50195.fb2
Ён высока, як мог, узняў угору той цукар і паціху пачаў пасвістваць. Конь падышоў і выцягнуў губы трубачкай. Мікола і ўкінуў у тую трубачку цукар. Сняжок пачаў хрумстаць і хітаць галавою.
— Гэта ўжо было! — махнуў рукою Алесь. — І ніякі ён не цыркач, за цукар любы падзякуе… От путай хутчэй, ды пойдзем дадому. Мне ўжо есці хочацца.
— Я яго спутаю унь там! — паказаў Мікола на невысокі каржакаваты дубок, што стаяў на краі лужка, і колькі было моцы кінуўся туды.
Конь паглядзеў яму ўслед, але не крануўся з месца, а пачаў скубці траву. І тады Мікола свіснуў у два пальцы, гучна паклікаў: «Сняжок! Сняжок!..»
Конь узняў галаву, бліснуў бялкамі вачэй, раздзьмуў ноздры і спакваля пайшоў на той кліч і новы свіст Міколкі. З кожнай хвілінай усё шпарчэй і шпарчэй. І вось ужо ён пабег, пусціўшы пушысты хвост па ветры, спярша трухам, а потым наўскач. Дагнаў Міколу і выцягнуў шыю — дай цукру!
Гэтая гульня спадабалася абодвум. Некалькі разоў Мікола адбегаўся і такім чынам клікаў Сняжка, і кожны раз той прыбягаў. Нават на першы свіст. Зрываецца з месца і галопам імчыць да свайго малога дрэсіроўшчыка…
— Міко-ола-а! — ледзь не плачучы, паклікаў таварыша Алесь. — Свісні — і я таксама прыбягу, толькі дай цукру! Дурань, знайшоў забаўку…
— Ты паглядзеў бы, як ён мяне лоўка на спіну падымае! — адкульсці данёсся слабы Міколаў голас.
— Чым? Капытамі? — з'едліва кпіў Алесь.
— Не, галавой…
Потым ужо, калі яны ішлі праз лес да свайго хутара, Мікола ўзрушана расказваў, як Сняжок, падбегшы на цукар, апускаў галаву, а ён, Мікола, садзіўся каню на шыю. Потым той узнімаў галаву, і Мікола лоўка, як з горачкі, слізгаў на спіну.
— Гэта дапраўдачкі здорава! — аж не верыў пачутаму Алесь. — Ён сапраўды кемлівы, той Сняжок. На яго можна залезці і пня не шукаць, абы-дзе, хоць на лузе, хоць на полі…
— Вось гэта адкрыццё! — усё больш захапляўся Мікола. Ён размахваў рукамі, забягаў наперад, ступаючы босымі нагамі па нагрэтаму прыску дарогі, гаварыў больш звычайнага. — Я навучу яго лажыцца, калі трэба будзе…
— Сняжок ляжа!
— Дзіва што! Ось толькі цукар, шкада, канчаецца, — з сумам загаварыў Мікола.
— А мы накапаем ля Мокрага Лога патронаў у французскіх акопах! Занясём у краму і здамо… Цукерак купім.
— Купім, — згадзіўся Мікола. — Ля Бярозы, кажуць, былі самыя баі з французамі. Там толькі капні — дык тых патронаў столькі, хоць жменяй чэрпай. Нават з порахам і доўгімі тупаносымі кулямі бываюць…
Так размаўляючы, хлопцы непрыкметна падышлі да зарослых дрэвамі могілак, за якімі цякла іх любімая Каза. Тут заўсёды змрок, цішыня. І таму яны прыціхлі, час ад часу касавурачыся ў глыбіню могілак, дзе стаяла цагляная каплічка.
І раптам Міколу як хто падкалоў.
— Чаму гэта ў каплічцы дзверы адчынены? — ціха азваўся ён і аж спыніўся.
— Там нехта ёсць! — Алесь паказаў на цёмную постаць, ледзь бачную ў прыцемку каплічкі, і сам падаўся за тоўстую хвою, што расла пры дарозе.
За ёй схаваўся і Мікола…
Часта дзве сям'і, як адна, снедалі ці вячэралі разам за вялізарным доўгім сталом, які стаяў у пустой зале з абшарпанымі ружовымі шпалерамі. Да стала Мірон парабіў лавы з негабляваных дошак, якія ўзадраў у аборы. Гэта было яшчэ тады, калі тут балявалі начныя «госці», што абабралі ў Загацці краму.
Вячэралі разам і цяпер.
Міроніха адцадзіла бульбу і высыпала яе, бялюткую, разварыстую, у зялёную місу, паставіла пасярэдзіне стала. У гэткую ж, толькі яшчэ больш абабітую, пацямнелую місу наліла кіслага малака, нарэзала не дужа тоўстыя скібкі наздраватага прычарсцвелага хлеба — кожнаму па адной — і зірнула ў акно.
— Валацугі ўжо нашы ідуць, — кпліва сказала Мар'і, бо лічыла, што яе Алеся няйначай зводзіць Мікола. — Будзе ім акурат і абед, і вячэра…
— Ды ўжо ж… Самі вінаваты, — уздыхнула Мар'я. — Коля-то ў мяне папрасіўся.
