48687.fb2
— Гонару ў вас многа. Саўка вам на вушка нашэптвае, падбухторвае. Саўка з таго свету, падыдзі сюды! — загадаў пан Бадзей.
— Я яго выведу, — гыркнуў стражнік Сіні Нос. Краечкам вока я заўважыў, што ён схапіў Саўку за плячо, штурхнуў. Саўка, не стрымаўшыся, упаў. Пятрусь узяў яго за руку, дапамог устаць, прамовіў:
— Не бойся, Саўка.
Пан Бадзей з нянавісцю глянуў на нас.
— Гонару многа? Вытрыце ручкамі мае боты. Прызначаю вас выціральшчыкамі маіх ботаў.
Хоча ў гразь утаптаць. Перад усімі. Не дачакаешся. Можаш біць, можаш забіваць.
— Доўга чакаць? Вытрыце. Беленькімі ручкамі.
— Я выт'у, — падаў голас Саўка. — Пан Бадзей, дазвольце мне. Яны не ўмеюць.
Добрая душа Саўка. З-за нас перад гэтым будзе на каленях поўзаць.
— Саўка, не трэба, — сказаў я. І пан Бадзей сказаў:
— Не трэба, Саўка з таго свету. Для цябе што-небудзь іншае прыдумаю. Няхай яны вытруць. Чым аўчыну больш камечаць, тым яна лепшая.
— Выцірайце! — усклікнуў паэт Карней.
Аж падскоквае ад нецярпення. Чакае нашай ганьбы. Не дачакаешся. Не станем выціраць. Ты, калі б прыйшлося, выціраў бы, на каленях поўзаў.
— Вытраце. Пастаўлю на сваім, — працадзіў праз зубы пан Бадзей.
Да яго падбег стражнік.
— Пан Бадзей, нам паведамілі, каб хлопчыкаў і Саўку прывялі да яго вялікасці народнага цара Іванкі.
— Шкада, — прамовіў пан Бадзей.
— Я завяду. Можна? — выцягнуўся перад ім Сіні Нос.
Пан Бадзей махнуў рукою.
— Вядзі.
А паэт Карней плаксівым голасам праказаў:
— З рук выпускаем…
Я думаў, што зноў палезем праз трубу, як чарвякі. Але Сіні Нос правёў нас праз вароты. Мы ўтрох ішлі спераду, а ён валокся ззаду.
— Бядовыя вы, — пачаў Саўка. — Хоць Іванку не пяэчце.
— А калі яму захочацца на нас верхам пакатацца? Спіну падставіць? — сказаў Пятрусь.
Саўка ўздыхнуў.
— Што з'обіш? Т'эба жыць як набяжыць.
— Маўчаць, — крыкнуў Сіні Нос.
— Дзе запісана, што трэба маўчаць? Пакажы, — агрызнуўся я.
Сіні Нос толькі брыдка вылаяўся. Не даспадобы яму. У палац прэцца. Учора быў разбойнікам, а сёння ў начальнікі мерыцца. Будзе служыць і нашым і вашым.
— Твой дабрадзей, калі б мог, то ў палац на крылах паляцеў бы, — кажу Петрусю.
— Трэба пакупаць яго ў лужыне, — прашаптаў Пятрусь.
Уздоўж плота цягнулася лужына. На метраў сто, не меней. Вада чорная, пратухлая, нават цінай пакрылася. Відаць, лужына тут спакон вякоў. Канешне, не шкодзіла б, каб паплёхаўся ў ёй Сіні Нос. Але ж не адужаем яго. Нават калі Саўка дапаможа.
— Ігнат, — зноў прашаптаў Пятрусь, — ты наггіся, быццам шнурок на чаравіку завязваеш, а я…
— Рот заткну, — крыкнуў Сіні Нос.
Хоць і не даказаў Пятрусь да канца, ды я ўсё зразумеў. Вельмі добра ён прыдумаў. Вядома, Сіні Нос дужэйшы за нас, але ж і дужэйшага можна перамагчы. Як кажуць? Трэба розумам надтачыць, дзе сіла не возьме.
Я стаў каля самага краю лужыны, нагнуўся і развязаў шнурок.
— Ты чаго? Чаго? — разгубіўся Сіні Нос.
Як зрабіць, каб ён падышоў бліжэй, каб спінаю да мяне стаў?
— Шнурок развязаўся, — кажу.
— З развязаным не дойдзеш?
— Не дайду.
— Нос расквасіш?
— Расквашу.
— Хутчэй завязвай.
Спяшаецца. На начальніцкае крэсла карціць ускарабкацца. У лужыне табе сядзець, а не ў начальніцкім крэсле.
Я завязаў шнурок, пасля развязаў. Зноў завязваю, крэкчучы.
— Чаго крэкчаш? — не стрываў Сіні Нос.
— Бо крэкчацца.