48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

— Не бойся, — шапнуў яму Янка. — Наганяюць страху.

Хацелася неяк падтрымаць, не мог глядзець, як калоціцца Мацей. Сам ён даўно зразумеў, што яны не жартуюць. Хіба жартуе воўк, выбіраючы ахвяру?

Невядома, што было б, калі б не Зігфрыд. Ён гучна прагергетаў, бы аддаючы каманду. Крыжакі ўраз сціхлі, а гэты, са шрамам, схаваў мізерыкордзію.

Атрад з аглядкай падаўся ў лясныя нетры. Мацей і Янка ішлі побач. Ззаду, падганяючы, ехаў крыжак са шрамам. Прасоўваліся павольна, абмінаючы балоты, бураломы. Здаралася, што трапляўся ручай. Янка і Мацей басанож брылі па сцюдзёнай вадзе, якая крапівою-жыгучкаю апякала ногі. Кружыліся авадні, сляпні, балюча тнулі. Асабліва даставалася коням. Яны аж шалелі, кідаліся ўбок. Некаторыя з крыжакоў паціху бурчэлі.

«Чаму яны такія ненажэрныя? — думаў Янка. — Хоп, хап, цап. Багацце ў вачах. Рукі ёсць. Хіба яны толькі для таго, каб мячы трымаць?»

Успомнілася, як вучыў бацька: «Ёсць у нас і меч, і лук, і дзіда. Але даражэй саха, серп, каса. Так нам наша душа падказвае. Зямлі кланяйся ніжэй, будзеш да хлеба бліжэй».

«Чаму ж у гэтых не так, як у нас? — разважаў Янка. — Яны ж таксама людзі. Таксама на нас падобныя. І твары, як у нас, і рукі, і ногі, як у нас. Усё чалавечае».

Зноў успомніліся бацькавы словы: «Так нам наша душа падказвае».

«А якая ж душа ў іх? — падумаў.— Ці такая, як у нас? Ці падобная?»

Усплыў у памяці хлеб, загорнуты ў белы ручнік, на якім выступалі чырвоныя кроплі-кропелькі. Скаланула.

— Душа не такая, — прамовіў уголас.

— Ты чаго? — запытаў Мацей.

Янка не прызнаўся, пра што падумалася.

— Проста так. Мацей пажаліўся.

— Рукі баляць.

— І мне баляць. Цярпі.

— Не магу.

— Пацярпі. Татка нас вызваліць і рукі развяжа.

Нейкі час усе валакліся моўчкі. і, нібы гром, пачуўся немы крык. Ад такога крыку валасы дыбам на галаве становяцца.

Янка памкнуўся наперад і аслупянеў. Пярэдні крыжак разам з канём праваліўся ў балота, на вачах яго засмоктвала дрыгва. Зніклі рукі, зніклі плечы, толькі галава, здаецца, з-пад зямлі вылазіць. «А-а-а!» — павёўшы вачыма, заверашчаў на ўсё горла.

Крыжакі загергеталі, насцярожліва пазіраючы на балота. Зігфрыд сцёбнуў каня і паехаў. Атрад крыжакоў крануўся за ім.

Бралася на вечар, калі крыжакі спыніліся. Назбіралі сухога ламачча, запалілі. Гарэлі бяздымныя вогнішчы. Крыжакі, грэючы спіны, грызлі асушкі, нібы сабакі, кожны свой.

— Есці хочацца, — сказаў Мацей. Янка падсунуўся да яго.

— Бачыў, які ў іх хлеб? Бачыў, што на ручніку?

— Бачыў.

Пачало цямнець. Тухлі, дагаралі вогнішчы, мігаючы вугельчыкамі.

Да крыжака са шрамам падышоў Зігфрыд.

— Будзеш вартаваць. Нас і дзяцей. Сказаў так і знік у цемры. Нібы здань.

Ноч чорнымі крыламі атуліла лес. Спяць крыжакі, выбіліся з сіл, мелодыі насамі выводзяць.

Непадалёку завыў воўк: «У-у-у…» Працягла, люта, самотна.

— Братка, мне страшна, — прамовіў Мацей. Янку і самому хоць воўкам вый. Але што зробіш?

— Не бойся, — супакоіў брата.

Спяць крыжакі. І іхні вартаўнік, здаецца, спіць. Апусціў на грудзі галаву. А калі вільнуць у кусты? Пасля як-небудзь выберуцца з лесу. Ваўкі непадалёку? Ці ж яны страшнейшыя за гэтых, двухногіх?

Янка штурхнуў Мацея плячом.

— Мацей, давай уцячом.

Не зводзячы вачэй з крыжака, Янка прыўзняўся. А той як гыркне:

— Куды?

Янка не разгубіўся.

— Рукі баляць. Павярнуцца нельга.

— Рукі? Зараз не будуць балець. Не будуць. Пачакай.

Крыжак устаў. Што ён задумаў? Ад яго ўсяго можна чакаць. Няўжо пачне біць?

Крыжак не стаў біць. Ён схапіў Мацея, пасля Янку, пасадзіў спінаю да спіны і лыкам звязаў іхнія рукі разам.

Адышоўся, сеў.

— Цяпер не будуць балець, — затросся ад смеху.

Называецца, уцяклі. Стала яшчэ горай. Вось і Мацей паскардзіўся:

— Яначка, рукі так баляць, што не вытрываць.

— Пацярпі. Татка дапаможа, — прагаварыў Янка, хоць і сам на гэты раз не паверыў, што дачакаюцца збавення.

Зірнуў на крыжака. Ніжэй, усё ніжэй хіліцца галава. «Каб цяпер якой доўбняй ці сукаванкай», — з нянавісцю падумаў.

І тут… Янка не паверыў сваім вачам. Каля крыжака вырасла як з-пад зямлі нейкая постаць. Узмах з-за вуха так, як непадатлівыя калоды колюць, і крыжак, нават не застагнаўшы, асунуўся.

Янка рвануўся, стараючыся падняцца.