48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 88

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 88

Народны цар Іванка пазяхнуў і гучна сказаў:

— Запрашаю нашага паэта Карнея!

Я, як пачуў, дык пра ўсё на свеце забыўся. Не дзіва. Ні разу не бачыў, як кажуць, жывога паэта. «Які ён? Відаць, разумны. Відаць, на гэтых не падобны», — падумалася мне.

У залу імкліва ўляцеў (ледзь з ног мяне не збіў) губаты мужчына. Нават не зірнуўшы на нас, ён стаў каля стала і пратарабаніў:

Ура! Ура! Ура!Няма жыць як без цара.Хто свайму цару дагодзіць,Таго ён і ўзнагародзіць.Будзе хлеб і будзе квас,Пакаштуем і каўбас.Будзе радасць, весялосць,Будзеш жыць заўжды, як госць.

Народны цар Іванка ўзняў руку.

— Вітаю. Вітаю цябе, паэт Карней. Новы верш напісаў?

— Новенькі, ваша вялікасць. Стос сшыткаў спісаў, пакуль напісаў. Сядзеў, пацеў, марнеў.

Вось які ён, паэт Карней. Не відаць, што змарнеў. Тоўсты, як шафа. Калі б дзверы былі вузейшыя, то не пралез бы. Пэўна, каўбасы кожны дзень есць. І па поўніцы.

— Добры верш ты напісаў,— пахваліў паэта Карнея народны цар Іванка. — Як там у цябе? «Хто свайму цару дагодзіць…»

— «Таго ён і ўзнагародзіць».

— Цудоўныя словы. Дагадзіў. Чым жа цябе ўзнагародзіць?

Паэт Карней апусціў галаву.

— Сэрца сохне. Жыць не магу.

У народнага цара Іванкі бровы прыўзняліся ўгору.

— Не разумею.

Паэт Карней выняў хусцінку, выцер узмакрэлы лоб.

— Выпішыце мне з заморскай казкі прыгажуню Васілісу. Большай узнагароды не трэба.

Я аж рот разявіў. Думаў, што паэт Карней торбу золата папросіць. А яму давай прыгажуню. Ды не мясцовую, а з-за мора. Дадумаўся, вершы складаючы.

— Мы табе нядаўна выпісалі прыгажуню Васілісу, — пачухаў патыліцу народны цар Іванка.

Паэт Карней памахаў галавою, быццам хлопчык, якога моцна пакрыўдзілі.

— Трэба другую. З гэтаю характарамі не сышліся. Ёй даспадобы музыка, а мне паэзія.

Народны цар Іванка памахаў пальцам.

— Ну! Ну! Трэба, каб сыходзіліся. Што заморскаму цару напішу?

— Ваша вялікасць! Змарнею, ссівею.

Бядуе, што ссівее. І так сівы як голуб. Няўжо думае, што ніхто не бачыць?

Народны цар Іванка пырснуў у далоню.

— Так і быць. Выпішу табе яшчэ адну прыгажуню Васілісу. Цар з царом заўжды дамовяцца.

Паэт Карней узняў галаву.

— Ваша вялікасць! Яшчэ адзін верш напісаўся, крышку ўдаўся. Дазвольце прачытаць.

— Чытай. Хм… Яшчэ адну прыгажуню… Пацешыў. Чытай.

— Гэты верш я прысвячаю вашаму палацу.

Царскаму палацу прысвячае! Няўжо пасля прачытае вершы, якія прысвяціў царскім коням ці царскім астрыжаным сабакам? Пра сабак было б цікава паслухаць.

— Чаму майму палацу, а не мне? — запытаў народны цар Іванка.

— Ваша вялікасць, палац ваш. Выходзіць, і вам заадно прысвячаю.

— Твая праўда. Чытай.

Паэт Карней адну нагу паставіў уперад, рукі заклаў за спіну і пачаў чытаць нараспеў:

Тут ціш і лагода,Вясна і свабода.Няхай жыве цар —Наш валадар.

Я зірнуў на народнага цара Іванку. Жмурыцца, як кот на печцы. Даспадобы яму і пра вясну, і пра свабоду. А свайго галоўнага міністра паслаў з мядзведзем барукацца. Хіба забыўся? Памяць кароткая, калі так. Няўжо паэт Карней пра ягоныя фокусы не ведае? Не. Ведае. Чытае, а мабыць, новая прыгажуня ў галаве.

Тут кветкі цвітуць,Апельсіны растуць.Няхай жыве цар —Наш валадар.

Няхай жыве… А людзям хіба не трэба жыць? Хутка разбойнікаў на волю выпусцяць. А Карней стараецца. Лоб аж блішчыць. Нямала поту сёння пралье.

Тут сонца ўзыходзіць,А месяц заходзіць.Няхай жыве цар —Наш валадар.

Чаму менавіта тут, каля палаца, сонца ўзыходзіць, а месяц заходзіць? Як гэта вылічыў Карней? Ён, атрымліваецца, не толькі паэт, але і астраном.

Тут пчолкі не джаляць.За гэта іх хваляць.Няхай жыве цар —Наш валадар.

Напісаў, што пчолы не джаляць. Хіба яны не такія, як усе? За гэткую паэзію не шкодзіла б гарачых даць. Тады і пра заморскую прыгажуню Васілісу забыўся б. З адной жонкай жыў бы.

Тут птушкі спяваюць,А коні іржаюць…

— Ха-ха-ха… — не стрымаўся я. Паэт Карней здрыгануўся.

— Чаго ты?

— Коні іржаюць. Ха-ха-ха… — мацней зарагатаў я.

— Хіба не іржаюць? Мо скажаш, што мычаюць? Дык яны не каровы. У іх рог няма.

— Не іржаюць, а іржуць, — удакладніў Пятрусь.

Паэт Карней наморшчыў лоб.

— Іржаюць… Іржуць… Мабыць, трэба «іржуць». Але ж «іржуць» і «спяваюць» не рыфмуецца. Няма рыфмы. Верш разбураецца. Збілі з панталыку, чэрці. Трэба нешта новае прыдумаць.

— Пасядзіш і прыдумаеш, — сказаў народны цар Іванка.

— Канешне, прыдумаю. А цяпер прачытаю карацельку.

— Якую карацельку? — вылупіў вочы народны цар Іванка.