50195.fb2
— Барокацца мы не будзем, — зразумеўшы, куды хіліць Анюта, Мікола, не падымаючыся, пачаў збіраць кнігі.— Ды гэта і не так важна — хто дужэйшы…
— Я пажартавала, — залілася яшчэ большай чырванню Анюта: да яе дайшло, што Мікола мог пакрыўдзіцца, ён меншы ростам і да таго ж худы. Вядома, якое там можа быць параўнанне з Алесем. Прысела да Міколы, быццам паглядзець на кнігі, перавяла гаворку. — Вам во колькі даў, а мне дык не дазваляе і ў рукі ўзяць.
— А ты да нас прыходзь чытаць! — узрадаваўшыся выпадку запрасіць Анюту, сказаў Мікола і паглядзеў на яе ва ўпор сваімі добрымі карымі вачамі.
Яна ўзяла ў рукі адну кнігу ў зялёнай вокладцы з чорнымі літарамі, разгарнула яе і прачытала:
— Бальзак. «Евгения Гранде»… у перакладзе Дастаеўскага, год тысяча восемсот сорак чацвёрты… — Уздыхнула, дадала: — Ды такую кнігу прачытаць — тры дні мала. А ты кажаш — прыходзь. Некалі мне. Можа, узімку хіба… Ну дык я пайшла…
— А мы бачылі таго, хто да вас прыходзіць ноччу, — каб хоць на які час затрымаць Анюту, пахваліўся Алесь. — Нават гаварылі з ім доўга…
— Хто ён? — спытала Анюта і запытальна зірнула на Міколу, які выпусціў з рук кнігі і цяпер стаяў насупраць яе і, зачараваны яе прыгажосцю, толькі лыпаў вачамі.— Хто ён? — паўтарыла яна пытанне.
Мікола адвёў позірк, ціха прамовіў:
— Баяцца яго няварта, і шкадаваць — таксама. Разумееш? Не баіцца ён вашага Ваўчка, а што ходзіць ды тое-сёе носіць — так трэба. Пасля пра ўсё раскажам, — баючыся, што Алесь яшчэ што лішняе скажа, дадаў: — Больш нічога не пытай. Так трэба.
— Ага, — выдыхнула Анюта. — І вінтоўку далі — так трэба. Хай застрэліць каго… той Зыгмусь.
— Не застрэліць, Анюта, — сказаў Мікола.
— Аню-юта-а! — пачулася ад хутара непрыемна-хрыпатае, і яна аж уздрыганулася.
— Во — на хвіліну адысці нельга, роб яму толькі і роб, як той вол…
— Нічога… Мне думаецца, нядоўга ўжо яму камандаваць табой, — сказаў Мікола, каб толькі суцешыць Анюту, бо ён і сам яшчэ нічога пэўнага не ведаў.
Калі Анюта адышлася ўжо даволі далёка, Алесь сказаў з уздыхам:
— І скарэй бы ўжо таго Ваўчка за жабры ўзялі… Мне так шкада Анюту…
— Возьмуць, — не дужа ўпэўнена прамовіў Мікола, а сам падумаў, што Анюту яму таксама шкада, што чым мець такога бацьку — лепш ніякога, як у яго, Міколы.
Хлопцы падабралі свае кнігі і рушылі да броду.
Калінаўка — вёска невялікая, хат каля дваццаці, і стаяць яны каля самага балота, на выспе, абсаджанай векавымі дубамі. Хаты стаяць не ў рады, як усюды, а раскіданы па выспе — якая дзе, то купкамі, а то і паасобку.
Балота называецца Галым, яно не дужа вялікае, але такое тванкае, што людзі яго абыходзяць, бо журавіны і тыя там не растуць. Ці адну неасцярожную жывёліну ўжо засмактала балота, загубіла.
