50195.fb2 Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

— І страляў у Тупіка? — усё больш злаваўся Мікола. Ён ніяк не мог зразумець — што Ігнат за чалавек і каму на самай справе ён служыць.

— Не стрэліць… калі вы мне яе цяперака на нейкі час дадзіце…

— Вы былі ў бандзе…

— Быў… Але гэта не вашага розуму справа! Хопіць, хлопцы! — нарэшце бы загадаў Ігнат. — Усё пра мяне вам раскажа сам Кузьміч, вы толькі папытайце…

— От як раскажа, тады і вінтоўку, — пачаў быў Мікола, але Ігнат яго перапыніў:

— Згодзен… Толькі з адной умовай.

— Якой? — спытаў Мікола.

— Каб пра нашу начную размову больш не ведала ні адна жывая душа, а то… кепска вам будзе, хлопчыкі…— У голасе Ігната пачуліся пагрозлівыя ноткі.— Зарубіце гэта сабе на носе, хлопчыкі…

Ён хістануўся і знік. Ды так раптоўна, што хлопцам падалося — праваліўся скрозь зямлю. Быццам і не было яго тут. Хлопцы яшчэ нейкі час пастаялі і пайшлі да броду, на хаду падкасваючы штаны.

— Вось бачыш, у якую гісторыю праз цябе мы ўліплі,— папракнуў сябра Мікола, калі яны перайшлі рэчку.

— Не толькі праз мяне: Ігнат засек нас яшчэ тады, калі сюды ішлі, каля рэчкі.

— Як засек?

— Чуў жа сам — мы сёння з вамі тут сустракаліся, — падрабляючыся пад грубы Ігнатаў голас, сказаў Алесь.

— Ага, хі-ітрушчы ён! — згадзіўся Мікола. — Вось і зразумей цяпер — каму ён служыць, нашым ці вашым…

— Ясна каму, калі ў Скуратовіча быў халуём…

— Так-то яно так, але…

— Ніякіх але… Бандыт ён!

— Пра яго ўсё нам раскажа Тупік, — нарэшце нібыта падвёў вынік гаворцы Мікола. — А цяпер пайшлі спаць, бо хутка пачне світаць…

Поўныя мноства супярэчлівых думак ад начных размоў, змораныя напружаным чаканнем і страхам, хлопцы заваліліся ў прыбудоўку на сена і адразу паснулі…

Складаная задача

Тупік ехаў на хутары з намерам распытаць у Мірона пра тых людзей, якія былі з Крывым Панасам, і заадно пагаварыць з хлопцамі, зрабіць тое, што задумаў: «узброіць» Зыгмуся, каб той сам папаўся са зброяй… Узяць самога Панаса цяпер нельга: яго хаўруснікі, чаго добрага, сапраўды папаляць хутары ды пазбягаюць, лаві пасля іх. Браць — дык усіх разам, і ў гэтым яму дапаможа Зыгмусь — рана ці позна, а бандзюкі згуртуюцца вакол яго, нездарма ж ён так настойліва шукае сабе хаўруснікаў. Ваўчка, гэтага хціўцу, жмота, ужо завербаваў, паабяцаўшы яму добрую плату. А чым жа будзе плаціць? Казаў — золатам. Няўжо і сапраўды ён ведае, дзе стары Гурэцкі схаваў сваё дабро? Па гэтай прычыне Зыгмуся таксама браць нельга, трэба выведаць усё, авалодаць скарбам, калі ён сапраўды існуе, і тады ўжо арыштаваць усіх. У гэтым яму паабяцалі дапамогу ў раёне.

Дзень выдаўся цёплы, пагодлівы. Белыя хмурынкі, здавалася, нерухома павіслі ў высокім паднябессі, і адтуль, з вышыні, ледзь чутна далятаў падобны на свіст крык арла-белахвосціка. Яны даўно, з незапамятнага часу, гняздзяцца ў Замашанскім лесе, які цягнецца ўздоўж ракі Бярозы на дзесяткі кіламетраў, у лесе, дзе побач са звонкімі барамі на ўзгорках суседнічаюць нізіны, зарослыя таўшчэзнымі, у тры абхваты, прыгажунямі елкамі. Глянеш угору на такую — сапраўды шапка валіцца: некаторыя вымахваюць вышэй самай гонкай выносістай сасны.

І хоць ведае Тупік, што ў Зыгмуся ніякай зброі няма, а страшнавата ўсё ж. Узіраецца ён у дарогу, глядзіць па баках, прыслухоўваецца — вусцішна. «Трэба будзе забраць Гэльку, — думаецца Кузьмічу, — небяспечна ўсё ж хадзіць ёй па гэтай дарозе, дзе самому, узброенаму, страшнавата…»

Нарэшце выехаў на поле, з правага боку якога адкрыліся могілкі. Тупік зірнуў у іх цёмную глыбіню і зноў аж уздрыгануўся, хапіўся за наган: яму здалося, што хтосьці мільгануў там, цень нейкі. Ага, вунь ён, той цень, схаваўся ў кустоўі і пазірае сюды, ні зварухнецца… То дзікая казуля, лясная прыгажуня. «Ваўкоў тут зімою аблажылі, аж шасцярых забілі,— прыгадалася Тупіку. — Забяру ўсё ж маю Гэлечку, як толькі яна па гэтай дарозе ходзіць! Дзяўчына ўсё ж… Ды і людзі гавораць, і сама яна апошнім часам нешта саромеецца падыходзіць да мяне… Распішамся ў сельсавеце — і ўсё!»

