48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 81

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 81

— І мне хочацца. Здаецца, каня з капытамі з'еў бы.

З хаты, каля якой мы сталі, выйшла бабуля, паставіла каля парога кошык з бульбаю.

— Давай папросім у бабулькі бульбы, — прапанаваў я. — Можа, дасць крыху. Напячом. У мяне запалкі ёсць.

— Паспрабуем папрасіць. Голад не цётка, — сказаў Пятрусь.

Мы зайшлі на падворак, прывіталіся. Як звычайна, ні слова ў адказ. Ды прывыклі да гэтага.

— Бабуля, — кашлянуў у кулак Пятрусь, — бульба з зімы ў вас засталася? Мусіць, многа накапалі? Калісьці дома мы бульбу на цяпельцы пяклі. Сма-ачная-а! Можна ў вас крышку ўзяць? Мы дзе-небудзь на балоце спячом. З учарашняга дня галодныя.

Бабуля, як мне здалося, кіўнула галавою і ў хату — цёп-цёп.

— Што-о? — разявіў рот Пятрусь.

— Галавою кіўнула, — кажу я яму. — Хіба не бачыў? Гэта знак згоды. Калі б пашкадавала, то прагнала б.

— Твая праўда, — пагадзіўся Пятрусь.

Мы набралі бульбы ў кішэні і яшчэ за пазуху наклалі.

— Трэба падзякаваць, — сказаў Пятрусь. — Добрая бабулька.

— Трэба, — сказаў я.

— Дзя-ку-ем! — крыкнулі мы ў адзін голас і накіраваліся за горад, каб там на цяпельцы бульбу спячы.

Кураня ў ручаі

Ну й наеліся мы з Петрусём печанай бульбы! У мяне жывот стаў пругкі-пругкі. Я нават папружку расперазаў, каб больш улезла. І ўсё роўна ўсю не з'елі.

— На заўтра будзе, — сказаў Пятрусь.

Мы знайшлі нейкую копку сена, зрабілі норку, ляглі поплеч. Прыйшло на думку, як сядзелі каля возера, як смяяліся.

— Што той першакласнік бацьку сказаў? — запытаў я ў Петруся.

— Які? — не зразумеў ён.

— Ты смяшынку каля возера расказваў. Як прыйшоў першакласнік дамоў, а бацька ў яго пацікавіўся, што яму найбольш спадабалася ў школе.

— Ён сказаў, што званок на перапынак.

— Болей нічога яму не запомнілася?

— Дык гэта ж смяшынка, — прамовіў Пятрусь. — Яшчэ адну паслухай.

«Ты чаму сястрыччыны цукеркі паеў?» — накінулася на Кастуся маці. «У школе нам казалі, што малодшым дапамагаць трэба», — прагаварыў Кастусь.

Неблагую смяшынку расказаў Пятрусь. Ды мне зусім не хацелася смяяцца. Я паціху сказаў:

— Відаць, цяпер мама карову доіць.

Дома я не раз прыбягаў да хлява, каб паглядзець, як мама, седзячы на ўслончыку, доіць карову. Белыя струменьчыкі малака па вядры барабаняць, пераклікаюцца, як рэха. Наша Лыска стаіць паважна, як пані, жуйку жуе. На маміным твары невядомая мне радасць. Яна прыгожая-прыгожая. Быццам памаладзела. А струменьчыкі малака ўжо не звіняць, узбіваюць пену. Хутка-хутка ходзяць рукі ў мамы.

Я неўпрыкметкі змахнуў слёзы, якія набеглі на вочы.

— Пятрусь, будзем спаць.

— Будзем, — сказаў ён.

Цэлую ноч абы-што лезла ў галаву. Спярша прыснілася, што іду па горадзе, а насустрач мне — людзі. І кожны замест прывітання кажа: «Не дуры галаву». Тады і я, стаўшы на рагу вуліцы, кожнаму стаў казаць: «Не дуры галаву». Пасля прыснілася, што чорная кніга нада мною лятае. Пакружыцца, пакружыцца і імкліва ўніз нясецца, каб па галаве стукнуць. Я ўбок, як заяц, а яна зноў узнімаецца над галавою.

Устаў як ачмурэлы.

— Як спалася? — пацікавіўся Пятрусь.

— А-а… — махнуў я рукою. — Чорная кніга прыснілася.

— Няхай яе чэрці носяць. Давай падсілкуемся. — Пятрусь узяў бульбу, падаў мне.

Вядома, халодная печаная бульба не такая, як гарачая, але ж і гэта наедак, калі ані ў зуб.

— Цяпер пойдзем у горад? — запытаў я, калі падсілкаваліся на скорую руку.

Шчыра скажу. Не хацелася туды ісці. Вядома, там людзі. Але ж яны нават не вітаюцца. Зноў хадзіць і ў рот пазіраць?

— Але, у горад, — сказаў Пятрусь. — Можа, пакажуць тыя гараджане дарогу дамоў. Можа, яны не такія, як учора. Што, калі ўчора на іх магнітныя буры падзейнічалі?

Канешне, магнітныя буры дзейнічаюць на чалавека. Пра гэта шмат пішуць. Людзі чытаюць, разважаюць. Аднаго разу цётка Ганна, начытаўшыся, прыбегла да нас і на ўвесь голас закрычала: «На майго Шарыка магнітная бура падзейнічала! Учора гаўкаў як шалёны, а сёння толькі пазяхае». Вось як бывае, калі начытацца, калі ўзяць у галаву.

А ў прыродзе шмат загадак. Ёсць мясціны, пра якія на ноч лепей не ўспамінаць. Напрыклад, мора Д'ябла, як называюць яго між сабою маракі. Яно знаходзіцца ў трапічных шыротах між Японіяй і Філіпінамі. Ужо некалькі стагоддзяў там прападаюць караблі, няма ні кітоў, ні дэльфінаў, ні нават альбатросаў. Не мора, а нейкая водная пустэльня. Вучоныя кажуць: ад таго, што магнітныя буры там асабліва на ўсё жывое ўздзейнічаюць.

Мажліва, падзейнічалі яны і на гэтых людзей. Вось і сталі абыякавыя, злосныя…

— Пятрусь, трэба праверыць тваю гіпотэзу, — сказаў я.

Мы, перагаворваючыся, накіраваліся ў горад. Мне карцела хутчэй.

«Як там людзі? — думалася. — Мо акрыялі? Мо сустрэнуць нас як гасцей?»

Ды дарэмна я спяшаўся. Паўтарылася ўчарашняе. Як гаворыцца, ні малы, ні стары добрага слова нам не сказаў.

Нарэшце ўбачылі купку людзей, якія, цесна збіўшыся, аб нечым гаманілі.

Мы падышлі бліжэй, праціснуліся наперад і сваім вачам не паверылі. У ручаі, які цурчэў, выбягаючы з агародаў, ляжала маленькае жоўтае кураня. Вада, пэўна, вынесла яго на водмель, і яно намагалася ўстаць, трапечучы мокрымі крылцамі. А людзі на ўсе лады, без жартаў:

— Утопіцца ці не ўтопіцца?

— Не ўтопіцца. Вунь колькі яго несла. Не ўтапілася.