50195.fb2
— Ледзь не прагарэлі,— калі доўгая постаць растварылася ў начной цемрадзі, прамовіў Алесь.
— Затое прыйшлі ў час! Ён яшчэ толькі пайшоў да Ваўчка, — задаволена азваўся Мікола. — От будзе што заўтра Тупіку расказаць!
Алесь быў не такі аптыміст. Ён ішоў, часта азіраўся, спыняўся, услухоўваючыся ў наваколле, быццам за імі хто цікаваў.
— А можа, павернем? — у які раз спыніўшыся, папрасіў ён. — Бандыт жа ён… той Ігнат…
— Сказаў яшчэ! — тузануў яго за рукаў Мікола. — Разведчык, называецца…
Хлопцы зноў рушылі наперад, але больш асцярожна. Пераадольваючы страх, як лісы, прыпадаючы да зямлі, падкраліся яны да павеці, што стаяла на водшыбе, непадалёк ад хаты, зашыліся між леташнімі жытнёвымі снапамі і свежым сенам і сцішыліся. Ціха было і навокал. У вокнах святла не відаць, толькі свяціліся шчыліны высокіх дзвярэй, што вялі ў прасторныя сенцы. Там чутна была і прыглушаная гаворка.
— Падслухалі, называецца, — шапнуў Алесь.
— Цс-с! — Мікола прыкрыў яму далоняй рот, бо ў гэты час дзверы адчыніліся, і два цёмныя і таму дужа страшныя мужчыны выйшлі на ганак, сышлі з прыступак — тук-тук-тук. Тры прыступкі. І вось постаці ўжо кіруюцца да паветкі. У хлопцаў аж дух заняло, аж мурашкі пабеглі пад кашулямі: постаці падышлі так блізка, што было чуваць, як цяжка сапе тоўсты дыхавічны Іван.
Алесь аж сеў на сухое як порах сена, і тое зашамацела, здавалася, вельмі гучна. Хаця б не пачулі тыя! І добра, што ў гэты момант загаварыў Ігнат.
— Тут-то нас ніхто не пачуе, — пачаў ён гучна. — А прыйшоў я вось чаго… У хлопцаў з таго берага недзе схавана вінтоўка і патроны… Шмат патронаў… Дык ты, будзь ласкаў, выведай як-небудзь — куды яны тое дабро схавалі, ды перахапі. Зыгмусь добра адмервае, не пашкадуе…
— Як жа ты ўведаеш, дзе схавалі,— буркнуў Ваўчок. — Не возьмеш жа іх загрудкі…
— Хітрасцю трэба. Сам прыдумай — як…
— А ты мне не загадвай! От вазьму ды незнарок прагаваруся, дзе не трэба, га? Ха-ха-ха!
— Не здзекуйся…
— А я магу!
— Ведаю, можаш… Мог, правільней. Цяпер запэцкаўся… Ды гэта загад, разумееш? Не мой, вядома, загад, а яго…
— Я яшчэ не запісаўся ў вашу банду, каб мне загадвалі. І не запішуся! Сваю долю забяру — і будзьце здаровы, я вас не ведаю, вы — мяне. Я чэсны чалавек…
— За долю плаціць трэба, адрабіць, калі ты такі ўжо чэсны чалавек…
— А харч, а вопратку, што насіў у капліцу — не работа? — павысіў голас Ваўчок.
— То ж я табе прыносіў — і кумпякі, якія ты, дарэчы, дзяліў… І сала, і бушлат… Сам у людзей краў, а табе даваў.
— І яшчэ дасі! Ты, брат, моцна ў маім кулаку сядзіш! — зноў зарагатаў Ваўчок. — Калі сям'ю маеш, то не збяжыш. Добра я цябе тады прыкмеціў, калі яшчэ Скуратовіч у Пабярэжжы баляваў, ты тады пры яго кані быў, халуём!
Нічога не адказаў на гэта Ігнат, толькі цяжка, са стогнам, уздыхнуў.