З такімі думкамі Тупік мінуў могілкі і праз негусты хмызняк выехаў да хутара Гурэцкага. Спыніў каня на ўзмежку жытнёвага поля і акінуў позіркам далягляд. «Знесці ўсё гэта! Каб і знаку не засталося. Альбо калгасны статак сюды перавесці, у абору. Хутар Красоўскага — пад школу! Так і далажу ў раёне. Няма чаго таму Ваўчку хутарское карэнне пускаць… Кулак знайшоўся! Спярша за золата вылюдкам паслужыць, а там, глядзіш, і сам перародзіцца ў вылюдка…»

Вось і першы хутар, Зыгмусеў засценак. Прывязаў каня да грушы, што расла пры веснічках з астаткам плота, і толькі наважыўся ісці ў хату, як з прыбудоўкі, абвешаныя сенам, высунуліся заспаныя хлопцы.

— Ці не спалі вы, брацішкі, так позна? — усміхнуўся Кузьміч, усоўваючы бізун у халяву бота. — І не сорамна вам? Ай-я-яй… Так і сусветную рэвалюцыю праспаць можна.

— А мы толькі пад раніцу ляглі,— адразу апраўдаўся Алесь, абтрасаючы рукамі сена з кудлатай галавы.

— Чаму ж так позна?

— Была тут адна работка, — ужо зірнуўшы на Міколу, цішэй сказаў ён. Хлопцы наблізіліся да Тупіка, спыніліся.

— І якое ж гэта дзела? А можа, сакрэт?

— Не, не сакрэт, — раптам Мікола, чаго раней за ім не назіралася, выйшаў наперад, дадаў дзелавіта: — Мы сачылі за доўгім Ігнатам. Ведаеце такога?

— А-а, вось яно што! — Кузьміч паківаў галавою і насмешліва зірнуў на хлопцаў.— Ведаю, як вы кажаце, доўгага Ігната. І даўно…

— Дык раскажыце нам пра яго, — папрасіў Мікола, — а то нешта мы нічога не разумеем — наш ён ці не наш…

— Ну што ж… — Кузьміч азірнуўся наўкола, каб упэўніцца, што іх ніхто не падслухоўвае, і ўжо цішэй сказаў: — Баяцца яго не трэба. І сачыць за ім няварта…

— А чаму? — спытаў Мікола.

— Хутка самі зразумееце…

— Ён ведае, дзе хаваецца Зыгмусь, ходзіць да яго, — уставіў сваё слова і Алесь.

— І я ведаю. Ды і вы, думаю, таксама здагадваецеся… Гэтак я кажу?

— Не зусім, — пакруціў галавою Мікола. — У каплічку, пэўна, ходзіць, бо Ваўчок туды яму розны харч носіць, а вось дзе ён спіць… Можа, у Мокрым Лозе?

— Вось бачыце! — весела сказаў Тупік. — Зыгмусь у нас тут ходзіць навідавоку, нідзе не дзенецца… — Раптам ён звёў светлыя бровы, пасур'ёзнеў.— Толькі помніце — Зыгмусь класавы вораг, ён здольны на любое злачынства. Таму перш за ўсё нам трэба яго абяззброіць…

— Даць нашу вінтоўку? — з'едліва і хітра спытаў Алесь.

— Вось іменна! Будзе бяда, калі ён знойдзе якую іншую, а не вашу… А каб вінтоўка не стрэліла, вы зараз збегаеце да млына і прынясеце яе мне… паглядзець… Зараз жа, — паўтарыў міліцыянер.

— Ды мы збегаем! — гатовы сарвацца з месца, выгукнуў Алесь, але Мікола, як было бачна, не спяшаўся.

— Скажыце, — зірнуў ён на Тупіка дапытліва. — Ігнат — ваш памочнік? Мне думаецца…

— Пра гэта ніхто не павінен ведаць! — перапыніў яго Тупік і дадаў, бы адрэзаў: — Ніхто!

— А ў бандзе Скуратовіча…

— Я раскажу вам пасля! — Тупік перапыніў Міколу і паказаў на млын. — Бяжыце туды і прынясіце вінтоўку. Патроны не бярыце, пасля…

Хлопцы пабеглі, а Тупік зайшоў у хату.

Ёмка ўсеўшыся каля акна, Мірон падплятаў пяньковай аборынай лапаць. Убачыўшы міліцыянера, ён адразу адклаў сваю работу і ўстаў насустрач, працягнуўшы малую хударлявую руку.

— Маё шанаванне, Кузьміч! Якім ветрам прыгнала? Можа, што яшчэ здарылася? — загаварыў Мірон, дапытліва пазіраючы міліцыянеру ў вочы.