48687.fb2
— Пан стражнік, — паклікаў Пятрусь.
Сіні Нос павярнуўся, і ў гэты момант, як я здагадаўся, Пятрусь штосілы штурхнуў яго, бо ён, перакуліўшыся праз маю спіну, упаў у лужыну. Лужына, відаць, была глыбокая, бо з галавою схаваўся.
Пятрусь схапіў за руку Саўку.
— Бяжым. А ён стаіць.
— Куды ж падзенемся?
— Бяжым! — Пятрусь сілком пацягнуў яго за сабою.
Мы заскочылі на нечый падворак, перабеглі праз агарод.
— Дапамажыце-е!.. Лавіце-е!.. — пачулі мы, як закрычаў Сіні Нос.
Хваробу зловіш. Не для таго ўцякаем. Не з тваім ротам мышэй лавіць.
Мы ў момант вока перабеглі праз агарод, выскачылі на луг. За лугам цямнее лес. Да яго з кіламетр.
— Болей не магу, — прамовіў Саўка.
Я заўважыў, што непадалёку стаіць гумно, накрытае саломай.
— Давайце ў гумне схаваемся, а вечарам вылезем і ў лес, — кажу.
— Прыйдзецца схавацца, — пагадзіўся Пятрусь. — Да лесу Саўка не дабяжыць. Дый з горада нас убачаць. Будуць ведаць, дзе шукаць.
Гумно, на наша шчасце, было незамкнёнае. У ім ляжала сена. Мы залезлі на самы верх. Праз дзіркі шчыта прабіваліся промні сонца, асвятлялі гумно, нібы ліхтарыкам. Пятрусь усеўся каля шчыта, пазірае ў шчыліну.
— Нядаўна ў мяне была хатка. Хоць маленькая, але свая. А цяпеў бяздомак я, — прамовіў Саўка.
Так, бяздомак. Выгналі з хаты. За што, запытацца? За тое, што літару «р» не навучыўся вымаўляць? Відаць, не. Раней жа не чапалі. Пану Бадзею стрэліла ў галаву.
Бяздомак… І мы з Петрусём бадзяемся немаведама дзе. Таксама няма прытулку. Саўку пан Бадзей схапіў, а нас — алхімік.
— Саўка, не бядуй, — сказаў я, каб суцешыць. — І ў нас не мёдам намазана.
— Адкуль вы? — запытаў Саўка.
Я, вядома, расказаў бы яму, што мы не з казкі, што адтуль, дзе добра, дзе прыгожа. Расказаў бы і пра школу, і пра аднакласнікаў. Магчыма, Саўка не паверыў бы мне, падумаў бы, што мы з таго свету, няйначай. Я расказваў бы, даказваў. Ды Пятрусь неспадзявана паведаміў:
— Сіні Нос са стражнікамі сюды спяшаецца. Я заўважыў, як збялеў Саўка.
— Хлопчыкі, хаваймася.
Мы зрабілі ў сене норы, зарыліся з галавою, затаіўшыся. Калі б цяпер мыш залезла пад маю кашулю, то цярпеў бы, маўчаў. Лепей выцерпець, чым лезці праз трубу ў прафілакторый.
Рыпнулі дзверы. Хтосьці прамовіў:
— І тут няма.
— А ты наверх залезь, правер, — пачуўся голас Сіняга Носа.
Няўжо правераць? Што, калі заўважаць? Тады трэба кулём ім на галаву. Пакуль ачомаюцца, будзем далёка. Каб толькі ўсім разам скаціцца, па камандзе.
— Лезь. Чаго топчашся?
— Няма іх там.
— Лезь, пакуль у прафілакторый не адправіў. Мяне сам пан Бадзей паважае. Не ве-э-даеш?
Сена зашалясцела. Лезе стражнік, баіцца Сіняга Носа. Сіні Нос нядаўна ў турме сядзеў, а цяпер камандуе.
— Няма. Казаў вам.
Вось табе і маеш! На «вы» Сіняга Носа называе. Хутка перад ім будуць шапкі знімаць.
— Злажу-у…
Пранесла. Не ўмееце шукаць. З носам засталіся. Што ж, папабегайце. Вам карысна. Прывыклі сіднем сядзець.
— Каля гумна пабудзьце, — загадаў Сіні Нос. — Далёка не адыходзьцеся. Яны недзе тут. Людзі бачылі, што ў гэты бок пабеглі. Я сабаку прывяду. Па слядах знойдзе.
Стражнікі, гамонячы, выйшлі з гумна. Ды што з гэтага? Праз паўгадзіны знойдуць нас. Сабака пачуе, дзе сядзім.
Я высунуўся з нары.
— Ігнат, — паклікаў Пятрусь.
Ужо на сене мой сябар сядзіць, у шчыліну пазірае.
— Ігнат, стражнікі карты дастаюць. Будуць гуляць. А Сіні Нос ужо на агародзе.
— Спускайцеся за мною, — прашаптаў Саўка і, ступіўшы на край сена, слізгануў на жываце.
Мы з Петрусём перапаўзлі на край і таксама з'ехалі з сена.
— Да лесу бяжыце, — сказаў Саўка. — Там схаваецеся.
— А ты? — запытаў я.
— Я як-небудзь…
— Чаму?
Саўка, не адказаўшы, выбег з гумна і што ёсць сілы прыпусціўся па лузе. Туды, да агародаў.