50195.fb2 Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 21

Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 21

Ігнат расказаў Тупіку пра аперацыю з гадзіннікам.

— Сквапнасць завяла яго ў сваё логава! — закончыў расказ Ігнат. — Цяпер застаецца толькі знайсці сляды ўцекачоў, і таму я не затрымліваюся тут, Валодзя. Іду на хутары…

— Ідзі, браце… Уся надзея на цябе. Не выпусціць бы іх куды далей.

— От жа яно што… І браць пакуль рана.

— Гэты пракляты скарб! — зноў зазлаваў Тупік. — Можа, яго і няма, можа, той Зыгмусь толькі шальмуе, каб памагалі яму? От жа ж каб ведаць…

— Уведаем. Не пазней як заўтра…

Ігнат зноў рушыў у дарогу. Становішча склалася надзвычай небяспечнае. Калі ўцекачы наогул знікнуць з раёна, то давядзецца абодвум адказваць за ўсё адразу: і за тое, што своечасова не ўзялі Зыгмуся, спадзеючыся на нейкі скарб; і за тое, што не ўсё дабро будзе вернута ў магазін; і за тое, што своечасова не выявілі бандытаў. І таму Ігнат спяшаўся. Трэба прыперці Зыгмуся, прымусіць нарэшце ўсё расказаць пра скарб. А спярша парадаваць яго абрэзам і патронамі. Усё гэта дасць яму — з рук у рукі — не сам Ігнат, а Ваўчок. Іменна — Ваўчок! З яго ўчэпістых рук нічога за абяцанкі не возьмеш. Той адразу ж патрабуе платы. Што на гэта адкажа Зыгмусь?

«Цяпер ён можа быць у Мокрым Лозе», — зірнуўшы на сонца, падумаў Ігнат і адразу змяніў кірунак — на хутары. Дарога павяла ў бор, да таго знаёмы і ціхі, што паспакайнела на душы, з'явілася нейкая ўпэўненасць на ўдачу, за якой Ігнат ганяецца вось ужо колькі часу і якая так упарта не даецца ў рукі.

Колькі ж год ён гуляе ў небяспечную гульню? Колькі год ён уціраецца ў бандыцкія гнёзды, у давер, адшуквае і ашуквае розных нягоднікаў, выдае сябе не за таго, хто ёсць. О, каб ведалі яго ворагі, хто ён на самай справе! Яны б спапялілі яго на месцы!

Восем год мінула з таго часу, як атрымаў першае заданне — прабрацца ў банду Скуратовіча. Нялёгкае гэта было заданне, так проста вось не прыйдзеш і не скажаш — вазьмі мяне ў банду. Трэба было прыдумаць цэлы шэраг планаў, а прыдаўся толькі адзін…

Як жа гэта было?

Стаяла змрочная, з дажджамі і снегам восень, якраз у той час, калі зіма сустракалася з ёй, калі ў лесе ўжо не так утульна, як летам, і банда Скуратовіча, раскінуўшы пасты, атабарылася ў Калінаўцы. Доўга і карпатліва вывучаў Ігнат доступы да пастоў. І вось аднойчы перад самым дальнім пастом з'явіўся ўзброены коннік. Ён імчаў на ўспененым кані па лясной дарозе, час ад часу ўскідваў наган і страляў. За ім гналіся яшчэ два коннікі. Былі яны ў міліцэйскай форме, пры шаблях і карабінах. Іх стрэлы бухалі, бы мінамёты, і рэха кацілася па балоце грымотнымі хвалямі.

— Сто-ой! — выскачыў наперарэз конніку адзін з бандытаў.— Хто такі? Рукі ўгору!..

У той час, калі па міліцыянерах затухкаў кулямёт, калі тыя павярнулі коней і зніклі ў лесе, Ігната ледзь жывога знялі з каня: ён быў паранены ў левае плячо і кроў ужо выступіла на ватоўцы…

Пакуль Ігната абшукалі, адабралі ўсё багацце, пад'ехалі яшчэ коннікі з банды, і сярод іх — сам атаман Скуратовіч.

