50195.fb2
Падышоў Ігнат, прысеў побач, моўчкі пачаў падкідаць адгарэлыя канцы ў агонь.
— Ну, цо чуваць, цо новэго? — не стрываў, спытаў Зыгмусь, і асветлены зыркім полымем твар яго насцярожана застыў у чаканні.
— Ніц! — са злосцю адказаў Ігнат. — Нічога новага не чутно. Усё старое, як свет…
— А чэго пан злуецца?
— А тэго! Гаварыў бы як людзі, а то цокаеш, бы ты не гэткі ж беларус, як і я… І гэткі ж пан!
— Я естам поляк! — у сваю чаргу зазлаваў Зыгмусь.
— А-а, — махнуў рукою Ігнат, і малы, востры тварык яго скрывіўся ў пагардлівай усмешцы. — Ты такі ж паляк, як я француз. Шляхта недабітая — от хто ты естам…
«Гэты хам гаворыць праўду… і не баіцца. А раз не баіцца, то свой. Чужы падлізваўся б, дагаджаў… Але ж так вось, запанібрата… я не раўня яму, былому батраку…» — думалася Зыгмусю. Ён даўно пабойваўся Ігната, яшчэ з таго часу, калі той, як Скуратовіча акружылі вайскоўцы ды чэкісты, смелым манеўрам вывеў яго з акружэння. Тады, бадай, ім толькі і пашэнціла выратавацца…
Яшчэ ўспомнілася, як у самы крытычны момант гэты Ігнат схапіў Скуратовіча загрудкі і крыкнуў у твар: «Настася твая навяла на след, баба! З-за цябе гінем!»
Колькі ні думаў Зыгмусь, ніяк не мог дайсці да розуму — чаму гэта Ігната, які быў разам з ім у бандзе Скуратовіча, на волі, чаму яго не судзілі? Працуе сабе ў калгасе і нікога не баіцца. Казаў — змяніў прозвішча. А твар хіба зменіш? Можа ж нехта і пазнаць, ездзіў жа ён са Скуратовічам па вёсках. Тады, як судзілі Зыгмуся, Ігнат недзе знік, казалі, уцёк з-пад стражы. Дык чаго ж зноў сюды прыцёгся? Ці не за тым жа золатам? А можа, ён правакатар, гэты Ігнат? Можа, прадаўся на міласць новай улады і служыць ёй? Ой, колькі цяжкіх думак у Зыгмуся, колькі нявырашаных пытанняў!
— А што гэты Ваўчок — надзейны чалавек? — спытаў Зыгмусь, узняўшы аброслы худы твар.
— Жмот, — коратка кінуў Ігнат. — Я яму заўчора амаль цэлы вэнджаны кумпяк прыцёг, дык ён, жмінда, большую палову сабе пакінуў. Гэта мне, кажа, за тое, што маўчу, што нашу ў капліцу рознае рыззё ды ежу. Рызыкую… От і думай цяпера, як тут давяраць. Не заплоціш яму як след, то можа перакінуцца да таго, хто больш дасць… — Ігнат паглядзеў на Зыгмуся сумным позіркам. — Ты б не цягнуў, кінуў бы ўжо сабаку тую костку, якую абяцаў.
— Многа ён хоча! — зарагатаў, паказаўшы рэдкія жоўтыя ад махоркі зубы, той. — Золата яму пашкодзіць.
— А нам? За золата можна дастаць зброю. І я, здаецца, ведаю — дзе яе дастаць.
— Пакуль бацькава золата ў зямлі, вы, упэўнены, будзеце памагаць мне. І я сумняваюся, цо… — Ён усміхнуўся, паправіўся: — Што вы гэтак жа верна будзеце мне служыць тады, калі я тое золата дастану ды падзялю…
«Хітры, гад, кемлівы, — падумаў Ігнат. — Трэба будзе нацкаваць Ваўчка… Гуляць у жмуркі з гэтым Зыгмусем вельмі непрыемная і небяспечная рэч. Можа і пранюхаць — хто я на самай справе. Або наробіць яшчэ якой бяды, дык і я буду вінаваты, што не перасцярог… Адно ясна — да абрабаванага магазіна ён не мае ніякага дачынення».
— Мне асабіста яно не дужа патрэбна, тваё золата, — пазяхнуўшы, абыякава зазначыў Ігнат. — З золатам няцяжка і пагарэць. Мне людзі патрэбны, сіла…
— Няўжо ты яшчэ спадзяешся набраць надзейных людзей і стаць новым Скуратовічам? — у голасе Зыгмуся пачуліся насмешлівыя ноткі.
