50195.fb2
— Поняў,— кіўнуў кудлатай галавою Панас.
— Тады прыходзь заўтра, як звечарэе, у Мокры Лог. А гэта… — ён пакорпаўся ў бакавой кішэні пінжака і дастаў адтуль залаты кішэнны гадзіннік на важкім сярэбраным ланцужку. — Гэта задатак табе.
— Чаму так гарыць? Не люблю я пачынаць справу ў панядзелак… — беручы той задатак асцярожненька, бы ён быў са шкла, гаварыў Панас.
— Куй жалеза, пакуль гарачае… Гэта ж табе не краму абабраць! — адказаў на заўвагу Ігнат і пільна паглядзеў на Панаса. Ніводная жылка не здрыганулася на яго шэрым, пабітым воспінамі тварымасцы. Схаваўшы гадзіннік у кішэню штаноў, спытаў сваім хрыпатым голасам:
— Адкуль уведаў?
— Ад хаўруснікаў…
— Якіх? — каб упэўніцца, ці праўда гэта, спытаў Панас і ва ўпор зірнуў на субяседніка.
— Залатых, — намякаў Ігнат і паляпаў сабе па галаве. — Ведаеш такіх?
— З імі не быў і нічога не браў… От знайдзі ў мяне што! — павысіў голас Крывы Панас.
— Які ж гэта дурань дабро хавае дома… У мяне ты таксама дома нічога не знойдзеш…
— У цябе і дома свайго нямашака, поняў? Жывеш у калгаснай канторы, рахуеш там іхнія прыбыткі — эх-хе-хе-хе! — засмяяўся Панас. — Заробкі…
— А што… Па сёлетняму ўраджаю кіло па тры збажыны атрымаюць на працадзень. Ды бульбы — не менш як па сем…
— Хітры ты чалавек, Ігнат… Хітры і спрытны.
У бандзе быў — і як з гуся вада. У канторы працуеш… А муціць ваду не перастаеш…
— А хіба ты Скуратовічу не служыў? Хіба ў разведку на станцыю, як вайскоўцы прыехалі, не хадзіў? Га? Хто першы Скуратовічу тыя звесткі прынёс?
— Прымушаў ён мяне.
— Прымуша-аў! — махнуў рукою Ігнат. — Каб не быў такі крывабокі, то пайшоў бы з намі як міленькі… Як бачыш, і ты запэцканы, не чысценькі. Скажы от — дзе дабро хаваеш? Каму яго збываеш?
— Многае ведаць хочаш… Сваё дабро лічы! «Значыць, у самую кропку! Залатыя яго хаўруснікі па бандыцкіх налётах — факт. «Залатыя» — у іх і мянушка такая. Дык вось дзе вы аказаліся, галубчыкі-рабаўнікі, аж з-пад Слуцка сюды прыджгалі…» — падумаў Ігнат і ўстаў.
— Так і дамовіліся — збор заўтра ў Мокрым Лозе каля валуна. Без ніякіх цырымоній…
— Падумаю, ці вартая гульня, — дзеля прыліку паламаўся Крывы Панас.
— Вартая. Нам бы толькі скарб яго падзяліць, а там — каціся к чортавай мацеры.
— Добра, — глуха вымавіў Панас. — Чакайце.
І калі госць пайшоў, ён дастаў з кішэні гадзіннік, пстрыкнуў вечкам, прыклаў да вуха і нейкі час з задаволенай усмешкай слухаў звонкае ціканне.
— Я вам падзялю той скарб! — сказаў загадкава. Паклаў гадзіннік назад у кішэню, зайшоў у хату і неўзабаве зноў выйшаў, апрануты ў пінжак, пры шапцы-аблавушцы, якую насіў і зімою і летам. Заціснуў пад рэмень невялічкую сякерку — ён заўсёды браў яе з сабою, калі куды ішоў,— і пакіраваў на сцежку, якая вяла да рачулкі.
Толькі ішоў ён туды не рыбу здымаць, ішоў на сваё запаветнае месца ў балоце, месца, якое ахоўваў, якому ўжо колькі год маліўся.
Вось мінуў па кладцы — зваленай алешыне — рачулку, вось ужо схаваўся ў густым хмызняку і па аднаму яму вядомай сцяжыне выйшаў на невялічкі востраў сярод балота, парослы высокімі і тоўстымі, як гмахі-дамы, елкамі. Яны раслі так густа, што закрывалі лапамі-галінамі сонца, і ўнізе панаваў паўзмрок. І сярод гэтага ельніку, добра замаскіраваная ад чужога вока, скрытая маладым шчэццем-ельнічкам, была зямлянка. Над ёй таксама рос ельнік, а ўваход у яе быў завалены ламаччам.
