50195.fb2
— Зойдзем? — ціха спытаў Алесь.
— Зойдзем, — гэтак жа ціха адказаў Мікола. Лёгка сказаць — зойдзем. Ногі нібы прыраслі да зямлі, у роце перасохла. А што, калі там, у капліцы, яшчэ нехта ёсць? Гэта хлопцы разумелі, таму і не спяшаліся. І добра зрабілі, бо неўзабаве ў тым баку, дзе знік Іван Ваўчок, трэснула галінка, і яны ўбачылі, як да капліцы падышоў незнаёмы чалавек. Не падышоў, а быццам прыкілгаў на сваіх доўгіх нагах-хадулях — да таго ён быў высокі і няскладны: ідзе, хістаецца ў бакі, як п'яны.
Следам вярнуўся і Ваўчок.
— Можа, што людскае прынёс? — спытаў ён у высокага. — А то, лічы, нішчымніца адна — хлеб ды цыбуля…
— Сала добры кус ёсць, — басавіта, з кашлем, адказаў той. — Сам ведаеш, якая цяпера скаромніна ў сенакос. Даўно ўжо людцы на адным малацэ… І таго не ва ўсіх, галадуха, браце ты мой, от што я табе скажу…
— Давай сала. І помні, Ігнат, ты павінен іх карміць, а не я. Ты-ы…
У голасе Ваўчка адчуваўся папрок.
— А ты?
— Я з імі ў бандзе Скуратовіча не быў, як ты… Глядзі-і, пранюхае тое Тупік, то засвішчаш у Салаўкі. У яго наконт гэтага — закон! І як табе ўдалося ад суда ўцячы?
— Праню-юхае… Калі ты не падбрэшаш… Я сваё прозвішча змяніў.
— А і падбрашу… Чаго мне баяцца? Што і прозвішча змяніў.
— Таму і цягнеш з мяне апошнія жылы?
— Таму… Ты ў мяне цяпер моцна на кручку сядзіш! — зарагатаў Ваўчок. — А я — у баку, я не знаўся з вамі! І баяцца мне няма чаго…
— Зыгмуся трэба баяцца! — сказаў Ігнат. — Зыгмуся… І хеўры ягонай. Хто першы звязаўся з Зыгмусем? Хто яго прыгалубіў? Га? Маўчыш…
Ігнат спачатку неяк засіпеў, бы засмяяўся, а потым закашляўся хрыпла, натужна.
Ваўчок нічога не адказаў, а зноў зайшоў у капліцу. Вярнуўся хутка і, як у першы раз, зашчапіў дзверы тым жа сукам з зялёнай галінкай.
— Ну, то я пайшоў у Замошша, — сказаў Ігнат. — Калі што якое дабуду — табе прынясу, на хутар.
— Не, не, не! — замахаў на яго рукамі, як адбіваўся, Ваўчок. — Начамі больш не прыходзь. Засеклі малыя, што на Гурэцкім хутары. Лепей у Мокрым Лозе хавай, пад каменем.
— Туды, у тую пячору, вужы лазяць.
— А ты ў анучу закруці.
— Ладна. Толькі сёння яшчэ прыйду. Дзела ёсць.
— Раз дзела — прыходзь…
Неўзабаве яны разышліся ў розныя бакі. І калі ў вечаровай цішыні заціхлі іх крокі, хлопцы, нават не згаворваючыся, бы іх цягнуў магніт, рушылі да каплічкі. Асцярожна адчынілі дзверы і зайшлі. Пры цьмяным асвятленні адзінага акенца яны ўбачылі ў куце нейкі драўляны столік. Там ляжаў хлеб; цыбуля і сала, як страва больш каштоўная, былі загорнуты ў газеціну і падвешаны на аборыне. На тым жа цвіку была наколата і паперка, напісаная друкаванымі літарамі: «Астатняе — у Мокрым Лозе».
— Давай возьмем сала! — узгарэўся Алесь.
— Што ты! Яны ж здагадаюцца, што ў капліцы нехта быў… Лепш раскажам усё Тупіку…
І яны пайшлі, зачыніўшы капліцу, як і было…
…— От якая мая хвіласохвія, — пачуўся з адчыненых дзвярэй хаты Міронаў голас. Ён нібы абудзіў хлопцаў ад успамінаў.— Каб і дзеці мае, і ўнукі не рвалі жылы на зямельцы, а каб знак ад іхняй працы быў! Дапраўдачкі…
— Добрая ў твайго бацькі хвіласохвія, — засмяяўся Мікола. — Каб не дужа перапрацаваўся…
— Неблагая, — згадзіўся Алесь. — Толькі от глядзі — зараз той філосаф спаць пагоніць, — паказаў ён на бацьку, які паволі набліжаўся.
— Не пагоніць. Мірон, калі пад'есць, лагаднее…
— Гэта — калі добра пад'есць, з мясам ці салам… Мірон і праўда не гнаў хлопцаў спаць. Толькі калі
ўбачыў, што сюды сунецца і малы Пятрок, сыкнуў на яго, і той, як мыш, шмыгануў назад у хату.