— Ладна, — нарэшце зноў падаў ён голас. — Паспрабуй выведаць у хлопцаў тое-сёе, паласкавей з імі будзь, не гыркай. Можа, які яшчэ і зяцем будзе…
— Дурань! Вярзеш абы-што…
— Табе ж на карысць, табе запішацца, а не мне. Хай з тваіх рук Зыгмусь зброю атрымае — от якая справа цяперака табе дадзена, калі ты ў наш хаўрус уступіў…
Яны яшчэ пагаварылі крыху ды разышліся. Ваўчок пайшоў дадому, а Ігнат — уніз, да рэчкі.
Хлопцы ж сядзелі, бы хто іх там прывязаў. Нечаканая навіна аглушыла іх, пазбавіла сілы: ворагі ведаюць, што ў іх ёсць вінтоўка. А гэта ўжо небяспечна…
— Мікола, чуеш, — ледзь не плачучы, пачаў Алесь. — Хто гэта сказаў Ігнату, што ў нас вінтоўка? Га?
— Каб жа я ведаў — хто? Можа, ты дзе прагаварыўся…
— Я? Ты што гэта?! Каб мне язык апух, калі я дзе што якое каму…
— Дык жа і не я. А хто тады?
Яны яшчэ пасядзелі крышачку, потым паволі вылезлі са свайго сховішча і крадком пакіравалі да хутара. Але не прайшлі і паловы дарогі, як заўважылі каля куста чорны сілуэт Ігната. На фоне зорнага неба ён выглядаў надзвычай высокім.
Яны спыніліся ў нерашучасці, аж прыгнуліся да зямлі: Ігнат стаяў якраз на іхняй дарозе, каля броду. Ці не заўважыў, часам, ён іх? Каго чакае?
— Падыдзіце, разведчыкі,— нечакана даволі гучна сказаў Ігнат, а хлопцам здалося, што голас яго скалануў паветра грамавым раскатам. — Не бойцеся… Мы ўжо тут з вамі сёння сустракаліся…
Яшчэ можна было ўцячы, і яны, схапіўшыся за рукі, хацелі кінуцца ў хмызняк, што густа рос каля ракі, як пачулі зусім ужо неверагоднае:
— Я вас пачуў яшчэ там, пад павеццю… Эх, гора-разведчыкі! Доўга я буду вас чакаць? У мяне і для вас ёсць загад, толькі ўжо ад Тупіка…
Мікола выпусціў Алесеву руку.
— Ты бяжы на хутар, а я падыду да яго! — рашуча сказаў ён. — Ігнат жа за намі не гоніцца, а з такімі нагамі мог бы дагнаць у два скачкі…
— Не, — запярэчыў Алесь. — Мы падыдзем удвух…
І яны паволі, зноў перасільваючы страх, паддаўшыся нейкаму незразумеламу інстынкту, пачалі набліжацца да Ігната, гатовыя ў любы момант ірвануць у кусты. Не дайшлі, можа, крокаў дзесяць, спыніліся, насцярожыліся.
— Усё падслухалі, жэўжыкі? — спытаў у іх Ігнат насмешліва. — Добра, што той Іван глухаваты, не ўчуў, як нехта з вас чмякнуўся на сена.
— Гэта я… сеў,— прызнаўся Алесь.
— Дык от што, блазнота, — ужо больш строга прамовіў Ігнат. — Больш туды не хадзіце, а то гэта стала вядома таму, каму не трэба ведаць… Так і да бяды недалёка… А пра вінтоўку мне Кузьміч сказаў. Былі вы ў яго? Гаварылі? То-та… Цяпер не апраўдвайцеся. Пайшлі от лепш да вас на хутар. У мяне важная справа ёсць…
— Не пойдзем! — адрэзаў Мікола. — Вы служыце бандыту Зыгмусю…
— І вы яму служыце, — сказаў на гэта Ігнат.
— Ніколі!
— Зыгмусь — гэта цяпер нуль, разумееце? Галоўнае цяперака знайсці сапраўдных бандытаў, тых, хто абрабаваў магазін, хто можа яшчэ натварыць бяды…
— А пра вінтоўку нашто вы сказалі Ваўчку? — пасмялеў, азваўся і Алесь.
— Каб яе, як і задумана, атрымаў Зыгмусь.