Улетку ў Калінаўцы на сонейку голы не пагрэешся: хмары машкары і камароў, ад якіх аж звініць паветра, не даюць спакою ні ўдзень ні ўночы. Адно збавенне, калі моцны вецер, а які тут, паміж лясоў і балот, вецер? Адным словам, глухмень несусветная. Тут узімку, у самую піліпаўку, ваўкі — не рэдкія госці. Бывае, як пачнуць выць на ўскраі балота, аж мурашы пад кашуляй забегаюць — жудасна робіцца, людзі з хат носа не выткнуць, сабакі і тыя заціхнуць, забіўшыся ў свае будкі-норы. Бывала, бралі ваўкі на вуліцы вёскі сабак…
Затое восенню, калі ападзе з дрэў лісце, вакол вёскі загараецца калінавы пажар. Калінавае кустоўе бы гарыць рубінавымі гронкамі буйных ягад, і здаецца, што гэтаму полымю няма канца-краю. Тады злятаюцца сюды баравыя птушкі на адкорм. Што за прыгожыя птахі! Чорныя, з сіневатым адлівам, з лірападобнымі хвастамі і белым падхвосцем цецерукі, бы прыбраныя на якое свята, злятаюцца сюды чародамі. А глушцы цёмна-шэрыя, з рыжаватымі хвастамі, вялізныя, больш метра ўдоўжкі, ды такія важкія, што сукі каліны аж гнуцца да зямлі, пад іх цяжарам. Паглядзець на такое — любата! Якое раздолле для паляўнічага! Ды толькі, як з'ехалі паны, паляўнічых, лічы, тут не засталося. Адзін Крывы Панас кожную восень ставіць сілкі на птушак і ловіць іх у тыя сілкі нямала.
Крывы Панас — чалавек-загадка для многіх, у тым ліку і для калінаўцаў. Пасяліўся ён тут даўнавата, як прыйшоў з «германскай», прыйшоў скалечаны. Спачатку кватараваў у старой Яўхіміхі, а як тая памерла, прысвоіў яе куточак, яе хатку на два акны, якая стаіць ад самага балота. Так, нідзе не працуючы, і пражыў тут. Гародчыка не меў, жывёлу ніякую не трымаў, хоць і стаяў побач з хатай нізенькі хляўчук, як і хатка, крыты кулявой саломай. Не было ў яго, як у іншых, ніякіх запасаў, нават дроў, і цягаў ён іх усю зіму на санках, накшталт развалак, якія сам зрабіў, з дабротнымі бярозавымі палазамі, лёгенькія, ёмкія. На іх Панас прывозіў з балота на тыдзень паліць у печы альховых сухастоін — за раз. Тыя сухастоіны ні сячы, ні піліць не трэба — піхнуў рукою, развагаў высокую і голую, як слуп, алешыну — і яна абрушыцца на зямлю кавалкамі, сухімі як порах…
Наогул, у балота Панас хадзіў амаль увесь год і зведаў усе выхады і праходы. Ён не толькі паляваў восенню на птушак, а яшчэ лавіў у празрыстай рачулцы, што працякала між балотам і вёскаю, дзіва-рыбу стронгу, з залацістымі зорачкамі па баках, якая называлася ў народзе царскаю. І калі Панас гатаваў з яе юшку — а гатаваў ён яе не інакш як на дварэ, дзе раскладаў між цаглін агеньчык, — то пах ад той юшкі разносіўся па ўсёй Калінаўцы.
— Божы чалавек сняданне гатуе, — гаварылі вяскоўцы пра Панаса. І гэта была нейкая праўда: жыў Панас, як думалі многія, выключна тым, што давала яму шчодрая прырода. Адно не маглі зразумець людзі — адкуль Панас бярэ грошы? А што яны ў яго вадзіліся, ад людзей не схаваеш. Калі ўсе на тым часе насілі лапці, Панас хадзіў у дабротных ялавых ботах, якія заўсёды тлуста мазаў дзёгцем, каб не намакалі. Для зімы меў і катанцы з галошамі, і аўчынны кажух, і ватовыя штаны. Ды і ў хатцы яго ложак быў не голы. Не, не голы быў бабыль Крывы Панас! І не галодны. Пагаварвалі некаторыя людзі, што ці раз бачылі ў яго хаціне нейкую маладую жанчыну, а вось хто яна, тая жанчына, ніяк угледзець не маглі: прыходзіла яна прыцемкам, а калі выходзіла — аднаму Панасу вядома. І ламалі людзі галовы, думаючы, а раўнівыя мужчыны яшчэ пільней