— А мой усё маўчком, уве-е-есь бацюта. — Цяпер ужо яна глянула на Мірона. Той сядзеў за сталом прыцішана, хоць сёння добра накасіўся і прыцёг аж дзве лясёнкі травы, раскідаў у садзе за хатай, каб сохла.
Хлопцы зайшлі, спыніліся каля дзвярэй, вочы долу. Ды Алесь і тут не мог доўга маўчаць, пачаў хуценька тлумачыць, што яны пасвілі Тупікавага каня, а потым баяліся ісці паўз могілкі, дык абыходзілі.
— Не балбачы от, а садзіся есці! — піхнула яго ў плечы Міроніха. — Карову папасвіў бы лепш, а то як падстрэляць дзе ў шкодзе, дык усе з голаду ногі выпрутаем.
І гэта была праўда: карова карміла аж дзве сям'і, не давала ім «сесці на нішчымніцу», як гэта было ўжо з многімі сем'ямі.
На нейкі час гамонка заціхла. Адно было чутно, як шкрэбаюць па місе пацямнелыя ад часу драўляныя лыжкі ды як гучна сёрбае з конаўкі сырадой Мірон. Конаўка была непамерна вялікая, зробленая з гільзы снарада, але такая блішчастая, быццам залатая: Міроніха любіла чысціню. «Хоць бедна, але чыста», — заўсёды гаварыла яна, зрабіўшы якую-небудзь хатнюю работу. Адзіная яе рудаватая сукенка кожны дзень была зранку як новая — і памытая, і папрасаваная. Увечары яна здымала яе і зноў мыла, каб раніцай апрануцца ў чыстае. Гэта было добрым прыкладам і сынам: Алесь і Пятрок шанавалі адзежу, у бруд не соваліся, спаць у ёй не клаліся, як гэта рабіў сам Мірон.
— Пагоніце, хлопцы, заўтра сівую пасвіць, — парушыла маўчанне Мар'я. — Хоць якая карысць будзе…
— Пагонім, мама, — адразу згадзіўся Мікола. — Ці ж мы калі адмаўляліся?
— А я от, дапраўдачкі, люблю такую працу, каб з яе не толькі сабе карысць была, а каб і людзі карысталіся, — раптам задуменна пачаў Мірон. — Праца — яна, як смага…
— Дык ішоў бы ў калгас! — проста адказала на гэта Міроніха і дабрадушна засмяялася. — Працуй сабе там на людзей колькі ўлезе!
— І пайшоў бы… Толькі там ад маёй работы наўрад ці прыбавіцца што. Мне каб адразу, скажам, гектараў дзесяць зямлі ўзараць… Або махам стог скідаць. За гадзіну! Каб і на адпачынак часу засталося…
— Нам у школе чыталі, што ёсць такія машыны, якія аж па тры плугі цягаюць, — нясмела, быццам сам сабе, сказаў Мікола. — І па дзве сеялкі…
— Во! — Мірон тыцнуў на яго пальцам. — Тады і мне ў калгас можна! Дзень парабіў, але каб відна была тая работа. Такая мая хвіласохвія…
— А рэзгіны сена зімой карове ўкінуць — гэта не твая хвіласохвія, так выходзіць?
— Сэрца баліць ад тваіх рэзгін… І карак — во! — намуляў, дальбог, дапраўдачкі…
— Дур у цябе ў галаве, чалавеча, — от што я табе скажу. Гэта ўжо мая хвіласохвія! — зноў дабрадушна засмяялася Міроніха і пайшла ў другі пакой, дзе была печ.
Мікола падміргнуў Алесю і кіўнуў на яго бацьку, маўляў, бачыш, як усё добра атрымалася: у іх свае клопаты, свая гаворка, і пра тое, дзе яны так позна былі, ніхто не дапытваецца.
Яны хуценька павячэралі і выйшлі на падворак.
Сіні вечар апусціўся на лес, поле, далёкія лугі; над ярамі віднелася шэрая смуга, быццам там гарэлі кастры і дым ад іх уздымаўся ўгору; дзесьці ў жыце натужна, як па камандзе, пачыналі рыпець рапухі; у балоце, над паплавамі перакрыкваліся драчы…
— От бы схадзіць цяпер і паглядзець, што там Ваўчок робіць, — пачаў гаворку Алесь.
— Можа, ён яшчэ і не дома, — адказаў Мікола. Яны селі на чорную, парэпаную ад дажджоў і сонца, дубовую калоду, што немаведама з якога часу ляжала каля хаты, пад вокнамі, і прыціхлі. А можа, прыгадалі нечаканую сустрэчу на могілках? Там і сапраўды здарылася такое, што не адразу забудзецца…
…Схаваўшыся за тоўстай хвояй, хлопцы з цікавасцю і страхам глядзелі, як у капліцы мільгаў-мітусіўся нейкі цень. Потым ён высунуўся з праёма дзвярэй і зладзеявата азірнуўся. Гэта, на здзіўленне хлопцам, быў Іван Ваўчок. У руках ён трымаў парожні кошык.
Асцярожна, каб не рыпнулі дзверы, ён прычыніў іх і ўваткнуў у прабой таўставаты сук з зялёнай галінкай наверсе. Потым зноў азірнуўся па баках і, упэўніўшыся, што нідзе нікога, паволі, з угнутай па-воўчы галавою, патупаў у бок рэчкі, відаць, падаўся дадому.