48687.fb2 Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 96

Пастка для пярэваратня - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 96

— Добры дзень пану Бадзею. Слаўлю, слаўлю гэты час, калі ўбачыў вас.

Пан Бадзей усміхнуўся, нібы яму зорку з неба дасталі, далі.

— Паэт Карней без вершаў не можа жыць.

— Хоць нялёгка ношка гэта, ды радзіўся я паэтам, — прагаварыў паэт Карней.

Пан Бадзей узяў яго пад руку, падвёў да нашай калоны. Паэт Карней выняў з кішэні хусцінку, выцер успацелы лоб.

— Дарагія мае! Суайчыннікі! Вы, вядома, ведаеце мяне. Ведаеце?

У адказ дружна запляскалі ў ладкі.

— Дзякую, дарагія! Дзякую, суайчыннікі! Я прыйшоў да вас, каб прачытаць свае вершы. Паслухайце верш-карацельку.

Слава, слава валадарам,Бо даюць свабоду вам.

Паэт Карней думаў, што зноў запляскаюць у ладкі. Ён нават уперад падаўся, прыслухоўваючыся. Але людзі стаялі моўчкі, апусціўшы вочы. Нават такія, як каратканогі даносчык.

Паэт Карней азірнуўся, як воўк, якога абклалі.

— Прачытайце яшчэ верш-карацельку, — падахвоціў яго пан Бадзей. — Не дайшло да іх.

Паэт Карней адным духам выпаліў:

Радуйся, народ.Капай агарод,Каб расло, буяла,Каб спела, красавала.

На гэты раз запляскалі ўсе як адзін. І я пляскаў, не шкадуючы далоняў. Смешным здаўся мне гэты вершык. Смешны быў і паэт Карней, які яго прыдумаў.

Калі ў калоне крыху супакоіліся, паэт Карней аб'явіў:

— Цяпер прачытаю верш, прысвечаны вашаму прафілакторыю.

Зноў людзі апусцілі вочы. А паэт Карней, не заўважаючы гэтага, усклікнуў:

Вы народ, і я народ,Хоць вам жывецца без клапот.Ноччу вам даюць паспаць,Днём пускаюць пагуляць.

Во дае! Цэлым народам сябе лічыць. І як такое ўлезла яму ў галаву? Лічыць, што тут жыццё бесклапотнае, што гуляем, нібы па праспекце. Вось каб сам пахадзіў па вострых каменьчыках. У некаторых нявольнікаў усе падэшвы ў крыві. Зноў ноччу будуць стагнаць. Складае свае вершыкі, лежачы ў ложку.

І насмажаць, і навараць,І у лазні вас папараць.Вас пускаюць загараць,Тварык сонцу падстаўляць.

Не сонцу, а пану Бадзею. Каб рэзнуў. Насмажаць, навараць… Яго б сюды хоць на адзін тыдзень. Пайшоў бы па розум у галаву, калі б пасмактаў хвост ад селядца.

А прырода тут такая,Што проста вочы адбірае.Ветрык ціха тут бяжыць,Не шалее, не крычыць.Пан Бадзей вас дужа любіць,Калі трэба, прыгалубіць.Пра сябе зусім не дбае:Доля ў беднага такая.

Пан Бадзей заківаў галавою. Цікава, што паэт Карней папросіць у яго за свае вершыкі? Проста так не прывык чытаць. Мабыць, мы сёння і хвастоў ад селядцоў не ўбачым.

Трэба й вам яго любіць,Трэба й вам ім даражыць.Не бурчаць і не спрачацца,А прыязна ўсміхацца.Вось і я ўсю ноч стараўся,Калі верш пісаць узяўся.Але ўсё-ткі напісаў,Ад душы вам прачытаў.

— Ура паэту Карнею! — загарлапаніў пан Бадзей.

— Ура-а!.. — падхапілі стражнікі.

І ў нашай калоне найбольш старанныя закрычалі:

— Ура-а!..

Паэт Карней паднёс да вачэй хусцінку.

— Дарагія мае! Суайчыннікі! Цяпер пра сваё жыццё раскажу, сваю біяграфію вам абмалюю.

Памятаю сябе, калі яшчэ быў немаўляткам. Усе дзеці плачуць як прыйдзецца. А я плакаў па-асабліваму, у рыфму. Пасля сваімі ножкамі патупацеў. І таксама пачаў хадзіць не так, як усе, а ў рыфму.

— А яму някепска жывецца. У рыфму, — заўважыў Пятрусь.

— Неўзабаве першы верш напісаў і на ўвесь горад праславіўся. Нялёгка пісаць вершы. Асабліва цяжка рыфму падабраць. Не верыце? Падбярыце рыфму да слоў «гэй, гэй, гэй».

Здзівіў нас паэт Карней. Немаўляткам у рыфму плакаў, вучыўся хадзіць у рыфму. А цяпер просіць, каб да слоў «гэй, гэй, гэй» рыфму падабралі. З гэтых жа слоў пачынаецца карацелька, якая на прафілакторыі. Кожны нявольнік яе бачыў.

— Ну, што? Цяжка падабраць рыфму? — сказаў паэт Карней. — Вершы складаць — не тварыкі сонцу падстаўляць.

— Не бойся ты чарцей, — гукнуў Пятрусь.

— Вельмі кепска, — скрывіўся паэт Карней. Не даспадобы, што Пятрусь рыфму падабраў.

Яму думаецца, што мы з каменнага веку.

— Няхай жыве Карней, — крыкнуў каратканогі.

Паэт Карней увесь засвяціўся.

— А гэта някепска.

Вельмі захацелася мне, каб ён горкую пілюлю праглынуў. Фанабэрыцца. Стаіць, як певень. Калі б было пер'е, то распусціў бы. Што ж зрабіць? Абазваць? Непрыгожа. А калі верш пра яго скласці, каб пачынаўся з гэтых «гэй, гэй, гэй»? Зноў скрывіцца. Трэба скласці, трэба. Ага, нешта рыфмуецца… Зараз паскачаш.

Я падняў угору руку, як у школе ў час урока.

— Можна мне рыфму падабраць?

— Паспрабуй.

— Я верш прачытаю.

— Паспрабуй. Папасмяёмся.

Я выйшаў з калоны і на ўвесь голас, каб усе чулі, пачаў:

Гэй! Гэй! Гэй!Паэт Карней,Над вершам не пацей…

Я прыпыніўся, каб перадыхнуць, а Пятрусь нечакана гукнуў:

— Лаві курэй!

Паэт Карней вытрашчыў вочы так, што, я думаў, яны вылезуць. Пасля як тупне нагою!

— Мяне сам народны цар Іванка паважае! А тут… А гэтыя…

Да ягонага пляча дакрануўся рукою пан Бадзей.

— Не хвалюйцеся. Мы вас усе паважаем. Гэтыя ў мяне і застогнуць, і заенчаць. Я на іх даўно зуб тачу.

Кажа спакойна, а сам свідруе нас вачыма. Вочы халодныя-халодныя.