— Спадзяюся. Хоць не ў такім маштабе. Я ж цяпера жанаты, жыву побач з міліцыянерам. Ведаеш, як трэба вуха востра трымаць, ого!
— Ідыёт! — перапыніў яго Зыгмусь. — І што далей? Цяпер жа не дваццатыя гады, а трыццатыя. Ты хоць чытаеш газеты?
— Чытаю, дарэчы. І сабе для памяці, і людзям. Я ж цяпера лепшы вясковы агітатар…
— Тым больш смешна — навошта табе, як ты кажаш, сіла? Нас ужо трое: ты, я, Ваўчок. Гэтага для мяне хопіць. Трэба толькі не сядзець, а дзейнічаць.
— Што ты маеш на ўвазе?
— Толькі помсту. Адпомшчу сваім крыўдзіцелям і знікну. Назаўсёды.
— Куды знікнеш?
— У буйны горад падамся. Там цяпер можна вунь як між людзей зашыцца. Дастаў новыя паперы, як ты, і жыві сабе!
— А мы — як?
Зыгмусь паволі павярнуўся да Ігната, нейкі час глядзеў на яго доўгім варожым позіркам.
— У мяне такое адчуванне, быццам я ў кабінеце следчага, — націскаючы на апошняе слова, глуха вымавіў ён. — Вужака ты, Ігнат, задужа слізкі. Невядома, якім паветрам ты дыхаеш. Якія от у цябе планы?
— Я знайду тых, хто папрацаваў у Загацці,— памяркоўна сказаў Ігнат.
— Толькі не з маёй дапамогай, — адразу ж падхапіў Зыгмусь. — Ясна?
«Во — гад! Як у ваду глядзіць… Ці ён думкі мае чытае?» — падумаў Ігнат і прамовіў сцішана:
— Сам знайду. У Калінаўку пайду да аднаго чалавека. Ён, здаецца, нешта ведае…
— Да Крывога Панаса?
— Да яго…
— Дарэмна!
— Чаму?
— Зноў допыт? Хто табе назваў яго імя?
— Ты…
— Калі? — узняў чорныя густыя бровы Зыгмусь.
— Вось цяпер… Спытаў — да каго я пайду. І адказаў — да Крывога Панаса. Я ж толькі падазраваў яго, а ты сваёй падказкай пацвердзіў маё падазрэнне на Крывога Панаса…
— Ну і следчы!
— Там трэба шукаць сляды, што вядуць ад Загацкай крамы, гэта факт…
Нічога не адказаў на гэта раптам пазмрачнелы Зыгмусь. Лёг на пасланы ля агню вайсковы бушлат, падпёр правай рукою галаву і задумаўся, аж вочы прыжмурыў. Быццам заснуў.
Зноў згаслы агонь ледзь асвятляў яго аброслы, малпападобны твар. Ужо добра сцямнела, і Ігнат заспяшаўся.
— Ну, я пайшоў дадому, — стаў ён на ногі.— Спраў — на ўсю ноч… Цябе вось яшчэ кармі…
— З богам, — Зыгмусь нават не крануўся. І толькі тады, як заціхлі Ігнатавы крокі, падхапіўся, сеў, агледзеўся, падумаў: «Трэба мяняць месца. Пайду ў Мокры Лог. Чорт яго ведае, гэтага Ігната, што ў яго наўме. Штосьці хітруе, выпытвае. А раптам ды сапраўды правакатар? Не! За службу ў Скуратовіча яму ніхто не даруе. Вось толькі дужа падазрона, як гэта ён пазбег суда. Чорт! І што ён толькі ад мяне хоча? Золата? Ха-ха-ха!»
Ад гэтых думак Зыгмусю стала весялей. Падняў з зямлі бушлат, які дні тры назад прынёс у капліцу Ваўчок, торбу з ежай. Торбу павесіў на плячо — так зручней ісці. Толькі ішоў ён цяпер не смела, як першы раз, ішоў з аглядкай, часта прыслухоўваўся да наваколля: цяпер ён сябе выкрыў, страляў у Тупіка. Могуць быць засады. Той не даруе такога няўмелага стрэлу, той страляе трапна…
Зацкаваным зверам ішоў пан Гурэцкі-малодшы па начным сцішаным лесе…