я.

— Сорамна таму, у каго кішэні пустыя.

— Чаму вы Мірону Казіміравічу дапамагаеце? Ён жа бандыт, — не сцярпеў Пятрусь.

Ландыш узняў угору выцягнуты палец.

— Ён вучоны. Самародак, можна сказаць. А бандыты пад мостам ці на вялікай дарозе.

— І вы самародак? Таксама вучоны?

— Я просты чалавек, але самародак. Я ўмею жыць. Хочаце паслухаць маю геаграфію? Раскажу як на духу.

— Якую геаграфію? — здзівіўся я.

— Геаграфіяй я называю сваю біяграфію. Калісьці, як і вы, у вёсцы я нарадзіўся. Слухаў, як пеўнікі кукарэкаюць, свежае малачко піў, каб сілы набрацца, у школку хадзіў. Галоўку вельмі не стамляў.

Кажа, што ў вёсцы нарадзіўся… Як я, як Пятрусь, як мой бацька, як дзядуля… Цяпер нас пільнуе, здзекуецца. Няўжо некалі басанож па траве бегаў? Няўжо маці «мамкай» называў?

— Не стамляў галоўку ў школцы. Праўда, разам з усімі пісаў: і Айчына, і родный край. Нават вершыкі пра родную мову вывучыў. А пасля пайшоў-паехаў па Айчыне, па родным краі. Быў на возе, пад возам, папярок, уздоўж. Папанасіла мяне. Памазоліў рукі. Аднаго разу падумаў: «Дудкі!» Пачаў прыглядвацца, каля начальства ацірацца. Знайшоўся добранькі начальнічак — я да яго клубочкам. Ён п'е, есць, а я каля ягонага стала. Бегаў на дыбачках, казаў у руку. Але неўзабаве начальнічак на пенсію пайшоў. Дык я да другога. Іван Фаміч… Іван Фаміч…

«Не выйдзем мы адгэтуль. Таму Ландыш і язык распусціў. Ведае, што нікому не раскажам», — працяла здагадка.

Я заплюшчыў вочы. Што ж рабіць? Як выратавацца? Вось каб у вёску! Дзень цяпер ці ноч? Як у нас каля возера? Ці кружыцца матылёк?

Раптам нешта бумкнула, як у пустую бочку: «Бум-бум-бум…» Я здрыгануўся, расплюшчыў вочы.

«Бум… Бум… Бум…» Аднатонна, мерна бумкае. Нібы кувалдай па галаве. Раз за разам.

— Што так бумкае? — не стрываў я.

— Гадзіннікі адлічваюць час, — прагаварыў Ландыш.