— Во, злавілі бандзюгу, — паказаў на Ігната абразанкай адзін «скурат», як называлі сапраўдных бандытаў вясковыя людзі.— Пры золаце быў… Гадзіннічкі, калечкі… І паранены ў плечкі! — жартаўліва зрыфмаваў той.

«Здаецца, яны тады рагаталі,— успомнілася Ігнату. — А як іхны «дохтар» рабіў перавязку, то ўсумніўся быў, што з такой нязначнай раны ды выцекла столькі крыві…» Аднак усё абышлося, яго палічылі за звычайнага злодзея, за якім гналася міліцыя, і прынялі ў банду. Вось што значыць «сапраўдная» рана! Для справы і боль — не боль…

Потым, калі Скуратовіча разбілі, Ігнат далучыўся да барысаўскіх мяцежнікаў, дазнаўся пра час і месца выступлення, і мяцеж праваліўся…

Пазней — тры дні сядзеў у балоце, чакаючы сустрэчы з былым афіцэрам, які спадзяваўся з яго дапамогай сабраць новую банду. Дачакаўся. Афіцэрыка ўзялі — на тым, здавалася, і справам канец. Дык жа не! Новае смецце ўсплыло на паверхню. Паспрабуй цяпер збяры яго ў адно месца ды знішчы, калі яно вунь як расплылося…

Так, час быў хоць і не ранейшы, законнасць набрала сілу, але ўсялякіх «дэкласіраваных элементаў», як называў іх Тупік, яшчэ хапала, яшчэ шмат дзе па хутарах і малых вёсках хаваліся розныя «былыя» — усялякія нягоднікі, хаваліся ад суда і следства. У сляпой злосці яны яшчэ прыносілі нямала шкоды, а то і гора-бяды простым сумленным людзям. Тых нягоднікаў трэба вынішчыць дазвання! Толькі тады можна будзе жыць спакойна…

Так за ўспамінамі, за развагамі Ігнат і не прыкмеціў, як яго ногі-хадулі прынеслі на хутар Красоўскага. Ды не пашанцавала: гаспадара дома не было. Ігната сустрэла Іванава жонка, Кацярына.

— Пасядзіце вось тут, у цяньку, — падставіла яна невялічкі зэдлік у бэзавую засень каля акна. — Іван скора будзе.

Ігнат як сеў на той зэдлік, дык нібы склаўся ўдвая — калені выпіралі ледзь не да падбародка.

— Дзе ж яго носіць? — спытаў госць, аглядаючы зялёны падворак, агарод, дзе асабліва прыкметна буяла гарохавінне, тырчалі кіі сланечніку.

— А ён мне ніколі не кажа, куды ідзе… От так іншы раз гукаеш-гукаеш, а таго Івана і след прастыў. Толькі ж от быў чалавек, а тут і нямашака…

— Яму цяпера дзялоў хапае, — у роздуме сказаў Ігнат, дастаў з кішэні дабротнага вайсковага фрэнча капшук і пачаў круціць цыгарку. На ім былі сінія дыяганалевыя галіфэ і шыкоўныя, наваксаваныя да бляску, ялавыя боты.

«Усе яны, каторыя начамі валэндаюцца, добра ходзяць», — адзначыла сабе Кацярына. Яна ведала, што калгасны рахункавод наведваецца да іх, баючыся Ваўчка, які вымагае ў яго то якую апранаху, то сала, то яшчэ што з харчу, частка якога іншы раз трапляла і на агульны стол. І той носіць усё пакорліва і акуратна. Толькі вось апошнім часам нешта нічога не прыносіць. Ды і ў гаворцы яго з'явіліся загадныя ноткі. «Мусіць, сам Іван ужо заблытаўся ў тое павуцінне, калі гэты пасмялеў», — часта пазіраючы на госця, думала Кацярына і ніколечкі не шкадавала свайго мужа, калі той і сапраўды трапіць у якую бяду. Яна адчула душою, жаночым сэрцам, што зладжанага сямейнага жыцця ў іх не атрымаецца, што рана ці позна Іван кіне яе. Дык няхай яго самога лепш куды забяруць, без яе помачы. А што гэтым скончыцца, яна не сумнявалася, асабліва пасля таго, як дачка паведаміла, што бачыла ў яго абрэз і патроны. «Гэлечка, — сказала тады сястры, — заяві там міліцыянеру, а то ён, гэты ірад, і нас загубіць».