Панас адкінуў ламачча і па нейкіх сходачках апусціўся ў падзямелле, чыргануў запальнічкай і паднёс яе да свечкі, якая стаяла на скрынцы каля самага ўваходу, — цьмянае святло разлілося па змрочным сутарэнні, але Панас упэўнена падышоў да процілеглай сцяны зямлянкі, адчыніў дзверцы нейкай шафкі, што вісела пры сцяне, і агледзеў свой скарб. Усё было на месцы: і сярэбраны посуд, і залатыя бранзалеты з дарагімі каменьчыкамі. Асобна ляжалі грошы. Ён паклаў туды залаты гадзіннік і ўзяў дзесяцірублёвую паперку…
На нейкіх нарах уздоўж сцен, складзеных з бярвення, грудамі ляжалі боты, адзежа, коўдры. І асобна, у куце — некалькі скруткаў матэрыялу, дарагога і таннага, рознага колеру. Тут, у зямлянцы, было яго другое жыццё, жыццё бандыта і рабаўніка, хцівага і сквапнага, які марыў разбагацець на чужым, разбагацець так, каб пасля жыць у вялікім горадзе без турбот і клопатаў, жыць выключна для сябе, як вучыў яго колісь бацька, былы кат палітзняволеных, заядлы турэмшчык, які абіраў сваіх няшчасных да ніткі, паручнік па званню і злодзей па прызванню, Зюзін. Паручнік ужо склаў сваю галаву, а вось сынок, затаіўшы злосць на ўсё новае, народнае, вырашыў здзейсніць бацькаў нядобры запавет і стаў на дарожку гвалту і рабаўніцтва. Усё гэтае багацце, што захавана пад зямлёю, — чыесьці смерць і слёзы, чыёсьці вялікае гора…
Ды як бы той вяровачцы ні віцца, а канец рана ці позна будзе…
І калі, прыгадаўшы лаўжом ламачча ўваход у падзямелле, Крывы Панас пайшоў сваёй сцяжынкаю назад, у вёску, з іншага боку вострава, з-за тоўстай елкі, выйшаў другі чалавек і накіраваўся да шчэці-ельнічку. Гэта быў доўгі Ігнат… Ён праводзіў сакрэтную аперацыю «Залаты гадзіннік»…
З самай раніцы, ледзь развіднела, хлопцы рэзалі дровы. Яшчэ ўчора яны прыцягнулі з балотца дзесяткі два маладых бярозак і алешын. Цяпер вось пілуюць і адразу складаюць, — шурка расце ўвачавідкі. Праца гэтая нялёгкая, але ўдзячная: узімку сухія дровы — шчасце, не тое што з пня ды ў печ. Пішчаць, трашчаць, а цяпла ніякага…
Малы Пеця таксама пры справе — павёў пасвіць карову на повадзе, бо сівая так прэцца ў калгасны авёс, што вартаўнік на кані і то ледзь выгнаў яе са шкоды і ўжо, можа, у дзесяты раз гразіўся штрафам.
Жанчыны абганялі бульбу — два ўчасткі,— а Мірон ужо недзе на калгасным лузе. Пакуль стаіць спёка, трэба скасіць усе паплавы, тады хопіць сена і калгасу, і дастанецца яго сівой рагулі. У самы прыпар грэх сядзець дома. А працаваць «у грамадзе» Мірон любіць.
Калі хлопцы ўжо канчалі апошнюю бярэзіну, то ўбачылі, што да іх з клуначкам і граблямі ідзе Анюта. Абодва адразу насцярожыліся, бо ведалі, што так сабе яна не прыйдзе. Адно іх бянтэжыла — навошта Анюта ўзяла граблі.
— Уй-ю-юй, колькі ўжо напілавалі, - замест прывітання здзівілася яна ўвішнай працы хлопцаў і дзелавіта, са спачуваннем дадала: — А трэба ж яшчэ і на сена ісці. Пікулік аб'явіў збор, усе піянеры і школьнікі павінны быць сёння ў дзесяць гадзін на поплаве каля Прорвы, памагаць калгаснікам сена варочаць… Вось цётка Гэлька запіску ад настаўніка прынесла, глядзіце, калі не верыце…
Яна падала хлопцам кароценькую пісульку ад настаўніка і чакала, пакуль яны чыталі, схіліўшы галовы — чорную, з ледзь прыкметнымі кучарамі, і аўсяную, з простымі, раскіданымі абапал валасамі.
— От здорава! — сказаў Мікола. — Мы яму раскажам пра кнігі, хай адбярэ якія…
— Толькі не ўсе, — запярэчыў Алесь, — танейшыя пакінем сабе чытаць, а то як расхопяць, не дастанецца…
— Добра, добра, — перапыніў яго Мікола. — Дык чаго ж мы стаім? Ужо, напэўна, позна…
— Яшчэ толькі дзевяць, — сказала Анюта, бо ў іх дома быў гадзіннік, зялёныя ходзікі з адною гіраю. — І яшчэ… — яна паказала на клуначак. — Вазьміце што з сабой перакусіць, а то будзем да вечара.
— А што ж нам узяць? — паглядзеў Алесь на Міколу, як бы пытаючы ў яго. — Апроч малака, нічога няма.
— А праснак, а цукар! — адразу пачаў пералічваць Мікола, зусім не падумаўшы пра тое, што цукар ён пакідаў толькі Сняжку, і нікому больш. Сказаў, вядома, каб даказаць, што і ў яго ёсць што браць з сабою.
— А я от скварку ўзяла! — пахвалілася Анюта. — Я вам дам скрылёк сала, а вы мне — драбок цукру. Згода?
— Згода, — адказаў Мікола. — А праснак мяккі, на сыроватцы, што булка…
Ні Міроніха, ні Мар'я хлопцаў не затрымлівалі, бо ведалі, што трэба. Жывуць жа яны ў калгасных хатах, карыстаюцца калгаснай зямлёю…
Так што неўзабаве ўсе трое — хлопцы пабралі замест грабель арэхавыя кіі — рушылі на поплаў, які ад хутароў быў не так ужо і далёка, калі ісці напрасткі, уздоўж Казы.
Па дарозе Анюта расказала, што яе айчым адпіліў напільнікам у вінтоўкі рулю і ўкараціў прыклад. Усё гэта яна бачыла праз шчыліну ў дзвярах каморкі.
— Абрэз зрабіў,— заўважыў Мікола. — Бандыцкая зброя… Толькі дарэмна ён стараецца.
— А мне дык страшна, — прызналася Анюта. — Ён стаў такі звераваты, што слова не скажы…