48687.fb2
— Адпусціце, — папрасіў Пятрусь.
— Пойдзеш направа — станеш абыякавы, сумленне страціш, — паўтарыў Казімір Міронавіч.
— Мы ўжо прыйшлі направа, — уздыхнуў Пятрусь.
— Не, вы яшчэ не прыйшлі. Яшчэ прыйдзеце. Каго шкадуеце?..
— Нам можна ісці? — запытаў Пятрусь.
— Ідзіце! Праз поле. Там горад. Буду чакаць. Вернецеся…
Мы з Петрусём з палёгкай уздыхнулі. Нарэшце вырваліся з лап ведзьмака. Нарэшце сустрэнемся з людзьмі.
Мы ішлі па дарозе, абсаджанай стройнымі бярозкамі. Вакол, куды ні глянь, каласы. Наліваюцца важкім зернем. Над полем лятаюць, пераклікаюцца птушкі. Вось нейкая маленькая, як камячок, узляцела з бярозкі, пырхнула ўгору і заспявала: «Сіп-сіп-сіа-сіа-сіа…» Пасля каменем уніз. Заскакала па дарозе.
— Гэтая птушка называецца конік лясны, — сказаў Пятрусь.
Я засмяяўся. Неяк дзіўна гучыць. Птушка, а конікам назвалі. Няўжо таму, што скача, нібы конь?
Лясны конік прыўзняўся, праляцеў колькі метраў, апусціўся, прысеў. Некалькі крокаў засталося да яго. Я міжволі працягнуў руку, хацеў схапіць яго. А ён пабег, падскокваючы.
— Ад свайго гняздзечка адводзіць, — прагаварыў Пятрусь. — Баіцца, што разбурым.
І ён, конік лясны, баіцца. Як і мы. Не, не кранём твайго гняздзечка. Радуйся сонцу, жыццю, людзям песні спявай.
Я ўзмахнуў рукою. Лясны конік узляцеў, трапечучы крылцамі, і заспяваў працягла: «Сіп-сіп-сіп, сіа-сіа-сіа…»
— Ведаеш, што мы людзям скажам, калі прыйдзем у горад? — звярнуўся я да Петруся.
— Што?
— Скажам, што іхняе жыта ад спёкі выратавалі. Нам узнагароду дадуць.
Я ўявіў, як стаім мы з Петрусём у вялізнай зале, дзе ўсё аздоблена золатам і каштоўнымі камянямі, а валадар горада прышпільвае нам на грудзі ордэны. Іграе музыка, людзі цягнуць рукі, каб павіншаваць нас.
— Вось каб на ордэнах быў партрэт самога валадара! — выказаў я ўголас тое, пра што думалася.
— На якіх ордэнах? — не зразумеў Пятрусь.
— На тых, якія нам уручаць. Няхай і дома на валадара паглядзяць.
Пятрусь разявіў рот.
— На якія ордэны? На якога валадара?
— У кожнай казачнай дзяржаве ёсць валадар.
У гэтым горадзе таксама ёсць. Я абавязкова скажу яму, што мы жыта ад спёкі выратавалі. Нам ордэны дадуць. Хіба не заслужылі? Ад усёй душы стараліся. Ты можаш ад свайго ордэна адмовіцца. А я не адмоўлюся. Няхай будзе як памяць. Я яго сваім унукам аддам.
— Ха-ха-ха… Унукам, — зайшоўся ад смеху Пятрусь. — Папрасі валадара, каб яшчэ адзін ордэн даў. Яго праўнукам перадасі. Яны яго па чарзе стануць насіць.
Канешне, я крыху нафантазіраваў. Канешне, гэты ордэн я не насіў бы. У свой школьны музей яго здаў бы. Шмат рэчаў у нашым музеі. І лапці, і цапы, і стары куфар, які Пятрусь з дому прывалок. Дый такія музеі, такія рэчы не ў адной нашай школе. А вось ордэн з казкі… З усіх канцоў людзі прыязджалі б, каб на яго паглядзець. Нават з-за мяжы прыперліся б. Не ў аднаго замежнага мільярдэра вочы на лоб палезлі б. Пазайздросцілі б нам. Можа, нават папрасілі б, каб ім за мільёны прадалі. Не! Да нас едзьце. У нас ёсць, а ў вас няма. Няхай лезуць вочы на лоб.
Мы ўзышлі на пагорак і ўбачылі горад, пра які казаў вядзьмак. Мне спярша здалося, што гэта не горад, а вялікая вёска. Хаткі маленькія, крывенькія, крытыя саломай. І што самае дзіўнае? На вуліцах ні адной душы.
— Ну й горад! — вырвалася ў мяне.
— Чамусьці бязлюдны, — прамовіў Пятрусь.
— Яго, напэўна, зачаравалі,— выказаў я здагадку.
— Як? — запытаў Пятрусь.
— Звычайна. Хіба не чытаў у казках? Калі злы чарадзей зачаруе які-небудзь горад, то ён нібы мёртвы становіцца. Усе-ўсе спяць. Пакуль хто-небудзь не расчаруе.
Пятрусь заморгаў вачыма.
— Няўжо і нам прыйдзецца гэты горад расчараваць?
Ці прыйдзецца? А калі там Цмок — пудзіла паганае? Што, калі ахоўвае горад? Мо лахі пад пахі і назад, каб ад бяды далей?
Успомніўся надпіс на слупе: «Направа пойдзеш — станеш абыякавы, сумленне страціш». Нездарма напісана. Калі назад вернемся, то сапраўды сумленне страцім. Маглі б дапамагчы, а не дапаможам. Парадуем Казіміра Міронавіча. Лыпне на нас вачыма: «Падціснулі хвост? Цяпер вы мае. Вядзьмарству навучу». Не. Толькі не пад ягоным абцасам.
Мы ішлі як назаўтра трэба. Чаго спяшацца? Куды? На вуліцах, напэўна, пыл ляжыць. На далоню, не меней. Напэўна, усё парасло бур'яном, крапівою. І мы будзем лазіць па бур'яне, па крапіве. А вакол спяць людзі, жывёлы. І лясны конік спіць. Прыляцеў, каб паспяваць, і заснуў.
— Ігнат, можа, горад не зачараваны? Нехта ж пасеяў жыта. Дый вядзьмак не паслаў бы глядзець на сонных, — прамовіў Пятрусь.
— Глянь! Па вуліцы дзядзька на возе едзе! — усклікнуў я.
Так, па вуліцы, якая вяла ў горад, нейкі дзядзька пхнуўся на коніку. У мяне адразу адлягло ад сэрца. Людзі не спяць. Не зачаравалі іх. Можна падысці і прывітацца з імі.
— Пабеглі! — крыкнуў я.
Вось і горад. Вуліцы вузкія, вымашчаныя бярвеннямі-плашкамі. Некаторыя бярвенні згнілі, паламаліся. То там то сям вялізныя дзіркі, быццам хто знарок павыкопваў раўчукі. У хатах то шчыт выбіты, то комін валіцца набок, нібы стары струхлелы грыб баравік.
— Ігнат, хто тут жыве? — запытаўся Пятрусь.
— Лайдакі,— адказаў я.
А што мог сказаць яму? Я яшчэ не бачыў, каб так жылі людзі. У сваім горадзе, а нібы не ў сваім. Нібы ворагі, чужынцы.
Ззаду затарахцеў воз. На возе сядзеў мужчына, да самых вачэй зарослы барадою. Ён вёз мяшкі, няйначай як з мукою.
— Добры дзень, — прывітаўся я.
Мужчына нават галаву не павярнуў. Махнуў пугай і паехаў далей.