Падышоў, сеў на калоду з Міколавага боку, дастаў капшук, паперу і доўга моўчкі круціў цыгарку.
— Вам-то ўжо, дапраўдачкі, будзе лягчэй жыць, — папыхваючы цыгаркай, вёў тую застольную гаворку Мірон. — Што яно будзе — не ведаю, але косы ды сохі згінуць. От пабачыце. Не праца гэта, а наша пагібель…
— А як жа на паплавах, дзядзька Мірон, касіць будуць машыны, калі там касцы ў лапцях і то грузнуць? — нечакана, мусіць, і для Мірона спытаў Мікола. — Без косаў там не абысціся…
Мірон падумаў колькі хвілін, пахітаў галавою, як бы прыкідваючы, што ж на гэта адказаць. Потым махнуў рукою, сказаў упэўнена:
— Абыдземся і без паплавоў! Кароў туды будзем ганяць на пашу.
— А дзе ж на зіму тым каровам сена браць? — уставіў слова і Алесь.
— Сеяць будзем на добрай зямлі, касілкай убіраць, касілкай, — паўтарыў ён цвёрда. — Жыць тым, што было і што ёсць — лепш зусім не жыць. Такая мая хвіласохвія. От пабачыце, жэўжыкі, што ўсё-ўсё перайначыцца. Возьмем, да прыкладу, не палоску зямлі, а бязмежны абсяг…
Колькі ў той вечар дзіваў-цудаў нагаварыў ім дзядзька Мірон! Хлопцы слухалі і нямала дзівіліся — адкуль у яго, забітага горам чалавека, столькі веры ў будучае, у светлае і шчаслівае жыццё! Ён гаварыў, безумоўна, так, як думалася яму, як хацелася жыць, як хацелася змяніць жыццё на лепшае…
Слухаць Мірона ім было прыемна. І яны верылі кожнаму яго слову, бо амаль тое ж чыталі ў сваёй піянерскай газеце, тое ж чулі і ад настаўнікаў…
Цемень і цішыня спакваля насунуліся на хутар, толькі далёка на рацэ чулася раўнамернае тахканне буксіра. Эх, як шкадавалі хлопцы, што буксір праходзіць так позна! Удзень яны беглі б паўз той буксір і прасілі: «Параход! Дай цукерак!» І адтуль, з буксіра, паляцелі б на бераг дзве-тры цукеркі ў каляровых паперках. І пасля хлопцы добрую гадзіну шукалі б тыя цукеркі ў высокай траве паплавоў. Ах, якія яны былі смачныя, тыя «параходавы» цукеркі!..
Цяпер ноч, цемра… Нават хутара Красоўскага не відно. Там ужо, напэўна, спяць. А ці ўсе? Ці не чакае там Іван Ваўчок начнога госця Ігната? І пра што яны будуць гаварыць? Гэта ж так цікава. І так неабходна ведаць хлопцам. Яны ж цяпер не абы-хто, а разведчыкі самога Тупіка.
— Тата, мы пойдзем спаць… на сена, — гаворыць Алесь і ўстае. Устае і Мікола.
— Ідзіце, — гаворыць ім Мірон і задумваецца. І ўжо хочацца ведаць — пра што ён думае? Якая новая «хвіласохвія» прыйшла яму ў галаву.
Хлопцы быццам бы ідуць у прыбудоўку, дзе цяпер Міроніха складае сена, а самі, адышоўшыся, крута змяняюць напрамак і ўжо бягуць у бок рэчкі…
Зыгмусь сядзеў ля агню і думаў цяжкую думу: ці правільна ён зрабіў, прыйшоўшы сюды, дзе кожны чалавек, сустрэўшы яго, адразу пазнае. А можа, ужо даўно пазналі яго? Дадумаўся — прыкінуцца сляпым жабраком. Дзівак! З такой паходкай, як у яго, цяжка маскіравацца.
Сувязей у яго, лічы, ніякіх. З былой банды Скуратовіча азваўся толькі Ігнат. А хто ж абрабаваў магазін у Загацці? Ну, быў Крывы Панас. Гэта не Ігнат, гэты бабыль каго хочаш за грошы прадасць. Іван Ваўчок таксама не рыбіна — дробязь. Яму патрэбны тыя, хто абрабаваў магазін. Вінтоўку ж от нехта забраў! Хто? Дзе ён, той нехта?.. Вось яшчэ чаго не хапае — зброі. Голымі рукамі Тупіку і тым, хто пусціў на вецер яго, Зыгмусеў, маёнтак, не адпомсціш…
Зыгмусь прыгадаў, як страляў з нагана ў Тупіка, страляў адзіным патронам. Другога не было. І прамахнуўся. Цяпер той наган, як непатрэбная цацка. А патронаў у аборы было шмат. З вінтоўкі можна было зрабіць абрэз…