сачылі за сваімі кабетамі. Апошнім часам, праўда, быццам нехта прасачыў, што сляды той жанчыны вядуць у Замошша, ды і жанчына быццам падобна на Куліну, таксама адзінокую. І хоць прыгажосцю бог яе пакрыўдзіў, але ж хто такі Крывы Панас! Бабыль-недарэка, ды і ці блізкі свет тое Замошша? Да той Куліны, казалі, сватаўся мясцовы каваль, чалавек яшчэ малады і дужы, як мядзведзь той, і якому Куліна адмовіла. Адным словам, адна толькі гаворка, а што было ў сапраўднасці, ніхто пэўнага нічога не ведаў, бо гэты «божы чалавек» быў не толькі загадкай, але і вялікай таямніцай. У яго былі як бы два жыцці: адно паўсядзённае, на людзях, і другое — скрытае ад людзей, жыццё, пра якое ніхто нават і не здагадваўся…
Ды кожная таямніца вечна існаваць не можа, рана ці позна тайнае становіцца яўным…
У гэты дзень — а ён быў якраз нядзельны — Панас прачнуўся позна: шнуры ставіў на стронгу і лёг запаўнач. Заварыў сушаны чабор, добра насаладзіў той вар і выпіў аж два фарфоравыя кубкі — з пячэннем ды абаранкамі, якія ніколі не зводзіліся ў Панаса, бо прыносіў ён тых абаранкаў з горада ледзь не мяхамі і падвешваў на печы да столі — і ад людскога вока падалей, і мышы не пашкодзяць. Выйшаў на падворак і ўбачыў, як ад дарогі, што вяла на Замошша, завярнуў да яго Ігнат. Ён добра ведаў Ігната, лічыў яго сваім чалавекам, але недалюбліваў, як і ўсіх, хто вельмі ўжо дасціпна суецца ў яго асабістае жыццё, а Ігнат апошнім часам нешта вельмі часта, трэба ці не трэба, завітвае да яго на хутарок.
Ігнат здаля памахаў шапкаю і, ветліва ўсміхаючыся, прыязна выгукнуў:
— Добрага здароўя, паважаны Панасе!
Панас махнуў здаравеннай рукою і незадаволена прабурчаў:
— Ат, якое там здароўе…
Потым паднёс ад хлеўчука дзве калодкі, якія там заўсёды стаялі, паставіў пасярод двара і сам сеў на адну. Ён не любіў запрашаць людзей у хату.
Калі госць таксама сеў, махаючы каля твару шапкаю — ці то ад спёкі, ці то ад камароў,— загаварыў нецярпліва:
— Кажы, гэна самае, чаго прыйшоў… Не камароў жа ганяць, пэўна…
— Не, вядома…
— Выкладвай, а то мне часу няма, трэба ісці шнуры праверыць. І так во заспаў, без абеду застануся…
— Па-першае, прывітанне табе ад Зыгмуся… Яшчэ больш незадаволена нахмурыўся Панас, злінялыя рыжыя бровы сышліся на пераноссі.
— Якая ад яго цяперака, былога пана, карысць, калі ён голы, той пан…
— Можа быць і карысць, і немалая, — загадкава ўхмыльнуўся Ігнат, надзяючы тую шэрую шапку, якой махаў, і шапка насунулася аж да адтапыраных малых вушэй. — Я ўведаў, што пан і не голы!
— Бач ты-ы! — ажывіўся Панас. — Ці не вярнулі яму былыя ўладанні?
— Не вярнулі… Але сынок Гурэцкага мае план, у якім паказана месца, дзе захавана золата…
— Бач ты-ы! Золата! — усё яшчэ не даваў веры Панас. — І шмат у яго таго металу?
— Ды, відаць, нямала… Толькі вось бяда: план той зашыфраваны, па ім, акрамя гаспадара, ніхто таго скарбу не знойдзе…
Было бачна, як замкнёны і нахмураны Панасаў твар спакваля дабрэе, бялявыя вочы ажываюць.
— Хм-м… Золата яно і ёсць золата, за яго, вуньдзіка, у Таргсіне што хочаш можна купіць.
— Вось-вось, — падбадзёрваў яго Ігнат.
— Праўда, багаты быў стары Гурэцкі, не забраў жа ён, гэна самае, сваё дабро ў высылку… Гм-м… А як жа да таго Зыгмуся падступіцца? Кокнуць хіба? Усё роўна ніхто шукаць не будзе…
— Не тое гаворыш… Людзей ён набірае.
— У банду?! — Панас рэзка крутнуў галавою. — Не! Раней не хадзіў да Скуратовіча, а цяпер і падаўну не пайду. Поняў? І не агітуй…