«Не бойся, Каця, міліцыянер нас у бядзе не пакіне, — толькі і сказала Гэлька. — Памаўчы пакуль ды пацярпі…»

Вось і маўчыць Кацярына, выганяе курыцу з град і ўсё назірае за Ігнатам. І думаецца ёй чамусьці, што наогул нядоўга ўжо ёй жыць тут, на хутары, далёка ад людзей. І хутара не шкадуе Кацярына. Якое тут жыццё? Вунь — з васьмі курак, якіх прывезлі з сабою, засталося толькі тры, ды і гэтыя немаведама ці пералетуюць: калі панадзіўся ліс, то ўжо не ўпільнуеш яго, усіх перацягае. Ад каршуна яшчэ можна ўберагчы, ад ліса ж — ніяк. Яго ўначы сцеражэш, а ён удзень, з-пад рук ухопіць. «Ды ў вёсцы яно і весялей жыць, — думаецца Кацярыне. — Як перабярэцца Гэлька да Тупіка, то паедзем і мы з Анютай, а то хоць воўкам вый тут…»

З жыта — з поўным мехам за плячамі — высунуўся Ваўчок, туд-сюд азірнуўся і бегма пад павець. Уціснуў мех у сена, заклаў яго акуратна, а потым ужо спакваля падышоў да Ігната, які курыў і маўчаў.

— Ну? — уставіўся на яго Іван, нават не прывітаўшыся. Рукі ў бокі, быццам падрыхтаваўся да бойкі.— З чым прыйшоў, Гнат? — ён яго заўсёды гэтак называў — Гнат.

— Не з калгаснымі каласамі ж, як ты…

— Дужа здагадлівы. То трава.

— Траву ў мяхах не носяць. От засякуць — то адразу і пад суд пойдзеш. Адхопіш сабе тэрмін ні за што… Ды і які з яго, васкавога зерня, наедак?

— Напарыш, дык парсюк аж цёпкае! — засмяяўся Іван. — Расце як на дражджах… — Ён прысеў на кукішкі, потым устаў, узяў калодку, на якой кляпаў касу, перавярнуў яе бабкай уніз і для трываласці ўвагнаў бабку ў зямлю. — Скажы от… — зноў узняў малыя вочкі-бураўчыкі.— У Зыгмуся быў?

— Быў…

— Дык гэта… можа, ужо ёсць у яго чым заплаціць за пушку? Я за так сабе, за дзякуй не аддам, — сказаў, сядаючы.

— От сам і запытаеш. Заўтра, як звечарэе, недзе гадзін у дзесяць, збор у нас…

— Дзе?

— У Мокрым Лозе, ля валуна.

— Хто яшчэ будзе?

Ігнат адказаў не адразу. Ён сам хацеў дазнацца — ці ведае Іван, жывучы на хутары, што Смольскія ўцяклі? Ці не заходзілі яны часам да яго?

— Будуць, — сказаў абыякава.

— А хто, хто? — аж падаўся наперад Іван.

— Крывы Панас…

— А яшчэ?

Па тым, як настойліва дапытваў Іван, было ясна, што ён чакае пачуць новыя імёны. І адважыўся сказаць тое, чаго і сам яшчэ не ведаў.

— Смольскія будуць, — і пільна паглядзеў на Ваўчка.

— Ага, — як уздыхнуў той. — Значыцца, і яны туды ж… От бы… усіх вас там ды накрыць! — дзіка бліснуў вачамі, зарагатаў, і у тым рогаце Ігнату пачулася жаданне Ваўчка — накрыць усіх! Тоўстыя няголеныя шчокі акругліліся, пабраліся «вожыкамі».

— Накрыць, кажаш? Каб скарыстаць іхняе дабро? — імгненна, не даючы Івану апамятацца, спытаў Ігнат.